Але наступны панядзелак пачаўся зусім не так, як планаваў Анатоль Раковіч. Прачнуўся, як звычайна, а палове шостай — улетку падымаўся а пятай. Зімой даваў сабе паслабку. Мог і жонку прылашчыць, але ў панядзелак гэтым не займаўся — такую работу лепей рабіць пад выхадны, каб потым добра выспацца. Набрацца новых сіл.
Як заўсёды, па даўняй звычц,ы выканаў некалькі няхітрых практыкаванняў. Пацёр вушы, каб ажывіць мозг. Напаследак разоў дзесяць прысеў. Адчуў, што спіна ўгрэлася, цела ўзбадзёрылася. Пасля гэтага — душ. Варанае яйка, пару кубачкаў моцнага чаю і ён гатовы актыўн, мэтанакіравана распачаць працоўны тыдзень. Чай гатавала жонка. Яна працавала ў школе. На заняткі ёй к дзевяці — мела час выправіць мужа на работу, а потым сабраць на заняткі дзяцей.
Усё было, як звычайна раніцою. І раптам Анатоль Раковіч пачуў радыё: у Белавежскай пушчы падпісаны Дагавор паміж Расіяй, Украінай і Беларуссю… Разанула вуха фраза: Савецкі Саюз перастаў існаваць… Створана садружнасць незалежных дзяржаў, што гэтая садружнасць адкрытая для іншых дзяржаў. Цэнтр яе размесціцца ў Мінску, што Станіслаў Шушкевіч спярша патэлефанаваў у Амерыку Бушу, а потым Гарбачову…
Вестка ашаламіла Раковіча, быццам удар з-за вугла. Рой думак завіхурыў у агаломшанай галаве. Чаму ў Белавежскай пушчы? Значыць, баяліся арышту, схаваліся, магчыма, пад выглядам палявання, а калі падпісалі падрыхтаваныя паперы, далажылі амерыканскаму прэзідэнту: заказ выканалі…
І што ж цяпер будзе? Чаму Гарбачоў спіць у шапку? Няўжо КДБ заадно з гэтымі белавежскімі “зубрамі”? Няўжо таксама, як і Гарбачоў, праспалі?
Пытанні, пытанні віхурылі ў галаве старшыні выканаўчага камітэта, кіраўніка ўжо былой савецкай улады аддаленнага радыяцыйнага раёна ў Прыбяседдзі. Горш, чым Чарнобыль, ужо нічога не будзе, падумаў ён, похапкам дапіў гарбату і пачаў збірацца на службу.
Катэдж Анатоля Раковіча быў недалёка ад будынка райвыканкама, таму на працу звычайна ён хадзіў пешкі, адно ў кепскае надвор'е карыстаўся машынаю. Пайшоў пехатою і сёння. На дварэ ціснуў марозік. Свежы снег рыпеў пад нагамі, як у Каляды. Але ён не чуў гэтага здаровага, смачнага парыпвання, не адчуваў бадзёрасці марозлівага паветра, чаму парадаваўся б у іншы дзень. Сёння ўсе думкі былі пра пачутае паведамленне…Увушшу, нібы засела фраза: Савецкі Саюз перастаў існаваць…Сабраліся цішком, як злодзеі, кульнулі па чарцы “белавежскай”, той самай, якую некалі ўпадабаў Мікіта Хрушчоў, і разбурылі магутную звышдзяржаву. Канечне, гэтая падзея наспявала, усе рэспублікі сталі незалежнымі. Усе чакалі нечага вырашальнага, як цяжарная жанчына чакае дзіця. І вось дзіця нарадзілася. Садружнасць незалежных жзяржаў. А хіба можа быць дзяржава без незалежнасці? Гэта — марыянетка, калонія. А хто цяпер Гарбачоў? Прэзідэнт неіснуючай дзяржавы? Марыянетка? Во, як павярнулася жыццё. Хто мог падумаць два-тры гады таму, што такое можа здарыцца?! Нават і ў сне не магло прысніцца.
А можа, будзе лепей?! Так думалі тады амаль усе мясцовыя і высокія кіраўнікі. З надзеяй на лепшае жыццё сустрэў паведамленне з Белавежскай пушчы і беларускі народ. Але большасць ветэранаў, асабліва франтавікоў, сустрэлі вестку аб гвалтоўнай смерці Савецкага Саюза, вялікай і любімай іхняй радзімы, за якую яны пралівалі кроў, як асабістую трагедыю, як поўны крах усіх надзей і спадзяванняў.
Так успрыняў паведамленне з Белавежскай пушчы франтавік Мікалай Раковіч. “Што вырабілі, абармоты! Няўжо з перапою? Такую вялікую краіну разбурылі! Ета ж. таскаць, усё роўна, як жыўцом пахаваць. Ета ўсё Амерыка. Скупіла ўсіх з вантробамі. Нездарм а Шушкевіч спярша далажыў Бушу. Дагавор падпісалі, загад выканалі… Нуй, прахіндзеі!”
Стары Раковіч мацюкаўся на ўвесь голас. Як даўно ўжо не лаяўся. Вырашыў патэлефанаваць сыну. Што ён думае пра гэтую падзею? А можа, і не чуў яшчэ. Бо ў яго з раніцы планёрка. Мільганула думка: можа, гэта няпраўда? У яго не ўкладвалася ў галаве, што тры чалавекі сабраліся недзе ў лесе і падпісалі прысуд магутнай звышдзяржаве. Хіба такое можа быць? Народ на рэферэндуме выказаўся за Саюз. Як можна не ўлічваць волю мільёнаў людзей? Гэтыя іхнія лясныя паперы не могуць мець ніякай сілы. Хіба што ў прыбіральню схадзіць з імі.
Былы франтавік Мікалай Раковіч слаба ведаў гісторыю роднай Беларусі, ягоныя карані был падрззаны партыйнай ідэлогіяй, якая гісторыю Беларусі пачынала з Вялікага Кастрычніка. Маўляў. да гэтага была суцэльная галеча , непісьменнасць. Пра Вялікае Княства Літоўскае ён раней нічога не чуў, і толькі нядаўна прачытаў пра яго магутнасць. Чытаў і не верыў сваім вачам: як жа так? Была вялікая еўрапейская дзяржава, у якой уладарыла беларуская мова. Гэтая дзяржава мела першы ў Еўропе Звод законаў, з якога нават Напалеон пазычаў некаторыя артыкулы для свайго Кодэкса. А Раковічу ні ў школе, ні ў сельгастэхнікуме не сказалі пра гэтую дзяржаву ні слова. Можа, таму не думаў Раковіч пра Беларусь і зараз. Яго турбаваў пёс Савецкага Саюза.
Читать дальше