— Маё пітво не пахне сівухай. Можна смела выпіць. Дакладней,палячыцца. .У зоне людзі не п’юць, лечацца, — гаспадар наліў чаркі да паловы — Юзі падабалася, што новы муж ніколі не налівае сабе поўную чарку, жартам часам кажа: люблю палову чаркі і палову падушкі, а калі буду куляць па поўнай чарцы, то і палова падушкі, а значыць, і жонка не спатрэбіцца.
Юзі карцела спытацца ў госця пра ягоную жонку.
— Андрэй Мацвевіч, ці можна ў вас запытацца? А ваша жонка не баіцца радыяцыі? Ці прыедзе сюды?
— Ну, яна яшчэ працуе, Два гады да пенсіі. А там будзе відацьПраўду кажучы, яна была супраць. Каб я сюды ехаў. Я меў магчымасць застацца ў сталіцы. Але пацягнула сюды.
— І я во кінула горад.Перацйягнуў Еўдакімавіч.
Юзя прамовіла гэтыя словы з цеплынёй у голасе, і Мамута дараваў ёй не зусім тактоўнае пытанне: ці баіцца жонка радыяцыі? Падтэкст быў яўны: я вось не спужалася, прыехала. Супакоіла настаўніка тое, што госць адказаў на нібыта нетактоўнае пытанне спакойна, без аніякай крыўды.
Андрэй зразумеў, што ягоны настаўнік знайшоў на старасці новае каханне. Што жыве ён з Юзяй дружна. Усё ў іх ёсць, што трэба для шчасця. Ён пахваліў агуркі, грыбы, не адмовіўсяі ад бульбы з фасоляй. Адно папрасіў наліць паўталеркі, бо сястра таксама пачне частаваць.
— Нічога, Мацвеевіч, кій на кій шкодзіць. Абед на абед — ніколі. — супакоіў госця Мамута.
— О, якая бульба смачная! Такую смакату еў толькі ў дзяцінстве, — расхвальваў Андрэй густы, разварысты суп.— Ужажела бульба ў печы. Смаката!
— Дзякуй. Але вы мяне крыўдзіце. Чаму кажаце — пажалела? Вы ж прасілі палову талеркі, — няўцямна пазірала на госця Юзя.
Мужчыны раптам зарагаталі. Асабліва смяяўся Мамута. Ён быў у добрым гуморы: радаваўся, што ўдалося зрабіць неадкладную справу — уцяпліць на зіму пчол. Радаваўся, што завітаў у госці любімы вучань, які не збаяўся кінуць сталіцу і прыехаў у зону. І што ён, Мамута, зрабіў правільна — нікуды не паехаў з Хатынічаў. Але сказаў ён пра іншае. сказаў тое. што чакала ад яго жонка.
— Ужалела — ета значыць, па-нашаму, уварылася. Ці разварылася. Упарылася. Малайчына, Андрэй Мацвеевіч. Не забыў у горадзе наша. Роднае.А то некаторыя з'ездзяць у Магілёў. З'ядуць там пару батонаў. І ўжо ўсё па-рюску.
— Прызнаюся вам, Пётр Еўдакімавіч. Апошнім часам нанава вучыў беларускую мову. Пачалі “Тутэйшыя” гуртавацца ў Мінску. Потым нефармалы розныя. Дыскутаваць з імі можна было толькі па-беларуску.
— Дык цяпер жа і Вярхоўны Савет засядае па-беларуску, — уткнула свае тры грошы Юзя.— Дэпутаты стараюцца адзін перад адным. Навыперадкі. Прыемна слухаць, калі ведае чалавек мову. А некаторыя блытаюць гарох з капустай. Ну, але хай вучацца У большасці ж — маладыя людзі там сядзяць.
— Усё залежыць ад кіраўніцтва. Як гаворыць кіраўнік, так будуць гаварыць і падначаленыя, — разважліва пачаў Мамута.— Я ў школе педсаветы вёў па-беларуску. Хоць не філолаг, а гісторык. Дык і настааўнікі гаварылі на роднпй мове. Цяпер я радуюся, што мы ўспомнілі сваё. Роднае. Станем нарэшце нармальнай цывілізаванай краінай. Калі Масква не будзе дужа прыціскаць.
— Цяпер не будзе. Раней партыя дыктавала. Маўляў, рабочая мова партыі — руская. Усе нарады. Партактывы, з'езды — па руску. Для адчэпу дадуць слова пісьменніку ці студэнтцы. І ўсё. І народ адвучылі ад роднай мовы.
Сахуту хацелася расказаць, што ў апошнія гады ён адкрыў для сябе Уладзіміра Караткевіча, а сёлетні беларускі каляндар прымусіў ацаніць па-новаму, не па-шкалярску, геніяльнага Максіма Багдановіча. Але часу бракавала: трэ было ехаць да сястры, і не столькі з ёй рупіла пабачыцца — карцела пагаварыць з Бравусавым, можа, той ведае што пра свата Сырадоева, мо суд ужо адбыўся.
Андрэй шчыра дзякаваў гаспадарам за цеплыню і гасціннасць. А гаспадары дзякавалі яму.
— Ой, дзякуй, Андрэй Мацвеевіч, што зазірнуў да нас. А то я ўжо збіраўся пайсці ў лясніцтва. А як ты ехаў? Цераз Бялынкавічы? — пацікавіўся Мамута.
— Не. Па новым мосце. Цераз Саковічы. Такі велізарны мост збудавалі. А ездзіць няма каму. Зона...
— Вайскоўцы будавалі. Кажуць, еты мост мае стратэгічнае значэнне, — выказаў дасведчанасць Мамута.
Андрэй пачаў развітвацца. Юзя запрашала яшчэ чаго з’есці, выпіць на дарожку.
— Не, усё. Дзякуй вялікі. За рулём нельга.
— Ну, ніхто ў вас руль не адбярэ. Маглі б аглаблёвую чарачку кульнуць, — выказвала сваю гасціннасць Юзя.
Калі выйшлі на вуліцу, Андрэй спытаўся ў Мамуты, ці праедзе паўз агароды, дзе некалі была загуменная дарожка.
Читать дальше