Андрэй не меў часу на доўгую размову. І зусім не збіраўся пачынаць дыспут на палітычную тэму. Ён зірнуў на гадзіннік, даючы зразумець госцю, што клопату ў яго хапае, а часу бракуе.
— Я разумею, Мацвеевіч. Спраў у вас багата. Хочу запытацца. Паляванне ж скора на капытных адкрываецца. Як бы ліцэнзію на лася займець? Колькі яна цяперыцька каштуе?
— Мне трэба пацікавіцца Я ж тут нядаўна. Разведаю. Праз тыдзень пад'едзьце. Будзе ясная сітуацыя.
— Добранька, Мацвеевіч. Дык, можа, скажаце памочніку. Ну, пра еты самы тапорнік.
Андрэй папрасіў памочніка памагчы земляку, а сам пакіраваў на пілараму. Там ён доўга не затрымаўся, хлопцы пілавалі дошкі, пытанняў да яго не было, ляснічы вярнуўся ў кабінет: з галавы не выходзіла думка — можа прыехаць Паліна, пажадана быць на месцы.
Чакаць Андрэю давялося доўга, прыехала даўняя знаёмка напрыканцы наступнага дня. Пачуўся гул матора і чамусьці адразу падумалася: гэта яна.
Унутраны голас быццам казаў яму: ідзі, сустракай. Але нешта стрымлівала Андрэя, і хоць ногі гатовы былі бегчы, ён сядзеў і чакаў. І сам з сябе дзівіўся: як устрапянулася сэрца. Я, стары партакрат, аказваеца, яшчэ магу хвалявацца, маё сэрца яшчэ не акамянела, мільганула ў затуманенай галаве.
Неўзабаве з першага пакоя, дзе стаяў стол бухгалтара Аляксея — ён жа быў і касірам,— данёсся жаночы голас:
— Дзе можна знайсці ляснічага?
— Як дзе? Ён у сваім кабінеце, — прагугнявіў Аляксей.
Пачуўся кароткі стук у дзверы і на парозе стаяла Яна — у чырвонай кофце, з-пад якой віднелася чорная блузка. На галаве цёмная хустка. Твар усхваляваны, з прыкметнай чырванню. Адно цёмна-карыя вочы пазіралі на свет з годнасцю, сур'ёзна і спакойна.
Андрэй выйшаў з-за стала насустрач, Паліна падала шыракаватую прыгожую далонь з кароткімі блішчастымі пазногцямі.
Ён узяў звабную, цёплую далонь, адчуў лёгкі поціск, паднёс руку да вуснаў. Паліна неяк спалохана тарганула рукой — ох, як не прывыкла, каб цалавлі ёй руку!
— О, Андрэй Мацвеевіч, вы ў новай форме! Яна вельмі пасуе вам. Вы ў ёй такі малады, падцягнуты. На вуліцы не пазнала б ….
— Дзякуй на добрым слове. Усе баяцца радыяцыі, як чорт ладану. А я адчуваю, што памаладзеў тут. І ціск нармальны. Ніякіх таблетак не прымаю. Хіба што дзве кроплі вады на сто грамаў аржанушкі-весялушкі. А ў Мінску без таблетак зануць не мог.
— Разумею. Было пра што падумаць. Каб рашыцца на такі крок. Ды з такой пасады. Трэба мець мужнасць. І для сям'і гэта няпроста.
— Так, Паліна Мксімаўна, усё вельмі няпроста. Што зробіш? Жыццё падкідвае гэткія павароты, што ніякі фантаст не прыдумае.
— Кепска, канешне, што вы тут, сям'я — там.
Нібы знарок, Паліна ні разу не вымавіла слова “жонка”. Хоць менавіта яе мела на ўвазе, калі гаварыла пра сям'ю, бо дзеці, пэўна, ужо дарослыя, у іх сваё жыццё, ім, магчыма, патрэбна бацькава кватэра. А вось жонка — невядома як сябе павядзе, якія ў яе стасункі з мужам, былым высокім начальнікам. А мо развяліся? Кінуў-рынуў усё і прыехаў на радзіму… Але ж не гаворыць аб разводзе. Ці не хоча так адразу раскрывацца, гэткія думкі снаваліся ў галаве жанчыны-удавы.
— Колькі вам трэба дроў? І якіх вы хочаце? — знарок гучна спытаў Сахута: каб чулі і ў суседнім пакоі.
— Кубы чатыры , пяць. Бярозавых ці асінавых. Кажуць. альховыя дровы зімой добра грэюць.
— Гэта праўда. Альховыя грэюць выдатна. Асінавыя сажу выпальваюць. Гараць светла. Зараз даведаемся, што ў нас ёсць.
Андрэй папрасіў бухгалтара, каб той паклікаў памочніка Віктара. той ведае, дзе ёсць гатовыя дровы і колькі іх там . Неўзабаве прыйшоў памочнік. А з ім і сын Паліны, вадзіцель машыны.
— Я ніколі не была ў вашым лясніцтве. Гэткі дом вялікі, стары. Мусіць, ад паноў застаўся?
— Так, былая панская сядзіба. Хлопцы, без мяне разберацёся? Пакажу Паліне Максімаўне нашы ўладанні.
Яны спусціліся з ганку, Андрэй пасаромеўся падтрымаць кабету пад руку, бо ў акно мог цікаваць бухгалтар. Віктар папярэдзіў, што гэты малаадукаваны мужычок— вельмі хітры жук. Майстар укрвсці і схаваць канцы ў ваду, што ніякая рэвізія не дакапаецца. Мае ладную сям'ю — пяцёра дзяцей. Жонка нідзе не працуе, але жывуць у дастатку. Ляснічыя мяняліся часта. а ён заставаўся на сваім месцы. Старэйшаму сыну збудаваў у райцэнтры вялізны дом.. Андрэй неяк гаварыў па тэлефоне. Паклаў на стол трубку. Бо трэ было удакладніць адну лічбу ў памочніка. Адчыняе дзверы — бухгалтар хуценька кладзе трубку на апарат — значыць. слухаў: тэлефон у канторы спараны. Андрэй тады зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Але зразумеў. што гэты “Жук” сочыць за ім. Можа, нават мае сакрэтнае дарцучэнне дырэктара лясгаса. Можа. той хоча мець кампрамат на сталічнага кадра.
Читать дальше