Замочвалі ўтрох — дырэктар запрасіў для знаёмства галоўнага ляснічага, які рыхтаваўся да пенсіі і ягоную пасаду абяцалі Сахуту. І пасля чаркі гаворка круцілася вакол вытворчых спраў і клопатаў. Вось паркету нарабілі шмат: выдатны, дубовы. З чыстай зоны. А пакупнікі асцерагаюцца браць — баяцца радыяцыі.
— Дык у мяне ёсць пакупнік. Наш зямляк. Працуе на тэлебачанні. Кватэра вялікая. Яму шмат трэба. Жонка даўно агітуе здзерці абрыдлы лінолеум і пакласці паркет.
Андрэй расказаў, што зямляк Пятро Махавікоў цяпер перайшоў у выдавецтва, што ён там галоўны рэдактар, рыхтуюць кнігі ў абарону прыроды. І пра лес — таксама.
— Патрэбны чалавек. — адразу ўсхапіўся Капуцкі.— Патэлефануйце. Хай абмераюць плошчу кватэры. Скажуць, колькі ім трэба.
І вось ужо вечарам Андрэй сядзеў у сваім кабінеціку і спрабаваў дазваніцца да сталіцы — удзень яму гэта не ўдалося. Дый часу бракавала. Увечары лацвей. У новай форме з трыма зорачкамі ў пятліцах форменнага кіцеля. З першай зарплатай на новай пасадзе Андрэй адчуваў сябе, як ніколі ўпэўнена, упершыню падумаў: добра, што вярнуўся дамоў. Не збаяўся плётак, абгавораў. Спачувальных позіркаў. Не мераў тут ні разу ціск — не было чым і не было калі, чуўся лепей, чым у Мінску, жывот ягоны спаў. Зліняў. Дзягу на форменных штанах зацягнуў ці не на апошнюю дзірку. “Ці кава, ці налезлі б зараз студэнцкія штаны? — падумаў з усмешкаю.— Мусіць, блізка да той халасцяцка-камсамольскай кандыцыі”.
А сёння пасля нарады, дзелавітай, спакойнай, пасля замочкі новай формы і першай леснічоўскай зарплаты — здавалася, што грошы грэюць кішэню, хоць і няшмат іх. Няўжо і грошы тут радыеактыўныя? Не, радыяцыя зараз меней за ўсё хвалявала Андрэя Сахуту. На душы незвычайнае адчуванне волі, палёту. Не трэба асцерагацца, каб не трапіць пад гарачую руку першаму. Не трэба баяцца званкоў з ЦК. Ён тут, у лесе, самы галоўны. Па абедзе можа ўскінуць стрэльбу на плячо і пайсці на качак. Што ён і рабіў часцяком разам з памочнікам. Той умее спрытна абскубсці, разабраць качку і згатаваць наварысты булён. А што ў ім магла быць радыяцыя, пра гэта стараліся не думаць.
Андрэй пашкадаваў, што ніхто зараз не бачыць яго ў навюткай форме, ні былыя калегі-абкамаўцы, ні жонка, ні дзеці. Раптам злавіў сябе на грэшнай думцы-жаданні: захацелася, каб яго ўбачыла Паліна Максімаўна. Тая гарачая камсамолка-аграномка, з якой ён цалаваўся на адкрыцці клуба ў Бяседавічах. Ён узгадаў пра яе, калі слухаў даклад, пазіраў на Анатоля Раковіча, старшыню райвыканкама, таго Толіка, які выцягнуў райкамаўскі “газік” з глыбокай лужыны. Аж не верылася, што было гэта трыццаць гадоў таму!
Ён не ведаў, што Паліна таксама запрошана на паседжанне, угледзела яго, калі Андрэй апранаў плашч і разам са старшынёй калгаса Іванам Зінкевічам ішоў да выхаду. Ён аж здрыганўся ад нечаканасі, калі пачуў:
— Андрэй Мацвеевіч! Хвілінку пачакайце, — да яго наблізілася вельмі ж знаёмая абліччам жанчына з прыгожым, адкрытым тварам. З-пад акуляраў зірнулі вялікія цёмна-карыя вочы, бы спелыя вішні пасля дажджу. — Не пазнаяце? А памятаеце Паліну-камсорга з Бяседавіч? Адкрыццё клуба...
— Канешне, помню. Хоць і даўно было.
— Я разумею, тут не месца для ўспамінаў. Ёсць просьба... Ці можна выпісаць у вас дроў? Вы, можа, чулі пра маё гора? Цяпер во самой і пра дровы трэба клапаціцца. Паблізу райэцнтра ўсё павысякалі.
Андрэй выказаў ёй спачуванне. Зінкевіч тым часам гукнуў ад дзвярэй, што пачакае на вуліцы. Яны з Палінай адышліся ўбок. Андрэй коратка расказаў пра сваю сям’ю, Паліна трохі пра сябе. Дамовіліся, што заўтра ці паслязаўтра яна прыедзе з сынам у лясніцтва.
Ён зноў набраў нумар кватэры. У трубцы чуліся занудлівыя кароткія гудкі. Тады патэлефанаваў Пятру Махавікову. Той быў дома. Узарадаваўся сябру. Яшчэ болей узрадаваўся, калі пачуў, што Андрэй можа прывезці паркет.
— Зараз параюся з жонкай. Абмераем кватэру. Я патэлефаную. Скажы нумар…
На гэтым развіталіся, хоць абодвум вельмі хацелася пагаварыць, бо падзей у іхнім жыцці адбылося зашмат.
Нарэшце дазваніўся дадому. Праз шум і трэск ледзь пазнаў голас Ады.
Можа, таму, што кепска было чувац, падаўся жончын голас чужым, халодным. Распытаў пра дзяцей, пра хатнія справы. Пахваліўся, што атрымаў зарплату, новую форму.
— Ну во, далі нейкую капейчыну. Форму шараговага ляснічага ў зоне. Разумныя людзі ўцякаюць адтуль. А ты скочы, як Саўка ў вір галавою. І дзеці супраць. Не ўхваляюць твой учынак.
— Дзіва што!Ты настройваеш іх. Не спяшайся рабіць высновы. Зразумей. што болей я не мог сядзець склаўшы рукі.
Читать дальше