На апошніх дзвярах ля шырокага калідорнага акна з выглядам на праспект Машэрава красавалася шыльда “Памяць”, над буйнымі літарамі быццам трапятаўся язычок чырвонага полымя.
Пятро адчыніў дзверы, увайшоў у даволі вялікі светлы пакой — два шырокія акны прапускалі мора святла. Першае акно выходзіла на праспект, а другое, насупраць дзвярэй, адкрывала паўночна-заходнюю панараму горада — гатэль “Планета”, далей абеліск, а яшчэ далей сінелася Мінскае мора. У фіялетава-бэзавай смузе губляўся, звужаўся, нібы ўпіраўся ў неба праспект Машэрава.
Сяргей Рудзянок сядзеў за самым вялікім сталом каля дальняга акна, падняўся, нібы школьнік, калі ўваходзіць настаўнік, або салдат пры з’яўленні афіцэра. Пятро прысеў да стала, тады апусціўся на сваё крэсла Сяргей. Былому ваеннаму лётчыку Пятру Махавікову міжволі спадабалася гэткая павага да субардынацыі, мабыць, Сяргею давялося паслужыць у войску.
— Сяргей Дзмітравіч, ці ёсць у вас гэтая пастанова? Ну, пра якую гаварылі на планёрцы.
— Канешне, ёсць, — Рудзянок дастаў з шуфляды чырвоную папку, развязаў матузкі, пагартаў, нібы хацеў пераканацца, ці ўсё тут на месцы, задаволена дадаў: — Вось газета з пастановай. Вось метадычныя ўказанні Цэнтра. Спіс раёнаў, якія замацаваны за нашым выдавецтвам. Рэцэнзіі на першыя кнігі. Зараз мяняецца канцэпцыя выдання, — Рудзянок памаўчаў, быццам шукаў больш дакладныя словы. — У ранейшых Кнігах Памяці на тысячу гадоў да Кастрычніка адводзілася трыццаць-сорак старонак. А на час пасля рэвалюцыі — 600—700. Вядома, шмат месца займаюць спісы воінаў і партызанаў, якія загінулі... Дзеля іх і пачыналася выданне. Але цяпер — гэта будзе свайго роду малая энцыклапедыя раёна. Пра гісторыю, прыроду, матэрыяльную культуру. Пра славутых землякоў. Каб кніга чыталася з цікавасцю.
— Дык жа добрая канцэпцыя! — не стрываў радасці Пятро. — Можа, дасцё гэтыя матэрыялы? Хачу пазнаёміцца.
— Калі ласка, — падаў Рудзянок чырвоную папку.
Пятро заўважыў, што два сталы ў пакоі пустуюць, а за сталом каля дзвярэй сядзела немаладога веку кабета ў акулярах, кароткія, яшчэ густыя каштанавыя валасы атулялі ейны твар, схілены над рукапісам. Пятру хацелася спытаць, які рукапіс яна чытае, як яе завуць, але зрабіць гэта ён пасаромеўся: некалі зойдзе іншым разам і абавязкова пра ўсё распытае.
Калі дзверы зачыніліся за галоўным рэдактарам, у пакоі ўсчалася гаворка.
— Ну як табе новы галоўны? — спытаўся Рудзянок у каляжанкі.
— Сімпатычны. І такі далікатны. Можа, дасцё матэрыялы? А мог выклікаць цябе ў кабінет і загадаць прынесці яму папку з матэрыяламі. Мне падалося, што ён нешта хацеў у мяне спытаць, але стрымаўся. Можа, ён для пачатку гэткі рахманы? Гэтак мякка сцеле...
— От, жанчыны! Яна адразу пра тое, хто як сцеле... — рагатнуў Сяргей Рудзянок.
— Дзмітравіч, ты — бессаромнік, — пачуў ён у адказ.
Хроніка БЕЛТА, іншых агенцтваў свету, 1991 г.
16 кастрычніка. Мінск. Сесія Вярхоўнага Савета прыняла Закон “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”.
17 кастрычніка. Пекін. Далікатэсныя рэптыліі для прыгатавання рэдкіх страў кітайскай кухні з’явіліся на рынках Пекіна.
19 кастрычніка. Ерэван. Першы Прэзідэнт Арменіі Тэр-Петрасян пачаў сваю палітычную дзейнасць са стварэння камітэта “Карабах”.
22 кастрычніка. Вашынгтон. Міністр замежных спраў Беларусі Пётр Краўчанка выступіў на 46-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у дыскусіі па дакладзе МАГАТЭ.
Бралася на вечар, калі Андрэй Сахута вярнуўся з райцэнтра. Ездзіў разам са старшынёй калгаса Зінкевічам на ягоным “газіку”. Збіралі там раённы актыў для абмеркавання наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вучылі, як змагацца з мірным атамам, які вырваўся на волю. Нічым асаблівым нарада не ўразіла Андрэя, сядзеў, слухаў, сёе-тое занатоўваў па даўняй звычцы: занатоўкі ён рабіў нават седзячы ў высокіх прэзідыумах. Суседзі ягоныя ў зале нічога не запісвалі, перамаўляліся між сабою, той-сёй драмаў.
На першы погляд звычайная нарада. Але гэта толькі на першы погляд. Мела яна адметнасць, прадыктаваную падзеямі апошняга часу: у прэзідыуме не было нікога з сакратароў райкама, а ў зале сядзелі былыя камуністы. Сядзеў між іх непрыкметны чалавек у цёмна-шэрым касцюме з акуратна завязаным гальштукам — былы сакратар абкама па ідэалогіі. Лысаваты. З абветраным, гладка паголеным тварам, хударлявы, плечы яго трохі абвіслі, бо гападар касцюма за пошнія тры месяцы скінуў амаль паўпуда вагі, назапашанай у мяккім крэсле.
Читать дальше