Пятро мог сказаць, што праз год яму будзе пяцьдзесят чатыры, а калі Іван Кузьміч пажадае яшчэ болей “паруліць” тэлебачаннем і затрымаецца на год-два пасля юбілею, то вылучаць Пятра будзе позна. Але ён бачыў, што шэф сапраўды недзе спяшаецца, таму сказаў:
— У мяне ёсць намеснік. Чалавек вопытны, неблагі арганізатар.
— Добра. З якога ты хочаш?
— Я гатовы хоць з сённяшняга...
— Ну, браце, хуткі ты. Як стронга. Ты ж ведаеш, маем права патрымаць месяц. Ну, але насільна мілы не будеш. Дый парткома няма. І ЦК сплыў у нябыт. Карацей, тыдзень на роздум. Я пазнюся ўжо.
— Да пабачэння. Спадзяюся на вашу падтрымку.
— Добра, — шумна ўздыхнуў Іван Кузьміч.
Праз дзесяць дзён Пятро Махавікоў быў прызначаны на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва. Напярэдадні сабраў сваіх студыйных калег, падзякаваў усім: і прыхільнікам, і апанентам, і зайздроснікам. А гэта ёсць у любым калектыве, асабліва творчым. І мусіць, заўсёды будзе. У любога кіраўніка, які мае нават паўтузіна падначаленых, будуць любімчыкі, будзе сама мала тры групоўкі.
Пятро ведаў, што падрыхтаваны загад аб прызначэнні былога намесніка на пасаду галоўнага, менавіта ён і рэкамендаваў яго, але пакуль старшыня не падпісаў, гаварыць пра гэта няварта. Прафсаюзны лідэр, сталага веку кабета-рэдактар, сказала даволі доўгую прамову, у якой дзякавала ўжо былому галоўнаму “ад усяго калектыву і ад сябе асабіста” за цярплівасць, за строгасць, патрабавальнасць, але перш-наперш за тое, што быў спагадлівы і добры. Сімпатычная дзяўчына, якая нядаўна пачала працаваць рэжысёрам, уручыла букет кветак. Пятро цмокнуў яе ў шчаку, згледзеў ухмылкі на некаторых тварах, зразумеў, што да чаго... Каб заахвоціць, падбадзёрыць маладога рэжысёра, ён часцяком падхвальваў ейныя перадачы, і жанчыны, а можа, і некаторыя мужчыны , вырашылі: галоўны ўпадабаў дзяўчыну, магчыма, каму здавалася, што ён пазірае на прыгажуню, бы кот на сала. А ён часам і сапраўды любаваўся ёю. А між тым прафсаюзны лідэр падаравала Пятру прыгожы кубак:
— Дарагі Пятро Захаравіч! Калі будзеце піць гарбату. Ці каву. Ці што мацнейшае, успомніце тэлебачанне, нашу дружную рэдакцыю. Нашу навуч-попу. Хай падасца вам, што цалуеце ўсіх прыгожых дзяўчат. Дый старэйшых кабет — таксама. Шчасця вам на новай рабоце.
Усе дружна запляскалі ў ладкі. Пятро адчуў, што к горлу падступіў камяк, пашкадаваў, што не купіў пару пляшак віна, бо гарбачоўская антыалкагольная кампанія сышла нанет. Праўда, тэлевізійнае начальства тармазы не адпускала: п'янка на студыі асабліва небяспечная — зрыў перадачы, як і шыла ў мяшку, не схаваеш. Дый праводзіўся сход на пачатку дня, то выпіўка магла пашкодзіць новаму шэфу рэдакцыі.
А Пятра Махавікова чакала новая справа, новы калектыў, у якім меліся, вядома ж, і прыгожыя дзяўчаты. Асабліва іх шмат было на суседнім, дзевятым, паверсе, дзе месцілася магутнае на той час выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Гэткіх прыгажунь, якіх можна было сустрэць тут, Пятро не бачыў і на тэлестудыі. Але ў гэтым ён пераканаецца пазней.
На першай планёрцы Клімчук прадставіў новага галоўнага рэдактара. Як і належыць, дырэктар сядзеў у тарцы стала, а праваруч ад яго — традыцыйнае месца галоўнага рэдактара. За гэтым сталом кожны ўдзельнік нарады меў сваё пэўнае месца. Леваруч ад шэфа гарбаціўся сутулаваты, брывасты намеснік дырэктара Віктар Сідаровіч, поплеч з ім сядзела сінявокая смуглявая прыгажуня Галіна Казіміраўна — загадчыца вытворчага аддзела. Менавіта ёй даў слова дырэктар. Пачала яна гучным, прыемным голасам — мусіць, у кампаніі добра спявае, падумаў Пятро, уважліва слухаючы прамоўцу. Для яго ўсё было новым і не заўсёды зразумелым, поўным таямнічага сэнсу.
— У ліпені і жніўні мы спрацавалі кепска. Але ў гэтым вінавата друкарня. Іхнія людзі былі ў адпачынках. Астатнія друкавалі падручнікі для школ. Нашы заказы напалову выкрэсліваліся. У верасні мы план выканалі, — Галіна Казіміраўна перадыхнула, паправіла акуляры, падсунула свае паперы бліжэй. — На кастрычнік прынята ажно сем рукапісаў. Ужо ёсць два сігналы...
Пачуўшы пра сігналы, Пятро ўнутрана ўстрапянуўся — знаёмае слоўца: сігналы тэлецэнтра перадаюць карцінку на экран, а выдавецкі сігнал азначае іншае — першы. сігнальны экземпляр нованароджанай кнігі. Быццам падае голас кніга: я нарадзілася, сустракайце! Галіна Казіміраўна пачала гаворку пра якасць рукапісаў, пра памылкі. Тут яе перапыніў дырэктар:
— Прабачце, Галіна Казіміраўна, пра гэта я далдоню на кожнай планёрцы. Калі ў рукапісу памылка, то па закону подласц нават дзесяць карэктараў яе могуць не злавіць. Яна праскочыць у кнігу. Працягвайце. калі ласка.
Читать дальше