— Давай, браток, за тваю сямейку. Чокацца не будзем. Дзень сянні не вясёлы. Ды што ж тут зробіш? Жысць ідзе сваім ходам,— яна змахнула хусцінкай слязу, прыгубіла чарку.
Гаспадар і госць асушылі па поўнай. Даўным-даўно нашы прашчуры вынайшлі “жывую” ваду, якая найлепей супакойвае чалавека ў цяжкія, скрушныя хвіліны існавання на зямлі.
Сядзелі за сталом доўга, пілі і елі мала, згадвалі пасляваеннае жыццё.Урэшце Марына заўважыла, што ў брата зліпаюцца павекі, здагадалася, што падняўся ён дужа рана.
— Ой, загаманіліся мы! Андрэй, кладзіся спаць. Я табе паслала на старым ложку . Хай прысніцца нешта добрае,— пажадала сястра.
Гэты ложак Андрэй памятаў з маленства: металічная рама.металічныя ножкі, пафарбаваныя ў сіні колер, кароткія дошкі заместа панцырнай сеткі ці матраца са спружынамі, сяннік, напханы мяккай атаваю, які падаўся мякчэйшым за пуховую пярыну. За сталом засынаў, а як лёг, абрынуліся згадкі: як спаў тут школьнікам, у часе зімовых студэнцкіх канікулаў — улетку спаў заўсёды на сене. Зноў уварвалася ў стомлены мозг жахлівая думка: я мог ужо тры месяцы ляжаць у сырой і халоднай зямлі, апярэдзіў бы і Сырадоева, і Косцю Вароніна. Гэтую думку ён рашуча адагнаў прэч. Падумаў, што заўтра сутрэнецца з Палінай. Прадчуванне радасці падкаціла гарачаю хваляю пад сэрца. Але стома і чарка хутка выціснулі ўсе думкі ды згадкі, развагі ды спадзяванні. І ён забыўся моцным сном, нібы ў далёкім юнацтве.
Жаданая сустрэча адбылася, Дар'я Азарава паехала ў госці да унукаў.
Адтуль патэлефанавала, што застанецца нанач.
— Ой, як няёмка! Прымусіла я старую жанчыну начаваць не ў сваёй хаце. Але гэта здарылася. ўпершыню, — нібы апраўдвалася Паліна. — У наступную ж сераду мы не пабачымся. Першага студзеня. Ты будзеш далёка,— яна ўздыхнула. — Грэшнікі мы з табой. Але гэтая ноч хай будзе нашай. Апошняя ў гэтым годзе.
Андрэю пачулася ўсхваляванасць у ейным голасе. Дакрануўся вуснамі да шчакі Паліны — шчака была мокрая ад слёз.
А ў Мінску рыхтавалісяда Новага года Пятро і Ева Махавіковы. Гаспадыню найбольш займала, што паставіць на стол, што падарыць сваім сямейнікам. Вядома, пра ўсё яна раілася з Пятром. І хоць у таго назбіралася багата клопатаў у выдавецтве, як часта здараецца напрыканцы года ў любой установе ці на прадпрыемстве, але мусіў ён выслухоўваць жонку, мусіў і ў краму часцей заглядваць.
Не забываўся Пятро і на свой “кандуіт”. Нядзельным днём ужо амаль на парозе Новага года, разгарнуў запаветны сшытак, які прынёс з выдавецтва дамоў. Для разгону прачытаў некалькі ранейшых занатовак, зробленых за выдавецкім сталом.
19 снежня. Чацвер . Вось і дачакаліся зімовага Міколы-угодніка. Раніца была светлая, прыгожая, падкінула снегу ноччу, а ўдзень пацячэ. Плюс тры абяцаюць сіноптыкі. Безабразіе! Разагрэлі, раскачагарылі планету. Што цяпер зробіш? Прырдлзе не загадаеш: будзь такой, якой была раней, не мяняйся. Дарэчы, ранейшыя народныя прыкметы цяпер часта не збываюцца. а. Мы рыхтуем кнігу для дачнікаў. Дык я па абавязку службы пачытаўся да ачмурэння. На дварэ снежань. Які хаты студзіць, зямлю грудзіць”. А ён, лайдак. Сёлета не хоча гэтага рабіць. Даўней ён меў назву “грудзень”, а яшчэ “просінец”. Што азначала прасветы ў аблоках. Прыгожая назва! А неба ў снежні сапраўды бывае незвычайна сінім. Урэшце продкі знайшлі таксама добрую назву — снежань, бо асноўнай прыкметай месяца быў снег, гэта першы месяц зімы. Ад колькасці ж снегу — залежыць будучы ўраджай. Гэта ў мяне ўжо прафесійная звычка — думаць пра будучы ўраджай. І спрыяць таму, каб ён быў.
Між іншым беларускія назвы месяцаў — гэта свайго роду паэма. Ну, праўда: студзень — студзіць. Люты — маразамі лютуе. Сакавік — у жылах дрэў сок абуджае, першы месяц вясны.А там — красавік. Травень, чэрвень, ліпень жнівент. А верасень! Лепшага слова не знойдзеш для назвы месяца. Бо што для нас мёртвая латынь — септэмбер, дэцэмбер. Вось і дабраўся да снежня.
Дзіва дый годзе! Зусім не думаў пісаць пра назвы месяцаў, а мяне, як прарвала! Тады працягну і далей у гэтым жа ключы. Мікола зімовы лічыцца пачынальнікам сапраўднай зімы: да Міколы няма зімы ніколі. Мікола зімовы— сапраўдная зіма. А Мікола летні — праўдзівае лета. Дарэчы, калі на зімовага Міколу марозу няма, то ўся зіма будзе “бяспутная”. А вось гэтага зусім не хочацца.. І хай мнавіта гэтая прыкмета не спраўдзіцца. І апошняя прыказка: “Беражы сена ад Міколы да Міколы і не бойся зімы ніколі” Мудра прыдумалі продкі. А я пра гэта напісаў, мусіць, таму, што ў генах дрэмле жаданне жыць у вёсцы, гаспадарыць на зямлі.
Читать дальше