Андрэю хацелася сказаць: “Давай не будзем сустракацца. У мяне ж ёсць жонка”. Але заместа гэтых слоў ён прамовіў зусім іншыя:
— Добра. Хай будзе серада. А калі выскачыць якая неспадзяванка, перанясём на другі дзень.
Кватэра Андрэю спадабалася. Драўляны вялікі дом з белымі аканіцамі, бярозы пад вокнамі, ціхая вуліца. А ў хаце ўсё застаўлена кветкамі: у гаршчках, вёдрах, нейкіх скрынках. Уразіў эпіфеліум-дзекабрыст: разлапістыя галінкі, падобныя на клешні рака, усыпаня фіялетава-ружовымі прадаўгаватымі, нібы аўтаматныя патроны, бутонамі. “Дзекабрыста” Андрэй ведаў: у снежні звычайна расцвітаў у ягонай мінскай прыёмнай.
— А што гэта за кветка? — яго зацікавіў вазон, які нагадваў суцэльны букет малінава-ружовых кветак. Яны высіліся над густа-зялёнай купкай лісця, быццам чародка мятлушак узмахнула крыламі-пялёсткамі, узляцела і застыла ў паветры.
— Гэта цыкламен, — ахвотна тлумачыла Дар’я Трафімаўна. — Радзіма кветкі — Грэцыя. Там цыкламены растуць на скалах. А гэта азалія, або рададэндран, — гаспадыня паказала на куст кветак, які нагадваў ружовы сноп. — А гэта амарыліс. Кветкі, як грамафоны. Лісты нібы зялёныя косы. Як турэцкія крывыя ятаганы, — квола ўсміхнулася гаспадыня. — Ну, а гэта павяргоня. Герань. Яна зараз не цвіце. Кветкі ў яе буйныя, вельмі прыгожыя. Вы, пэўна, бачылі герань на падаконніках у вясковых хатах. Суквецці самых розных адценняў. Радуе вока герань.. Яшчэ называюць яе — мушкат..
Андрэй слухаў, прыглядаўся да сівенькай бабулі ў акулярах, з-пад тоўстых шкельцаў на свет Боскі пазіралі блякла-сінія, палінялыя за немалы жыццёвы век, вочы. Яна сама нагадвала нейкую дзівосную ўсохлую кветку, якая адцвіла, адкрасавала, але не хоча здавацца зімовай сцюжы, хоча жыць і тварыць вакол сябе прыгажосць, хоча радаваць людзей.
— Даражэнькая, Дар’я Трафімаўна, вы мяне здзівілі, уразілі, узрадавалі. На дварэ — зіма, снег, халадэча. А ў вас вечназялёная вясна. Ну, ці лета. Адным словам — цуд! Дзякуй вам вялікі за радасць!
Андрэй нахінуўся, далікатна пацалаваў сухарлявую маленькую далонь гаспадыні. Перахапіў пагляд Паліны: у ейных цёмна-карых вачах свяцілася прыхаваная радасць, яна была ўпэўнена, што гаспадыня прыме кватаранта, што яму тут будзе добра, утульна, і яны змогуць сустракацца.
Зусім пра іншае падумаў Андрэй Сахута: сюды можна запрасіць у госці жонку, у падобным пакойчыку яны пачыналі сямейнае жыццё. Ён яшчэ раз агледзеў пакой, антураж якога дапаўнялі плеценая этажэрка з кнігамі і высокая кафляная грубка. Гэта быў асобны, бакавы пакой, які гаспадыня прапанавала Сахуту. Тут быў старадаўні круглы стол, два крэслы, высокі металічны ложак на цёмна-сініх ножках, горка падушак пад карункавым пакрывалам. Ложак быў засланы жоўта-заласцістаю капай. Для сябе Андрэй адзначыў, што ў хаце даволі холадна, хоць на дварэ мароз невялікі. Значыць, гаспадыня эканоміць паліва.
Праз дзень Андрэй прытарабаніў трактарны прычэп бярозавых, альховых і асінавых дроў, папілаваных на чурбаны. Заставалася пасячы і скласці ў вярсту. Гаспадыня, як убачыла гару дроў каля хаты, была на сёмым небе ад радасці. У першы ж выхадны Андрэй насек кучу дроў, памог гаспадыні скласці іх у вярсту. Дар’я Трафімаўна напякла дранікаў, запрасіла на вячэру кватаранта. А яшчэ быў сюрпрыз: прыйшла на вячэру Паліна. Пілі чырвонае віно, елі смачныя дранікі. Грубка дыхала ўтульнаю цеплынёю.
З маленства Сахута любіў цёплае дыханне напаленай грубкі, любіў сядзець каля адчыненых дзверцаў і пазіраць, як трапечацца, скача жывы агонь. Любіў патрэскванне сухіх дроўцаў, асабліва яловых. Калі з грубкі, ці ўранні з печы, выскоквала іскрынка, матка звычайна казала: “О, будзе госць!” І сёння гэтая прыкмета спраўдзілася: нечакана прыйшла Паліна. У снежні дні кароткія, нібы заечы хвосцік або верабейкава дзюба, а вечары даўжэзныя. Але гэты прамільгнуў неўзаметку за цікаваю гутаркай, згадкамі пра пасляваеннае жыццё.
Потым Андрэй праводзіў госцю. На дварэ было ціха, даволі цёпла, з неба пазірала на грэшную зямлю вялізная поўня. Як толькі адышліся ад хаты, Паліна ўскінула рукі на Андрэевы плечы і пачала горача і прагна цалаваць яго.
— Нездарма кажуць, што падчас поўні ў чалавека абвастраюцца ўсе пачуцці, — сказала яна, нібы апраўдваючыся.
— Так, найбольшая колькасць аўтааварый, розных здарэнняў адбываецца перад поўняй. Яна ўплывае на чалавека. Апошнія гады я кепска сплю, калі поўня. Раней гэтага не заўважаў. А цяпер ужо не раз пераконваўся. Бывае, да раніцы не магу заснуць.
Читать дальше