— Мама, Ірынка Махавікова запрашае нас. Ну, каб сустрэць Новы год разам.
— Каго гэта вас?
— Надзею з Ігарком. Ну, і мяне з сямейкай. Будзе іхні Косця са сваім вывадкам. Бацьку мы сустрэнем. Увечары пабудзем у нас. А гадзін у дзесяць паедзем... А назаўтра будзем дома. У Ірынкі намячаецца вяселле. Яна будзе з кавалерам. Хоча пазнаёміць нас.
Ада Браніславаўна зразумела, што ўсё ўжо спланавана, абдумана, пярэчыць тут ніяк не выпадае. Ды і ўвогуле — дарослымі дзецьмі не пакамандуеш, хоць бы і хацеў. Мільганула думка: Надзя пабудзе ў кампаніі, а то ўсё адна ды адна дома. Сын быццам адгадаў ейныя думкі, бо шматзначна дадаў:
— Будзе мой калега. Хоча пазнаёміцца з Надзяй. Халасцяк. Яму ўжо за трыццаць. Даўно хоча ажаніцца, ды ўсё нешта не атрымліваецца.
— А што ён за чалавек? Кім працуе?
— Мой калега. Пакуль што болей нічога. Хай гэта будзе сюрпрыз.
— Любіце вы сюрпрызы, — нязлосна прабурчала Ада, у душы ўдзячная сыну, што клапоціцца пра лёс сястры.
Андрэй і Ада балюча перажывалі раптоўны развод Надзі з мужам. Разрыў, мабыць, наспяваў даўно. Халодная, падкрэсленая ветлівасць зяця насцярожыла Аду Браніславаўну. Дачка расказала, што прыходзіць ён дамоў позна. Адгаворка адна: “Бізнес — справа сур’ёзная. Багата клопатаў”. Пачаў вельмі часта ездзіць у камандзіроўку, найбольш у Маскву. Тлумачыў, што іхнія партнёры гандлёвыя ўсе там, у Расіі. Аднойчы Надзя прызналася праз слёзы, што ўжо два месяцы яны не жывуць як муж і жонка, што знайшоў ён прысуху-партнёрку ў Макве. А неўзабаве зяць сабраў свае чамаданы і цішком, як злодзей, пакінуў сям’ю. Нават не развітаўся з жонкай і сынам.
Андрэй Сахута палічыў гэта здрадай не толькі сям’і, жонцы, малому сыну, а і яму, цесцю, бо ў свой час праз сакратара райкама паспрыяў, каб зяця павысілі па службе, зрабілі старшым інжынерам, прынялі ў партыю. Сяброўскія адносіны са сваім зяцем вельмі радавалі Сахуту. Але як толькі перасталі існаваць райкамы, абкамы, Сахута апынуўся без работы, першым здрадзіў зяць. Тады Андрэй увесь вольны час аддаваў унуку. Гэта была яго адзіная радасць. Ігарку ішоў пяты гадок. Ён вяртаўся з садка і чытаў дзеду вершыкі на беларускай мове.
Пра ўсё гэта згадваў галоўны ляснічы Андрэй Сахута, бо ён таксама рыхтаваўся да Новага года. Снегу было вобмаль, усюды льга праехаць, таму на абшарпаным лясгасаўскім “газіку” Сахута штодня калясіў па раёне, знаёміўся з кадрамі лесаводаў. Ён разумеў, што гэта лепей рабіць не на шматлюдных нарадах, а на месцы, у канкрэтных абставінах. Пагаварыць сам-насам, каб ведаць, хто чым дыхае, і вывучаць справы трэба глыбока, каб не думалі пра яго, што ён залётная птушка на адзін сезон. Напрыканцы дня часцяком адчуваў металічны прысмак у роце, калі вяртаўся з лясніцтваў, размешчаных у зоне. Як правіла, на развітанне яго частавалі.
Сахута пачуваўся няёмка: адмовіцца — значыць, пакрыўдзіць падначаленых, а не дай Бог выпіць лішнюю чарку — услед можа паляцець данос-ананімка. Таму піў ён вельмі асцярожна, а вось на закусь налягаў смялей, бо ў самога халасцяцкі побыт. Вядома, Паліна заўсёды прапаноўвала паесці, увечары — чай, а пад чай і чарку налівала. І ўсё гэта бачыла нявестка. Няпэўнасць становішча прыгнятала Андрэя, таму ён з нецярпеннем чакаў сваёй кватэры, хай сабе невялікай аднапакаёўкі. Але здача новага дома адкладвалася: не хапала грошай, будаўнічых матэрыялаў. Ён расказаў пра свае думкі Паліне.
— Трэба падшукаць іншую кватэру. А то пачнуць нас языкамі абмываць.
— Ёсць варыянт. На суседняй вуліцы жыве мая сяброўка. Яна старэйшая за мяне. Некалі разам працавалі ў школе. Ты, можа, ведаеш яе. Дар’я Трафімаўна Азарава. Пасля вайны яна была сакратаром райкама партыі.
— Канешне, ведаю. Прычым, вельмі даўно. Са школьных гадоў.
Убачыўшы здзіўленне на твары Паліны, Андрэй расказаў, як аднойчы Азарава выступала ў Хатыніцкім клубе. Яго вельмі ўразіла, што яна доўга гаварыла і ні ў якія паперы не заглядвала. А гаварыла яна пра міжнароднае становішча, кляйміла амерыканскіх імперыялістаў.
— Здаецца, мы з табой успаміналі яе грэшнае каханне. Некалі яна была закаханая ў вашага хатыніцкага старшыню калгаса Макара Казакевіча.
— Так, памятаю. Калі я працаваў у камсамоле, мы сустракаліся.
— Дык вось, цяпер жыве Дар’я Трафімаўна адна. Сын працуе на цэментным заводзе. Мае сваю кватэру. Гаспадыня — вялікая акуратніца. А кветак у яе мора! Ты будзеш, як у аранжарэі. Заўтра схаджу да яе. Тэлефон на кватэры ёсць, — Паліна прыцішыла голас, хоць у доме не было нікога апрача іх. — У сераду ці ў які іншы дзень яна будзе ездзіць да ўнукаў. А мы можам пабачыцца. Які табе дзень лепей? Больш зручны.
Читать дальше