У палаце пачуўся стрыманы смех.
Калі мужчыны пайшлі курыць, Борчык задумаўся. Ён хоць і не бачыў Наташу ў палаце, але ж ведаў, што яна прыходзіла да яго, пра гэта яму паведамляў сіпаты. Але вось толькі цяпер ён зразумеў, што прыходзіла Наташа не да яго, а да Андрэя Хруцкага, і яго руку, калі верыць словам сіпатага, доўга трымала ў сваіх далонях. Значыць, яны добра знаёмыя альбо паміж імі існуюць таемныя адносіны. А ён паверыў і даверыўся гэтаму Андрэю Хруцкаму. Э-эх!
Борчык сеў на ложку і апусціў ногі на падлогу. Яму хацелася хадзіць, дзейнічасць, і ён паспрабаваў устаць.
— Не ранавата, браток, сабраўся спрабаваць сілы? — хударлявы мужчына з барадой пільна глядзеў на Борчыка праз акуляры.
— Відаць, рана. Не хапае моцы ўстаць.
— Нічога. Хутка акрыяеш. А пакуль патрэбна ляжаць.
У гэты момант у палату ўвайшла Г анна. Яна трымала за руку дзяўчынку, на русай галоўцы якой красаваліся два чырвоныя банты.
— Тата! — ускрыкнула малая, выхапіла руку з матчынай далоні, кінулася да Борчыка і, ашчаперыўшы аберуч яго за ногі, прытулілася да каленяў.
Надзвычайнае ўзрушэнне ахапіла Альфрэда. Сэрца азвалася цеплынёй і пяшчотай, а вочы зрабіліся вільготнымі: вось яно сапраўднае шчасце жыцця!.. Аказваецца, што яно не ў багацці, не ў каханні да жанчыны, а ў шчырай любові дзіцяці да тваёй нікому больш не патрэбнай істоты. Так думаў Альфрэд Борчык, гладзячы па русавалосай галоўцы дачку Андрэя Хруцкага. Ганна ж з замілаваннем назірала за іх сустрэчай...
Борчыку было па-свойму і радасна, і страшна: а што, калі і Ганна, і яе дачка пазнаюць, што ён не Хруцкі?.. Таму нецярпліва чакаў таго моманту, калі Ганна з Юлькай урэшце пойдуць дадому. Душа ягоная ўвесь час была ўзрушана. Борчык баяўся глядзець ім у вочы, асабліва Юльцы. Яму здавалася, што па яго вачах Юлька здагадаецца пра падман. Калі яны ўрэшце сышлі, Альфрэд нацягнуў коўдру на галаву і адчуў, што па шчацэ павольна пакацілася сляза...
Нарадзіўся Альфрэд Борчык у адным літоўскім мястэчку, непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Праўда, тады мяжы не існавала, а з’явілася яна пасля развалу Савецкага Саюза. І аказалася, што такая перашкода, як дзяржаўная мяжа, можа даць магчымасць прадпрымальнаму чалавеку зарабляць сякія-такія грошы. На легкавіку з Літвы ў Беларусь вёз Альфрэд цыгарэты вядомых фірм, сёе-тое з адзення і абутку, што можна было хутка прадаць з неблагім прыбыткам. У Беларусі запраўляў паўнюткі бак аўтамашыны, назапашваўся таннай гарэлкай.
Бацьку Альфрэда гэты сынаў занятак не падабаўся. Ён — майстра цеслярскай справы, лічыў, што зарабляць трэба працай сваіх рук, а не метадам купліпродажу, і ўсё ўгаворваў сына далучыцца да ягонай брыгады будаўнікоў, якая наймалася рамантаваць і ўзводзіць індывідуальныя дамы.
Альфрэд, хаця і ведаў з маленства, як трэба абыходзіцца з сякерай і кельмай, у будаўнікі не спяшаўся. Але з часам усё больш складана было прадпрымальнаму Альфрэду правозіць свой тавар праз мяжу: удасканальваўся мытны кантроль, грашовы прыбытак змяншаўся, а рызыка канфіскацыі тавару і машыны ўзрастала. Альфрэд урэшце далучыўся да будаўнічай брыгады.
Кемлівы хлопец падаў ідэю, якую падтрымалі ўсе члены брыгады: «Трэба набываць зямельныя ўчасткі ў прэстыжных месцах і ўзводзіць дамы за свае сродкі, а потым іх прадаваць». Брыгада даволі хутка пабудавала першы катэдж і выгадна яго прадала. На выручаныя сродкі змаглі закласці адразу тры дамы. Пазней брыгада раздзялілася на дзве. Адну з іх і ўзначаліў Альфрэд Борчык. Праца захапіла яго цалкам. З ранку і да позняга вечара Альфрэд быў у клопатах. І ягоны бізнес паступова пашыраўся. Капітал павялічваўся. Раслі і абміцыі Альфрэда Борчыка. Яны і прывялі яго ў Беларусь, дзе спакойна можна было займацца сумленным бізнесам. На форуме бізнесменаў у Мінску Борчык пазнаёміўся з прадпрымальнікам аднаго буйнога беларускага горада. Той прапанаваў Борчыку працаваць сумесна. Звалі таго прадпрымальніка Ігар. Не тоячыся, ён сказаў, што ў яго ёсць цікавыя ідэі, але не хапае грошай, каб іх рэалізаваць. Альфрэд параіўся з бацькам і з сябрамі. Бацька і сябры лічылі: што рызыка вялікая, аднак жа даводзілі, што і прыбытак мусіць быць значным.
— Многае залежыць ад кампаньёна, — казаў бацька Альфрэду. — Калі адчуваеш, што ён чалавек надзейны, — рызыкуй. Але ж і ўлічвай: калі прагарыш, прыйдзецца пачынаць амаль з нуля.
Доўга думаў, сумняваўся, узважваў Альфрэд Борчык і ўсё ж рызыкнуў. Новая справа захапіла, акрыліла. Патрабавала штодзённай прысутнасці і Альфрэд мусіў купіць кватэру ў гэтым горадзе. Тут ён зноў пачаў упарта працаваць.
Читать дальше