— Як?..
Перад тым, як назваць імя жонкі, сьледчы, мне здалося, надта ўжо ўважліва зазірнуў мне ў вочы, нібы чакаючы, як я адрэагую…
— Так, Вера, — кіўнуў сьледчы і ня стаў тлумачыць, чаму ягоную шведскую жонку, як і маю беларускую, завуць Верай. — Яна перакананая, што небясьпека для чалавецтва — ня сьпід і не тэрарызм, а грамадства спажываньня, якім і ёсьць сёньня ўвесь Захад. Яна лічыць, што грамадству спажываньня цалкам адпавядае філасофія хрысьціянства, таму трэба мяняць і грамадства, і веру.
Я ня ўцяміў:
— Якую веру?
— Хрысьціянскую, на якой грамадства спажываньня і ўзгадавалася. Свой духоўны пік чалавецтва прайшло напярэдадні хрысьціянства, пасьля пачаўся заняпад, што адчулі на Усходзе, дзе стварылі новую сусьветную рэлігію, але і яна не вырашае праблему, бо не зразумета галоўнае: сёньня, каб ісьці наперад, трэба бегчы назад. А вам ня трэба назад, вы і так там. У тым сэнсе, што, хоць у вас ёсьць храмы, але вы ў сутнасьці сваёй ніякія не хрысьціяне, а, як старажытныя грэкі з рымлянамі, паганцы, і грамадства спажываньня ў вас не сфармавалася. Цывілізацыя перагнала вас, як на стадыёне, на круг, але з трыбунаў здаецца, што вы не апошнія, а наперадзе, і Вера даводзіць, што так не здаецца, а так яно і ёсьць. Што, стаўшы аўтсайдэрамі, вы сталі лідэрамі. І ня трэба лезьці да вас з правамі чалавека, з усёй бліскучай лухтой, прыдуманай грамадствам спажываньня дзеля апраўданьня свайго існаваньня. Бо гэта — як вешаць на вашу паганскую елку не цукеркі, а фанцікі. Рэпартаж так і называўся: «Цукеркі і фанцікі». І з яго вынікала, што ня вам трэба рухацца да Еўропы, а Еўропе да вас, да той чалавечай сутнасьці, да тых нязьменнасьцяў , якія вы захавалі. Калі, канешне, Еўропа ня хоча, каб яе крывяносныя сасуды пазабівала халестырынам, а хоча, каб у ёй білася жывое сэрца і дух жывы лунаў.
Во як…
Жылі і ня ведалі пра сваё шчасьце.
За такое і ў нас бы ёй прэмію далі.
— А дзе жыве вашая жонка?..
«Выпадкова ня ў Менску?..» — хацеў я спытаць, ды сьледчы неяк дзіўна раэгуе на маё пытаньне: глядзіць так, нібы сам ня ведае, дзе яна жыве.
— Тут… у Мальма… — цягне ён, і ўва мне ўзьнікае падазрэньне, што з жонкай у яго, як і ў мяне, праблемы. — У яе свая кватэра, там кот у яе жыве. Асобна, бо я не люблю катоў.
Гэта правільна. Калі б у мяне была свая жонка, а ў жонкі яшчэ і свая кватэра, дык у ёй жыў бы кот. Асобна, бо я не люблю катоў.
— Вы жонку маю зацікавілі, яна хоча напісаць пра вас, — тлумачыць, нарэшце, сьледчы, да чаго ўся папярэдняя размова. — Прасіла спытаць, ці вы згодны?
Чаму не?.. Толькі адвакат папярэдзіў, каб я без яго — нікому ні слова, таму мне трэба параіцца з адвакатам.
— Ануча пад абцасам, — кажа пра майго сьледчага мой адвакат. — Гэта праблема Швецыі. Жонка ягоная, з якой ён, між намі… — адвакат робіць паўзу і нешта не дагаворвае… — дык яна заўсёды дзіўнаватая была, а ў апошні час зусім стала лявачка, што таксама праблема. Да таго ж яна ненармальная, а яе на каралеўскія прыёмы запрашаюць. Нядаўна на вясельлі дацкага прынца красавалася. Напісала, што са шлейфа нявесты можна было б сотню сукенак для голых афрыканак пашыць. І ўсё, больш ні слова. Прынцэса прачытала, скандал… Так што няхай і пра вас напіша, скандал не зашкодзіць.
Можа, і не зашкодзіць…
Мне ўжо нічога зашкодзіць ня можа…
Сьледчы сказаў, каб я ўключыў тэлевізар пасьля вечаровых навінаў, калі хачу ўбачыць ягоную жонку, якую зноў запрасілі на каралеўскае вясельле, скуль яна будзе весьці рэпартаж.
Я ўключыў…
Гішпанскі кронпрынц Філіп жаніўся з Летыцыяй Орціс. Нявеста, гішпанская тэлежурналістка, а цяпер прынцэса Астурыйская, магла б і сама рэпартаж правесьці. Тады б не пачула тое, што пачула. Што вясельле — на ўсю Еўропу, і што з вясельнага стала можна было б накарміць усіх бежанцаў, колькі іх у Еўропе ёсьць… «Але есьці з гэтага стала, які ломіцца ад ежы і пітва ў крышталі і золаце, будуць ня бежанцы, не галодныя дзеці, а згаладалыя і сасьмяглыя Іх Вялікасьці Кароль Гішпаніі Іаан Карл І і Каралева Сафія, Іх Каралеўскія Вялікасьці Аўгусьцейшыя Жаніх і Нявеста, Інфанта Алена Гішпанская і Герцаг дэ Луга, Яе Імператарская Вялікасьць Галава Расейскага Імператарскага Дому Гасударыня Вялікая Княгіня Марыя Уладзіміраўна, Іх Вялікасьць Каралева Галандыі Беатрыса І, Каралева Даніі Маргарыта ІІ, Кароль Грэцыі Канстанцін ІІ і Каралева Анна-Марыя, Кароль Бельгіі Альберт ІІ і і Каралева Паола, Кароль Швецыі Карл ХVІ Густаў і Каралева Сільвія, Кароль Нарвегіі Харальд V і Каралева Соня, Іх Каралеўскія Вялікасьці Вялікі Герцаг Люксембургскі Генрых і Вялікая Герцагіня Марыя-Тэрэза, Герцаг Браганцкі Дуартэ…»
Читать дальше