Дні за два да ад’езду мне пазваніла Наста… Ніхто, апроч Веры, ня ведаў, а яна аднекуль ведала, што я зьязджаю. Толькі думала, што мы зьязджаем разам. Я і Вера. Сказала, што правільна робім, тут нічога не дачакаемся. Сказала, што дапамагала мне апошнім часам ня столькі праз мяне, колькі праз Веру. Чаму?.. Бо я ў параўнаньні з Верай — шчанюк, а яна, Наста, сука. Спытала, ці памірыліся мы? Яна б не хацела, каб праз яе нешта ў нас ня склалася…
Скуль яна ўзяла, што праз яе?
Калі я дазнаўся, што Веры ня стала, чамусьці адразу пра Насту падумаў, пра яе бамбізу-кіроўцу з гэбісцкай мордай. Успомніў яе крык: «Едзь давай, разьбярэшся!..» Але ж не забіваюць за тое, што апырскалі кавай? Ці ў нас могуць забіць?..
Шведскі сьледчы ўсё хоча разабрацца, што там з намі і ў нас адбываецца.
— Вы першую палову жыцьця хадзілі на савецкія шэсьці: Першамай, Кастрычнік… Так?
— Так.
— А другую палову жыцьця — на шэсьці антысавецкія. Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях… Так?
— Так.
— Тады скажыце мне, толькі падумайце: гэта нармальна?
— А што тут ненармальнага?..
Шведскі сьледчы глядзіць на мяне бездапаможна: «Ну, не ведаю… Я толькі хачу вас папярэдзіць, што вы зноў можаце апынуцца там . Вас туды могуць выдаць, калі адвакат не даб’ецца псіхіятрычнай эксьпертызы».
Нарэшце яны, адвакат і сьледчы, выйшаўшы з пункта А і з пункта Б , сыйшліся. Не важна, што адзін з іх спыніўся ў пункце «выслаць» , а другі — у пункце «выдаць» . Пункт адзін і той жа… Але і ў тым, што мяне не вышлюць і не выдадуць, бо прызнаюць псіхічна хворым, сьледчы, як і адвакат, не сумняваецца. Хоць ніхто з эксьпертаў не сябар ягоны і ён ні з кім і ні пра што не дамаўляўся…
Яму шкада мяне.
Чаму яны ўсе мяне шкадуюць?.. Сьледчыя, міністры, адвакаты, хай нават яны жулікі?.. Феміністкі з іміграцыйнай службы і феміністкі з таварыства аховы жывёлін?.. Таму, што я жыў там, дзе я жыў, і лічыў сваё жыцьцё нармальным?
Дык яно і было нармальным. Яшчэ трэба разабрацца, дзе яно ненармальнае. Там, дзе турма — турма, з карцэрам і парашай, ці там, дзе турма — нумар у гатэлі. З тэлевізарам, халадзільнікам і падагрэтай падлогай. Ды яшчэ з прабачэньнямі, што тэлефона няма і кампутар да інтэрнету не падключаны, бо, пакуль вядзецца сьледства, сувязь забароненая. А пасьля, калі асудзяць, калі ласка. Хочаш — сядзі ў інтэрнэце, хочаш — з інструктарам на лыжах катайся. Хай сабе нават ты двойчы забойца.
Дома ў камеру на дзесяць чалавек нас па трыццаць набівалі. Не прадыхнуць… Па тры разы на дзень прытомнасьць страчваеш. І не ўсьведамляеш, прытомны ты ці не, калі чуеш: «Там, дзе канчаюцца з а мкі, там канчаецца Еўропа. Пад Смаленскам… І калі мы ўзновім, адбудуем нашыя замкі, мы дойдзем да Еўропы, вернемся ў яе».
Вера казала: «Мы тады некуды вернемся, калі дойдзем да такіх, як у Еўропе, турмаў. Але дай нам такія турмы — нікога на волі не застанецца. Для нас такія турмы — замкі.
Мы рабы, нас цягне ў рабства. Там камфортна, зацішна. А свабода — вецер. Ген свабоды нам не прывіць, у рабоў ён не прыжываецца. Таму мы і шчасьлівыя ў рабстве».
Шведскі сьледчы кажа: «Дарма вы пра ўсіх сваіх горш чым пра ўсіх астатніх думаеце. Свае — найлепшыя, якімі б яны ні былі. Гэта найпершая ўмова для стварэньня чаго заўгодна чалавечага, пачынаючы з сям’і».
Сям’і ня выйшла…
Вера лічыла мяне сваім, але не найлепшым. І народ лічыла сваім, але не найлепшым. І апазіцыю… Недалэнгамі яна лічыла і мяне, і апазіцыю, і народ.
Так ня можа быць. Ці можа? Каб усе — недалэнгі…
— У мяне жонка журналістка, даволі вядомая, — кажа сьледчы. — Яна ў вас ня раз бывала. Дык у першым рэпартажы напісала, што вы лепшыя за нас.
Выходзіць, сьледчы прыкідваўся, быццам ні пра Беларусь, ні пра беларусаў нічога ня ведае…
— А ў другім?
— Што ў другім?..
— А ў другім рэпартажы пра што яна напісала?
— Пра вашую мужнасьць. Пра тое, як мужна вы перанесьлі вайну, вытрымалі Чарнобыль… І як зараз гэтак жа мужна, сьцяўшы рот, перажываеце дыктатуру.
— Мы мужна перажываем дыктатуру?
— Я ў вас ня быў. Яна так напісала.
Што ж, мужна дык мужна…
Дыктатуру дык дыктатуру…
— А ў трэцім рэпартажы?..
— О!.. — Сьледчы, што дзіўнавата для шведа, у захапленьні ад жонкі. Я таксама рады, што яна ў яго ёсьць, бо гэта праз яе, мусібыць, ён такі гаваркі. А я ўсё гадаў, чаму ён неабавязковыя для сьледства размовы со мной водзіць?..
Ва ўсім ёсьць прычына.
Сэрца без прычыны не спыняецца.
— Гэта не рэпартаж быў, фантастыка! Ёй прэмію за яго далі… Жонка мая… яе, дарэчы, Верай завуць…
Читать дальше