Выходзіла: адкуль я выехаў — туды прыехаў. А сьледчы страшыў, што найгоршае, што мяне чакае — пажыцьцёвае зьняволеньне на 15 гадоў.
— Гэта не закон, а рашэньне ўраду, — нярвова доводзіць мне адвакат, я ўпершыню бачу яго нярвовым. Мусібыць, калі мяне вышлюць, Ражон яму не заплоціць, бо за што плаціць?.. — І яно ня можа быць законам! Швецыя перанасычаная імігрантамі, цяпер іх пры любой магчымасьці будуць выпраўляць туды, скуль яны прыехалі. Найперш тых, каго на нечым за руку зловяць… Але ў рашэньні сказана пра дробныя злачынствы, пра дробныя!.. Дык няхай пакажуць мне закон, па якім забойства ў Швецыі — дробнае злачынства!
Не падобна, што адвакат сам верыць у тое, што рашэньне шведскага ўраду ў Швецыі не закон. Фармальна не, але… Улада ўсюды ўлада.
Адвакат разумее, што не давёў нічога ні мне, ні сабе, таму кажа, што ў любым выпадку дэпартуюць мяне ня заўтра, бо шведская бюракратычная машына — ня «Формула-1», і мы пасьпеем прайсьці псіхіятрычную эксьпертызу, а ўжо прызнанага хворым хай мяне хоць хто паспрабуе дэпартаваць хоць па якіх рашэньнях ці законах. А ў тым, што мяне прызнаюць хворым, ён ня мае сумневу. І не таму, што ў эксьпертах ягоны сябар, з якім пра ўсё дамоўлена, а таму, што любы чалавек, які жыў там, дзе жыў я, і лічыў сваё жыцьцё нармальным — хворы і ёсьць. Пасьля апошняга нашага спатканьня, як сьлед падумаўшы, адвакат прыйшоў да такой высновы.
Разьвітваючыся, ён спытаў ціха, шэптам: «А вы там, дома, нікога, апроч ката, не забілі?.. Ды што вы так наструніліся, я жартую…»
Ён не жартаваў.
Вярнуўшыся ў камеру, я ўключыў тэлевізар. У выпуску навінаў выступаў нейкі нацыяналіст. Худы, востратвары. Шведскія нацыяналісты пераважна худыя і называюць сябе шведскімі дэмакратамі. І вось гэты шведскі дэмакрат, а насамрэч шведскі нацыяналіст, казаў якраз пра мяне, беларускага нацыяналіста. Не персанальна пра мяне, а ўвогуле пра такіх, як я… «Яны прыязджаюць да нас, крадуць, страляюць, а мы павінны судзіць іх па нашых законах, даглядаць і карміць у нашых турмах — за чые грошы? Я ня згодны, каб за мае. І ніводны швед ня згодны. Няхай іх судзяць і ў турмы садзяць дома…»
Востратвары нацыянал-дэмакрат глядзеў некуды міма камеры і прамаўляў так, нібы апраўдваўся. Не выглядаў ён перакананым, што кожны швед з ім згодны. Нехта ж можа крык усчаць: «А гуманітарныя прынцыпы! А правы чалавека!..» Тут ёсьць каму крычаць, тут кантораў па правах чалавека ня меней, чым па ахове жывёлінаў.
Неяк прысьнілася, быццам Вера прыехала і служыць ў такой канторы. Стаіць у пікеце на Sцdra Fцrstagatan з плакатам: «Здавайце забітых у пункт прыёмкі забітых». І Ражон каля яе з бел-чырвона-белым сьцяжком круціцца, у мяне пытаецца: «Ты чаму забітага ў пункт прыёмкі ня здаў?..» Я Ражна адпіхваю, бо што мне Ражон хоць і з бел-чырвона-белым сьцяжком, мне Веры трэба растлумачыць, што Södra Förstagatan — не Бангалор, што ўвогуле ў Швецыі дэмакратыя, тут забітых здаюць, куды захочуць, а Вера адказвае, што так няправільна, бо, як хаваюць на адным месцы, гэтаксама ў адно месца трэба здаваць, вунь у нас жа здаюць у судмедэксьпертызу…
Калі Веру з перарэзанамі венамі знайшлі ў яе аднапакаёйцы і адвезьлі ў судмедэксьпертызу, там напісалі, што спачатку ў Веры спынілася сэрца, а пасьля ўжо яна набрала ванну і ўзрэзала вены. Таму так мала нацякло крыві…
Прычыну, па якой спынілася сэрца, судмедэксьпертыза не ўстанавіла. Не было прычыны. Доза алкаголю, які знайшлі ў крыві, прычынай быць не магла.
Здарылася гэта ў той дзень і прыблізна ў той жа час, калі я сеў на цягнік да Масквы, каб у Маскве сесьці ў самалёт да Стагкольма… Так што ў гэты час я мог не быць у Менску, а мог і быць — Вера жыла побач з вакзалам. Я мог з ёй выпіць, спыніць ёй сэрца, зацягнуць у ванну, перарэзаць вены і пасьпець на цягнік.
Калі не, чаму зьбег?..
Сьлядоў маіх у кватэры хапала.
Па горадзе пакацілася: забілі некага з апазіцыі! КДБ, сьпецслужбы забілі, бо ў каго яшчэ ёсьць нешта такое, што сэрца спыняе нібыта без прычын? У інтэрнэце замільгала: «Дыктатура не расправіцца з нашай ВЕРАЙ!» Дык што рабіць сьпецслужбам дыктатуры? Калі забойца сам у апазіцыі — і да таго ж зьбег за мяжу… Таму і наструніла мяне пытаньне адваката: «Вы дома нікога не забілі?..» Я падумаў, што прыйшлі дакументы на экстрадыцыю. А гэта не ананімка пра ката…
Няўжо ўсё ж Вера напісала?.. У апошні вечар жыцьця села і напісала ў шведскую іміграцыйную службу, каб мне не давалі палітычнага прытулку, бо я ката забіў?..
Тады ў якім жа яна адчаі была… І пры чым тут сьпецслужбы? Можа, і пры чым, але не пры гэтым.
Читать дальше