Мой бацька, як амаль кожны рускі, не любіў сябе, а праз тое не любіў нікога. Памёр ён лёгка, ад сэрца, хоць баяўся сьмерці. Ня так, можа, сьмерці, як таго сьвету, на якім нічога добрага чакаць яго, грэшніка, не магло. Маці ж старалася любіць усіх, ды ў яе нават са мной ня надта яно ўдавалася. Ні сьмерці яна, ні таго сьвету не баялася, бо лічыла, што прад Богам і людзьмі не грашыла, а ўсё ж сьмерць паслаў ёй Бог пакутлівую: памірала яна ад раку. Калі ёй стала невыносна балюча і ўжо не дапамагалі ніякія лекі, я перасялілася ў яе і ўзяла яе боль. Я курчылася ад яе болю, а ёй стала лёгка, і яна глядзела на мяне і ўсьміхалася. Так, усьміхаючыся, і памерла.
Як курчылася я ад болю, канаючы пад Цмокам, як балела мне, калі перасялілася ў маці, гэтаксама мне балела, калі я перасялілася ў сьцяг.
Гэта было ў дні рэферэндуму па зьмене Канстытуцыі, на якім беларусы сьцяг свой адпрэчылі. А зааадно — і свой герб, дый сваю мову. Адмовіліся ад усяго свайго — і бессаромна сталі жыць далей.
Пад валуном у яміне.
Некаторыя саромеліся… Маўляў, мы не адмаўляліся, нас падманулі. Дык што ж вы маўчалі, калі вас падманулі? Прамаўчыўшы, вы адмовіліся двойчы. Значыць, адмовіцеся і тройчы, як тройчы пракрычаў певень.
Пасьля рэферэндуму мяне разам са сьцягам разадралі на шматкі і раздалі на сувеніры.
Тады я ў другі раз памерла. Але ўваскрэсла, бо надта любіла жыць. Калі любіш жыць, навошта быць мёртвым?
Лунае, нескароны,
На векавых вятрах
Наш, ад крыві чырвоны,
Ад болю белы, сьцяг.
Я ўваскрэсла, а Сьвятаслаў ня змог. Ён не трываў таго, што крывянела і балела… Адварочваўся, каб не заўважаць.
Ён слабы, але зразумела я гэта не адразу.
Калі на Дзядах каля Усходніх могілак міліцыянты цягнулі яго, скручанага, у «варанок», а ён балюча зыркаў з-пад вывернутага локця, спалоханы, бездапаможны, я магла гэтага не заўважыць. Ці зрабіць выгляд, што не заўважыла, як гэта зрабіла Наста. Але мне здалося, што ён паклікаў мяне. Я кінулася адбіваць яго — і адбіла свой лёс.
Наш лёс залежыць ад таго, хто нас пакліча.
Сьвятаслаў казаў: «Нас паклікала Айчына!» Балбатня… Пакліч: «Айчына!..» І яшчэ раз пакліч, і хоць сто разоў — хто адгукнецца?.. Ніхто.
Яго Айчына паклікала, а ён яе кінуў.
Калі каля Купалаўскага тэатру ў кавярні пад парасонамі ён сказаў, што нарэшце прыдумаў, як нам жыць разам, у сваім доме, сям’ёй, з дзецьмі, што нам трэба зьязджаць адсюль, бо, калі ўсім можна, дык чаму нам нельга? — я адказала, што нікуды з ім не паеду, бо ён гэткі ж пацук, як і ўсе астатнія, што пазьбягалі, а я не хачу ні ў доме з пацуком жыць, ні дзяцей мець ад пацука. Паднялася і пайшла ад яго, не ведаючы, куды, а ён глянуў мне ўсьлед — і не паклікаў.
Ён жорсткі.
У яго ў Ваўкавыску сабака быў — напалову воўк. Ён і карміў яго, як воўка, раз ці два на тыдзень. Каб люцеў з голаду…
Наста неяк расказала, як з тым сабакам і братам стрыечным ён на рыбалку яе ўзяў. Даўно, да мяне. Налавіўшы з вечару плотак, раніцай ён, калі Наста яшчэ спала, зноў рушыў з братам на раку, загадаўшы свайму напаўвоўку сьцерагчы налоўленую рыбу. Прачнуўшыся, Наста надумала сьняданак згатаваць. Пацягнулася да рыбы, а воўк зубамі клац — і далонь наскрозь. Не зарычэўшы перад тым, ня гаўкнуўшы, не папярэдзіўшы, каб не чапала. Клац — і наскрозь. І трымае, не адпускае. Яна гадзіны паўтары сядзела над той рыбай з рукою ў зьвярынай пашчы, пакуль браты вярнуліся. Сьвятаслаў не накінуўся на свайго зьвера, каб пакараць яго, не… Падышоў, пагладзіў па галаве. Ня Насту пагладзіў, а воўка. Сказаў: «Малайчына… — і паказаў на рыбу, якую, выканаўшы загад ягоны, звартаваў зьвер: — Еш, заслужыў». Толькі тады воўк разьняў іклы і вызваліў руку. Пашчасьціла, што не зачапіў сухажыльлі…
Брат ня вытрываў, накінуўся на брата: «Ды як ты так можаш, ды ты!..» — і Сьвятаслаў крыкнуў напаўвоўку: «Фас!» Той зьбіў стрыечніка з ног, ледзьве не загрыз…
Ён жорсткі, бо слабы. Жорсткі ад слабасьці.
Я сказала яму пра гэта на Шведавай гары, калі ён прызнаўся, што ў маленстве забіў ката. Ні за што, без прычыны. Схапіў за лапы — і аб слуп галавой.
Звычайна ён не прызнаваўся нават у відавочным. Вызьверыўся, калі я папракнула яго, што ён скарыстоўвае каханьне Насты, мае праз яе нейкія адносіны з уладай… І раптам адкрыўся ў тым, пра што ніхто ня ведаў, у чым прызнаюцца ці людзям зусім выпадковым, ці найблізкім. Не, найблізкім якраз не, ім дастаецца найболей маны, а прызнаюцца толькі ці выпадковым, як начны спадарожнік у вагоне, ці самім сабе.
Читать дальше