Бясконца двоеўладства цягнуцца не магло, і прыйшоў час сустрэцца ў полі. Першага верасня 1435 года варожыя бакі сустрэліся на рацэ Святой. Жыгімонту Кейстутавічу палякі далі памогу - восем тысяч рыцараў. Свідрыгайла вывеў пяць харугваў - смаленскую, віцебскую, кіеўскую, амсціслаўскую, полацкую. Яму пасабляў князь Жыгімонт Карыбут, і яшчэ прыйшлі на дапамогу лівонскія харугвы і харугва немцаў.
Войскі сышліся, тысяч за дваццаць людзей шчыльнымі шыхтамі чакалі загаду на забойствы. Андрэй Іллініч стаяў у полацкай харугве сярод перадхаругоўных.
Узіраючыся ў гуфы Жыгімонта, мучыўся нядобрымі прадчуваннямі. Прывёў на гэтую бітву старэйшага сына і цяпер шкадаваў. Усё паўставаў перад вачыма Мішка Расевіч, якім запомніўся на досвітку перад Грунвальдскай сечай, калі ўгадаў дёс і прыскакаў развітацца. І Андрэй зараз не верыў у добры зыход дня. Князь спаліў мітрапаліта, той пракляў яго ў агні; цяпер усім прыхільнікам Свідрыгайлы за гэты грэх прыйдзецца расплаціцца.
Шыхты Жыгімонта ашчацініліся дзідамі, ашчэрыліся мечамі і, набіраючы хуткасць, пайшлі наперад; ім насустрач зарысілі буфы Свідрыгайлы і Карыбута; з абодвух бакоў плёснула нянавісць, з абодвух бакоў шалёна грымнулі: «Бі! Сячы!» І пачалі секчыся.
У нейкую хвіліну Андрэй моцна занепакоіўся за сына. Кінуўся шукаць яго і знайшоў - Іванка ляжаў на зямлі з крывавай мецінай на скроні. Андрэй кінуў меч, скочыў да сына, нажом узрэзаў рамяні панцыра - і прыпаў слухаць сэрца. Скрозь ляск, крыкі, тупат, звон пачуў ён слабае біццё сэрца. Першынец, іхны с Соф'яй улюбёнец, наступнік стаяў на парозе смерці.
Ён узяў Іванку на рукі і пайшоў прэч з поля, дзе шукалі сабе здабычу сякеры, дзіды, стрэлы, чаканы. Ішоў сярод разліву сечы - бяззбройны, безабаронны, скораны. Бачыў толькі бяскроўны твар сына, спадзяваўся ўратаваць і не ўсвядоміў, не паверыў, здзівіўся, калі адчуў цемем пякучы ўдар меча.
Ён ляжаў каля сына на сагрэтай сонцам зямлі і чуў, як травінкі, карэньчыкі, іржавыя і бліскучыя пясчынкі ўбіраюць іхную кроў, іх жыцці, нешта шэпчуць, рассоўваюцца, запрашаючы ў глыбіню, у лона зямлі, да вечнага спакою...
І яшчэ тысячы людзей загінулі ў той бітве, амаль усё войска Свідрыгайлы было пасечана. Але сам Свідрыгайла ўратаваўся, жыў на Валыні і перажыў свайго пераможцу.
Жыгімонт Кейстутавіч княжыў яшчэ чатыры гады, а на пятым быў забіты змоўшчыкамі ў сваёй капліцы ў Троках. Вялікім князем Літвы, Русі і Жамойці паны і баяры абралі малодшага сына Ягайлы - Казіміра, яму было трынаццаць гадоў.
Але гэта ўжо іншы час, іншыя людзі.
Альгерд- вялікі князь літоўскі, суваладар Кейстута ў Вялікім Княстве. У 1362 годзе нанёс паражэнне татарам у бітве на Сіняй Вадзе, што паклала канец татарскаму прыгнёту на ўкраінскіх землях.
Андрэй Альгердавіч- князь полацкі, старэйшы брат Ягайлы, змагаўся з ім за вярхоўную ўладу, некалькі гадоў правёў у зняволенні, вызвалены Вітаўтам. Герой Кулікоўскай бітвы. Загінуў у бітве на Ворскле.
Багардзін- татарскі хан; быў цемнікам у хана Джэлаладзіна. Паводле нямецкіх хронік, Багардзін у Грунвальдскай бітве нанёс вялікаму магістру смяротны ўдар.
Вацлаў ІV(1361-1419) - з 1378 года чэшскі кароль, сын імператара Карла ІV.
Вітаўт-Аляксандар(1350-1430) - вялікі князь літоўскі з 1392 года, сын Кейстута. У першым шлюбе быў жанаты з Марыяй Лукомльскай. Дачка Соф'я стала жонкай маскоўскага князя Васіля Дзімітравіча, сына Дзімітра Данскога. Яе сын - Васіль Цёмны.
Гедзімін(1257-1341) - вялікі князь літоўскі. Пашырыў межы Вялікага Княства, перанёс сталіцу з Наваградка ў Вільню, пабудаваў каменныя замкі ў Троках, Медніках, Крэве, Лідзе, Наваградку. Загінуў пры аблозе крыжацкага замка Баэрбург, каля вусця Нёмана.
Кейстут- суваладар Альгерда ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сын Гедзіміна. Забіты ў 1382 годзе па загаду Ягайлы ў Крэўскім замку.
Міндоўг(1200-1263) - заснавальнік беларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. У 1240 годзе быў запрошаны баявым князем Наваградка, які зрабіў сталіцай дзяржавы.
Свідрыгайла- у 1430-1432 гадах вялікі князь літоўскі, малодшы сын Альгерда, брат Ягайлы. Памёр у 1452 годзе.
Жыгімонт- вялікі князь літоўскі ў 1432-1440 гадах. Сын Кейстута. У Грунвальдскай бітве ачольваў наваградскую харугву.
Цыбулька Мікалай- узначальваў канцылярыю і дыпламатычную службу Вітаўта ў 1409-1429 гадах.
Франкенберг Конрад- перабежчык да Вітаўта ад крыжакоў. У 1407-1409 гадах натарый Вітаўта. Пазней - стараста Крамянецкага замка. Забіты ў 1418 годзе пры захопе замка аддзелам князя Астрожскага.
Читать дальше