Эрых Марыя Рэмарк
Тры таварышы
Неба, яшчэ не закопчанае дымам з фабрычнага каміна, было жоўтае, як латунь. Па-за дахамі фабрыкі яно гарэла асабліва ярка. Вось-вось узыдзе сонца. Я зірнуў на гадзіннік. Яшчэ не было васьмі. Без чвэрці.
Я адчыніў вароты і падрыхтаваў помпу бензакалонкі. У гэты час звычайна на запраўку ўжо пад'язджалі першыя машыны. Раптам я пачуў за спінай хрыпаты крэкат, быццам пад зямлёй круцілі заржавелы вінт. Я спыніўся і прыслухаўся. Затым я вярнуўся праз двор да майстэрні і асцярожна адчыніў дзверы. У паўзмроку памяшкання блукаў, хістаючыся, прывід. На ім была брудная, некалі белая, хустка, сіні фартух, грубыя пантофлі. Гэты прывід, які размахваў венікам, важыў не менш 90 кілаграмаў. То была наша прыбіральшчыца Мацільда Штос.
Я хвілінку пастаяў, пазіраючы на яе. З грацыяй бегемота яна сноўдалася паміж радыятарамі аўтамабіляў і глухім голасам спявала песню пра вернага гусара. На стале каля акна стаялі дзве бутэлькі каньяку. Адна ўжо была амаль пустая. Учора ўвечары яна была яшчэ поўная. Я тады забыўся схаваць яе.
— Але… фраў Штос, — сказаў я.
Спеў абарваўся. Венік упаў долу. Шчаслівая ўсмешка пагасла. Цяпер я стаў прывідам.
— Езус Хрыстус, — прамармытала Мацільда і ўтаропілася на мяне чырвонымі вачыма. — Так рана я вас не чакала…
— Разумею. Добра пайшло?
— Добра… але ж няёмка. — Яна выцерла губы. — Я аж аслупянела.
— Гэта вы ўжо занадта. Не аслупянела — ап'янела. У дым.
Яна ледзь стаяла на нагах. Яе вусны торгаліся, а вейкі хлопалі, як у старой савы. Але памалу яна прыходзіла да памяці. Яна рашуча зрабіла крок наперад.
— Пан Локамп… чалавек — толькі ўсяго чалавек… спачатку я толькі панюхала… потым глытнула… у мяне ж у страўніку заўсёды круціць… ну, а потым… потым мяне, відаць, апанаваў д'ябал. Ды і нельга ж спакушаць бедную кабеціну, пакідаючы навідавоку пляшку.
Я застаў яе такую не ўпершыню. Кожнае раніцы яна дзве гадзіны прыбірала ў майстэрні. Можна было колькі хочаш пакінуць грошай — яна не кране. Але да гарэлкі яна была ласая, як кот да сала.
Я ўзяў бутэльку.
— Вядома, каньяк, што для кліентаў, вы не кранулі. А лепшы, ад пана Кёстэра, спажылі.
Усмешка кранула выветраныя рысы Мацільды.
— Што праўда, то праўда. Ведаю смак. Але няўжо вы мяне выдадзіце, пан Локамп? Безабаронную ўдаву?
Я пахітаў галавой.
— Сёння не выдам.
Яна адпусціла падаткнутую спадніцу.
— Тады я хуценька дам лататы. А то прыйдзе пан Кёстэр… божа літасцівы!
Я падышоў да шафы і адчыніў.
— Мацільда!
Яна хуценька прыкандыбала. Я падняў карычневую чатырохкантовую бутэльку.
Яна ўзмахнула рукамі, пратэстуючы.
— Гэта не я! Шчыра! Гэту я не чапала!
— Я ведаю, — сказаў я і наліў поўную чарку. — Пілі калі-небудзь гэты?
— А няўжо ж! — Яна аблізала вусны. — Ром! Вытрыманы ямайскі!
— Выдатна! Тады выпіце чарку.
— Я? — Яна адхіснулася. — Пан Локамп, гэта зашмат! Вы смаліце мяне гарачым жалезам. Старая Штос п'е, як злодзей, ваш каньяк, а вы частуеце яе яшчэ ромам. Вы святы, святы! Лепш памерці, чым стрываць такое.
— Ну што ж… — сказаў я, робячы выгляд, што адстаўляю чарку.
— Ну добра! — Яна паспешліва схапіла яе. — Нельга адмаўляцца ад дабра. Нават калі не разумееш, за што. На здароўе! Можа, у вас дзень нараджэння?
— Так, Мацільда. Адгадала.
— Няўжо праўда? — Яна сціснула мне руку і пачала трэсці. — Віншую ад усяго сэрца! Каб грошы не выводзіліся! Пан Локамп, — яна выцерла вусны, — я так расчулена… за гэта абавязкова трэба кульнуць яшчэ адну. Я ж вас люблю, як сына.
— Цудоўна.
Я наліў ёй яшчэ адну чарку. Яна кульнула яе і ўдзячная пайшла з майстэрні.
Я схаваў бутэлькі і сеў за стол. Слабае сонца свяціла праз акно мне на рукі. Дзіўнае пачуццё, такі вось дзень нараджэння, нават калі не надаваць гэтаму вялікага значэння. Трыццаць гадоў… а былі часы, калі мне здавалася, што не дажыву да дваццаці, такой вялікай уяўлялася адлегласць. А потым…
Я дастаў з шуфляды лісток паперы і пачаў падлікі. Дзяцінства, школа — гэты кавалак быў далёка, невядома дзе, як яго і не было. Сапраўднае жыццё пачалося толькі ў 1916 годзе. Я якраз стаў навабранцам, худым, даўгалыгім, мне было васемнаццаць гадоў. Па камандзе вусатага унтэр-афіцэра я трэніраваўся на пляцы за казармай падаць і ўставаць. Аднаго разу ўвечары да мяне ў казарму прыйшла маці. Ёй давялося больш за гадзіну чакаць мяне — я не ўпакаваў як след свой рэчмяшок і быў пакараны тым, што мусіў у вольны час чысціць салдацкія прыбіральні. Яна хацела дапамагчы мне, але ёй не дазволілі. Яна заплакала, а я так змарыўся, што заснуў пры ёй.
Читать дальше