Нібы астраўкі,
Што падпалі пад воды,
У восень пайшлі
Веснавыя гады.
Дый зараз ідуць
Успаміны ў падводы.
Дагэтуль гараць
І падэшвы й сляды!..
Статыстыку, як мурашу,
Танаж цягнуць зацята.
А я даведку папрашу,
Не колькі мяса на душу,
А чым душа багата.
Паэзія — дзяўчына маладая,
Як перапёлка кліча:
«Жаць-палоць!»
Хай скруха костку поначы глытае,
Дарэмна час не блоць —
Канае плоць.
Паэзія — фартовая красуня,
Партовая,
Чакае караблі,
Праз вушка голкі верблюда прасуне.
Шчасліўчык, помні: й да цябе былі!
Каханка мройная,
Мажная дама —
Яе на ўсе эпітэты стае.
Вядзе свой род ад Евы і Адама,
І чытачы —
Таксама ад яе!
Хоць век твой — краец веташка,
Шлях людзям знач ты, жыцьмеш покі,
Каб не разбіцца, як машка,
Аб ветравое шкло эпохі!
А на шарэнніку хлусня
І мусіць быць салодкай.
Каб выплысці на бераг дня,
Хоць пасылай за лодкай.
Вясло развагі
Спаласні.
Але душа абные
І зноў падасца да хлусні
На астравы начныя!
Шчаслівай зоркі самародак
Цвяліўся з вечнай нематы.
Ашчадна жыў далёкі продак
I ліха важыў на фунты.
Хай хваля паспіць пад чаўнамі.
Блакіт, туманом палавей!
Ластаўка дзень пачынае,
Канчае дзень салавей.
Упрочкі ціша начная
Збіраецца.
Бор, не ўдавей!
Ластаўка дзень пачынае,
Канчае дзень салавей.
У песні аб сінім Дунаі
Усцешна, душа, ласкавей:
Ластаўка дзень пачынае,
Канчае дзень салавей...
Ранак — рынак.
Ну, а дзень — кірмаш.
Разгавей на досвітку душу:
Даль адмервай і надзеі важ,
Засветла вяртайся з кірмашу!
Не трэба
З жанчыны рабіць святую.
Яна зямная, як сенажаць.
Няхай бунтуе,
Адчай бінтуе.
Ёй гора жаць і дзяцей раджаць.
Начэе смуткам,
Днее слязою.
Займаюцца на сенажаці ў цішы
Зняверу дзядоўе
І красак сузор'е —
Каб знічкамі. падаць
У студню душы...
Дабраўшы праўды груз, лухты луску
Тугу дапіўшы з зорнага каўша,
Дзіцём застанься здзіўленым, душа
Нібы адбітак ножкі на пяску.
Не хлеба кус
І сала шмат,
А сэнс ядра зямнога
Разгрызці трэба акурат.
Спраў шмат,
Турбот замнога:
Чарэпаць золата i гразь,
За д'ябла i за бога,
За ўсіх адказным быць,
Іграць
Яшчэ сябе самога.
Нябыт пільнуе кожны міг,
І шчэрыцца знямога.
Усё ён ведае i ўсіх,
Апроч
сябе самога!
Бачаннем не зловіш жураўля.
Дый лавіць яго ці ёсць патрэба.
Без сініцы смуціцца зямля,
Без жураўкі сірацее неба.
Згалелы цень сукоў
Прарэзаў снег пухнаты.
І прывід матылькоў
Счэз, ветрыкам пагнаты.
Стаў дням губляцца лік.
Хоць зоркам дай агню ты!
За ўзгоркам знік цалік,
Узмежкамі пагнуты.
Забылі балаты
На свой настрой паганы,
І рэха з белаты
Хрыпіць, як бом пагбаны...
Цяжка стыхіі стрымацца ў сваіх берагах,
Сляпая любоў адчаю — капрызная.
Калі мора ўскалыша
На хвалях сваіх ураган,
Разумець пачынаеш
Ветразя гордую рызыку.
Баюся,
Не пераплыву
У пасляваенным гарадку
На вольным быстраку
Раку,
Каб вольнай мець
Адну руку,
Не акунуўшы галаву...
Маленства плыткая рака
Глыбокая для хлапчука.
А берагі!
Да неба — той,
Другі —
З трывожнай нематой.
На рэках сталасці віры
Скруціць мяне хацелі ў крук.
Быў на жары
І на вары,
Часамі не хапала рук.
І захлынала з галавой
Бядой,
Як палыны, сівой.
А ўсё здаецца,
Я плыву,
Не акунуўшы галаву...
Свой сэнс мае звычай няўмольны, калі
Ён тлен чалавечы паліць
І попелу жменьку вяртае зямлі...
Каб узыходзіла памяць.
Салёны пот здаўна,
Але
Спазнацьмеш на сваім чале.
Цябе мазоль твой знойдзе,
Ды
Адчуй, як ён свярбіць, цвярды.
Читать дальше