Я слухаў уважліва, але чуў толькі літару «а». таму візуальна-графічнае выяўленне гэтых цудоўных імёнаў у маім успрыманні атрымалася такім: мАрыя, леА, фердзінА, Анні, міА, мАрэя, істА, лАры, іветА, луізА, жАклін.
Мы спусціліся на антыкварную вуліцу Бак, і луўрскі голуб пазнаёміў мяне з сямейнай парай, старымі парыжанамі, што, як зачараваныя, стаялі перад нейкай вітрынаю, светлую прастору якой зацямняў габелен з Абюсона.
У вялікіх еўрапейскіх гарадах варта знаёміцца з людзьмі сталага веку. Яны менш прагматычныя за сваі.х дзяцей ды ўнукаў, і з імі можна гаварыць пра паэзію, не баючыся непаразумення.
Мае новыя знаёмыя адразу ж забылі пра абюсонскі габелен, калі пачулі імя Апалінэра, нібыта я прамовіў не прозвішча паэта, а назваў пароль, нейкае патаемна-сакральнае слова, дзякуючы якому мяне прынялі за свайго.
Мы прыйшлі на вуліцу дэ Аббеі — у круглы скверык, які замілавана прытуліўся да раманскага абацтва Сен-Жэрмен дэ Прэ. У цені высознае вежы я ўбачыў скульптурны партрэт Апалінэра — медна-зялёны бюст, уквечаны мускатнымі кроплямі, якія выслізнулі на волю з гарачых птушыных страўнікаў. Луўрскі голуб тут жа пацвердзіў маё празаічнае назіранне, апусціўшыся на бронзавую галаву паэта.
Ранішні Парыж перакулена засвяціўся ў жабрацкіх зрэнках луўрскага голуба, узмацняючы маё недаўменне: бронзавага Апалінэра ўзвялі побач з цытадэллю дапытлівых маўрыстаў? Ен жыў паблізу, гэта так, але магутныя сцены абацтва — не лепшы фон для маленькага помніка вялікаму паэту.
Я глядзеў на пасмяротны вобраз паэта і заместа чалавечага аблічча бачыў нейкі амаль пачварны рэльеф. Бачыў яшчэ адну карыкатуру на Апалінэра, гэтым разам у бронзе, якую Пікасо выклепаў, асабліва сябе не абцяжарваючы. З камяка дрэнна апрацаванага металу, нібыта сам па сабе, вылез баксёрскі нос, над ім павіс маленькі каталіцкі лобік, а над бухгалтарскімі шчокамі, што надзьмута сышліся ў дзіцячы рот, круглымі пустымі зорамі застылі опіумныя вочы. Вось і ўвесь партрэт. Праўда, мне спадабалася, што валасы ў паэта былі падобныя на лаўровае лісце, ці лепей сказаць: з яго бронзавых валасоў узыходзіла гэтае лісце, у якое час ад часу галоднай дзюбай пазвоньваў луўрскі голуб. I яшчэ ўразіла, што на галаве чарнела шрапнельная рана. Яна, мусіць, і надавала скульптурнаму вобліку асіметрычную тужлівасць, прымушала заўважыць у невідушчых опіумных вачах паэта неразвейны попел крыўды на жанчын, на сяброў, на лёс, на Францыю.
Я спытаў пра апошнюю Апалінэраву кватэру, якая павінна была быць недзе тут — паблізу. Мае ж праважатыя разгублена ўсміхнуліся, азіраючы навакольныя дамы. Яны не ведалі, дзе кватэра, і ніхто не ведаў з прахожых, у каго яны ні пыталіся, — ні гаваркая бона з рахманым дзіцяткам у вазочку на трох колах, ні флегматык-паліцыянт з белай расшпіленай кабурою, ні яшчэ адна старая сямейная пара, што пышна ўладкоўвалася каля кнігарні Галімар у жоўтае таксі.
Магчыма, нешта слязлівае з'явілася ў маім позірку, бо мяне ўзяліся дружна супакойваць: мсье, засмучацца не варта, кватэра паэта знойдзецца, а пакуль можна схадзіць у мастацкі музей. Тут, зусім побач, адно прайсці ў канец вулічкі дэ Аббеі — музей Эжэна Дэлакруа. Хіба мсье не жадае наведаць музей Дэлакруа? Ах, як шкада! Гэта ж вельмі цікавая пінакатэка...
Не, ніякіх музеяў. Мне хацелася застацца аднаму ў гэтым прыцаркоўным скверыку. Я падараваў старым парыжанам серабрысты значок з ляўкоўскім профілем Купалы, і мы развіталіся.
Яны скіравалі на вуліцу Банапарта і пайшлі па сонечным тратуары, агорнутыя залаціста-блакітнымі рэфлексамі. Святло, выявіўшы сваю дамінанту, змякчыла абрысы дрэў, будынкаў, людзей. Краявід займеў сцішаныя лініі, далікатнае віёльнае гучанне. Цені зрабіліся каляровымі, пад лёгкім ветрам яны шамацелі, нібыта крэпдэшын. Залаціста-блакітнае паступова сыходзіла ў аднатонна-сінюю далеч.
Але пабыць аднаму так і не давялося.
У скверык зайшоў лысы, барадаты бадзяга з цэлафанавай сумкай апельсінавага колеру. Каля нысокага манастырскага падмурка ў дальнім кутку скверыка ён па-лёгкаму абтуалеціўся, руку з сумкаю засцерагальна адвёўшы ўбок. Нешта гліняна-скульптурнае, працятае скразняком няўтульнай студыі, з'явілася ў яго напружанай паставе. Адышоўшы ад святое сцяны, ён прылёг на лаўцы, абачліва падмасціўшы пад галаву сваю каляровую торбу. Цэлафан затрашчаў, як сухое ламачча. Адкашляўшыся, бадзяга заснуў.
Шчаслівае воблака яго сну апавядальна праплыло нада мною...
Магчыма, ужо заўтра ён займее новы касцюм і неблагі пакой у цёплай гасцініцы, дзе па вечарах «Берагамі Роны» будзе запіваць сыр-канталь. А самае верагоднае дык, пэўна ж, тое, што яго сезанаўская лысіна хутка знікне пад густымі каштанавымі валасамі, ашчадна перанесенымі з барады на галаву. Шчаслівае воблака дало зразумець, што заўтра ў лысага бадзягі з'явіцца дастаткова грошай, каб заплаціць Жану-Клоду Дарду за аперацыю, за казачнае ўмельства гэтага чараўніка-хірурга аднаўляць страчаныя валасы...
Читать дальше