Аднойчы ён падарыў ёй белую ружу і сам стаў на калені, але і на гэты раз, пераможаны п'янай стомаю, заснуў...
Спаў як ніколі доўга, бачыў у сне Барбару. Яна гладзіла яго па галаве, супакойвала і прасіла прабачыць яе за свае ўцёкі. Побач з ёю стаяў палкоўнік Ружэвіч і залацістым аўсом, насыпаным у глыбокую фуражку, карміў белага каня. Палкоўнік лагодна глядзеў на іх абодвух і прымірэнча ўсміхаўся...
Калі ж прачнуўся, то проста над сабою, над самым тварам, убачыў нерухомую танцорку. Яна абапіралася на паветра.
Януш, яшчэ сонны, дакрануўся да яе ног — і цела яго апошняй жанчыны паслухмяна варухнулася, і варухнулася белая, засохлая за доўгую ноч ружа, заціснутая ў фіялетавай руцэ...
Ен вярнуўся ў Парыж, узяўшы з дарожнага куфра карсіканкі батфорты і кавалерыйскую шпагу.
Усё на тым жа бульвары Клішы выпадкова сустрэў Булацкага і даведаўся пра Барбару.
Яна знайшла свайго мужа ажно ў Італіі, і ён прыняў яе, нічым не папракнуўшы, і яны разам ваявалі, а цяпер яны жывуць у...
— Пустая кабета! — закрычаў Януш Лонскі.
Ен схапіў свайго былога сябра за ўлогі пінжака, ледзьве не сарваўшы нейкі англійскі ордэн, і з радасцю, у якой пазвоньвалі калючыя ільдзінкі шаленства, расказаў пра карсіканку, пра тое, як яны шчасліва жылі на поўдні, як яна ўскоквала на свой экзатычны куфэрак, як прымушала яго станавіцца на калені...
Расказаў пра ўсё, нават пра фіялетавую руку і сухую белую ружу, апантана даказваючы разгубленаму Булацкаму, што ягоная танцорка — самая лепшая жанчына, што яна жыла заўсёды і танцавала ва ўсе часы, што толькі яна — яго каханая і што менавіта яе маляваў Тулуз-Латрэк.
8. НАСТУРКАВЫЯ БАСАНОЖКІ А.
«Хутка Парыж будзе разбураны», — усё прарочыў мой стары павадыр, але глухаватыя парыжане не зважалі на яго прароцтвы. Яны жылі сваімі прароцтвамі. Кожны меў пры сабе, як партманет, сваю маленькую катастрофку — сямейную ці яшчэ якую, і самая нязначная з гэтых катастрофак перавышала трагедыю будучага самаразбурэння Парыжа. Але калі ўсё ж адбудзецца тое, што не павінна адбыцца, — Парыж знікне, кожны з парыжан імгненна здагадаецца як ратавацца. Кожны з парыжан паедзе на сваю гарынь і пабудуе ток, бо толькі там, на беразе маленства, будзс чакаць спажыўны паратунак — неабмалочанае жыта. Дбайнасць — лексічная Персефона жыта, таму сцены і застаронкі новага тока трэба вымазаць глінянай рошчынаю, каб пад час малацьбы ў шчыліны не залятала зерне.
Цяжкі цэп абудзіць у сонных мускулах радасць трывалай незалежнасці ад страху.
Адмалаціўшы, абачлівыя парыжане пачнуць веяць.
Пасля кожнага ненатужнага ўзмаху рукі з альховага шуфліка веялкі будзе вылётваць па дзве жмені засмечанага жыта. Першаю, за якога паўметра ад веялкі, упадзе мякіна, трохі далей — змешанае з нераддзю «озадз'е», а каля самай сцяны, завешанай пыльным брызентам, тоўста пакладзецца «головіца» — чыстае збожжа. А тым часам тысячы родных гарыней будуць напрасткі ўпадаць у Міжземнае мора, не зважаючы на дзіцячае румзанне Ліёнскага заліва...
Калі ўсё ж адбудзецца тое, што не павінна адбыцца,— то ўслед за Парыжам пазнікаюць і ўсе астатнія вялікія гарады. На прасторы зямной застануцца хіба што вясковыя вавілоны, у адным з якіх і я дажыву да старасці, да сваёй смерці. (Аднак чаму да с в а ё й? Проста да смерці, бо смерць заўсёды с в а я. Нават гвалтоўная. Прэч некралагічную хлуслівасць — «ён памёр не сваёй, гвалтоўнай смерцю»!..)
Пакуль жа вялікія гарады непарушныя. Там яшчэ ёсць мясціны, якія супакойваюць, таму я невыпадкова сяджу ў зялёным крэсле, любуючыся фантанам Люксембургскага саду. Ножкі майго зялёнага крэсла ў серабрыстай шэрані, і мне прыемна ўспамінаць, што на пачатку стагоддзя за кожны такі халаднавата-металічны фатэльчык даводзілася плаціць, таму колішнія паэты доўга не заседжваліся. Як толькі набліжалася няўмольная касірка, яны з недапісанымі санетамі адразу ж уцякалі. Але сёння, дзякуй Богу, не пачатак стагоддзя, і ніякая строгая служыцелька паэтам не пагражае, таму я спакойна адпачываю непадалёку ад цэнтральнага ўвахода ў Сенат, чакаю Непрыкаянага Паляка. Ен павінен расказаць мне пра сваё любімае дрэва ў Люксембургскім садзе — тое дрэва, з якім ціхаму вагр’яту, дзіцяці або паэту можна пагаварыць пра шчасце.
Успамінаю Васіля.
Яго любімае дрэва расце ў Мінску на вуліцы Макаёнка. Раніцай, ідучы ў мастацкі ліцэй, ён сустракаецца з ім.
— Тата, мне робіцца вельмі сумна, калі я прамінаю сваё дрэва, мне здаецца, што я ўжо ніколі яго не ўбачу.
Читать дальше