За суседнім столікам сядзела флаконападобная дзяўчына і не без цікавасці назірала за намі. Яе маленькі фотаапарат піскнуў, як грачаня, і схаваўся ў сумачку. Дзяўчына сфатаграфавала батфорт з ружаю, якую, загаварыўшыся, мой павадыр выставіў як напаказ. Дзяўчына закурыла, бліснуўшы срэбным пярсцёнкам, і тытунёвы дым, пацалаваўшы срэбра, выплыў з-пад малінавага тэнта.
— Навошта вам гэтая ружа? — спытаў я.
— Гэта ружа незадаволенасці. Я ўсміхнуўся.
Ен схаваў у кішэню афішку і растлумачыў:
— Хай малады пан не здзіўляецца. Я кажу пра сваю старэчую незадаволенасць. Я крыху паэт. Усе палякі крыху паэты.
Я хацеў заплаціць за божоле і мюнстарскі сыр, але ён перапыніў мяне, дастаючы партманет:
— Плачу я... але грашыма пана!?
— Учора на канаце пан зарабіў пяцьсот франкаў. Я абышоў натоўп, назваўшыся кампаньёнам пана, і сабраў грошы.
Пры такой амуніцыі, падумаў я, зноў аглядаючы яго батфорты і шпагу, гэта няцяжка было зрабіць.
Вуліца Рамбуто нас вывела на Бульвар Себастопаль, па якім як у бок Сены, так і ў бок Усходняга вакзала ішлі вясёлыя негры. Толькі негры! Мы апынуліся ў сярэдзіне Чорнага акіяна. Вакол нас перакочваліся, не сутыкаючыся адна з адною, густыя негрыцянскія хвалі.
— Географы памыляюцца, упарта праводзячы ўсходнюю мяжу Еўропы па Уральскіх камянях, — сказаў Непрыкаяны Паляк. — Еўропа канчаецца паміж Варшавай і Брэстам над Бугам. А на гэтым бульвары яна ўжо даўно скончылася і наогул знікла.
Шумны бульвар Себастопаль ілюстраваў сабою няўхільнае дэмаграфічнае ператварэнне Еўропы ў Афрыку.
Мы прыйшлі на лютэцны востраў Сітэ, і над раздвоенай Сенаю прагучалі для нас дзве скрыпкі, два альты і дзве віяланчэлі — секстэт жаданага спакою і старасці.
— Учора малады пан быў на канаце, а я хаджу па сваіх канатах. Яны заўсёды ўзнікаюць там, дзе бываю я. Зірніце ў неба. Гэта яшчэ адзін мой канат. Ен працягнуты ад станцыі метро Сітэ да станцыі Сен-Мішэль. Мне якраз туды.
Непрыкаяны Паляк узышоў на с в о й канат і лёгкай хадою маладога ўлана пакрочыў над Сенаю. Ужо здалёку ён крыкнуў мне:
— Цар Асархадон адбудаваў разбураны Вавілон! А хто нанова адбудуе Парыж?!
Я глядзеў яму ўслед і бачыў хісткі абрыс ягонай старасці, пазбаўленай спакою.
Лёс не саромеецца такіх людзей, адкрыта гаворыць ім: «Ваша хвароба невылечная». Але яны, расліны з парушаным коранем, не вераць лёсу — не вераць датуль, пакуль срэбнае львяня не ўзбунтуецца і не раздзярэ шаўковы матузок...
Востраў Сітэ закалыхаў мяне, як соннае расчараванне будучыняй.
Раманская архітэктура, астматычна задыхаючыся, на Сітэ акрыяла, набыла лёгканябеснае дыханне і нарадзіла двухгаловую базіліку — раннегатычную Сірату, якая першая цяпер стаіць у доўгай чарзе па новае тысячагоддзе.
Дзве скрыпкі, два альты і дзве віяланчэлі вялі сваю бясконцую бяседу, раз-пораз апускаючы доўгія смыкі ў дубовую бочку з чырвоным віном, пакінутую ўсім нам дбайнымі парызіямі. Хмельныя цяжкія кроплі зляталі з бліскучых струнаў на пыльныя крылы галубоў і белыя партупеі наліцэйскіх.
Я глядзеў на вітражы базілікі і ўспамінаў, што чырвонае віно такое ж, як і дзённае святло, прапушчанае вітражамі. На мяне наплываў толькі чырвоны колер. Усе астатнія — сіні (Божай Маці), зялёны (д'ябла) і фіялетавы (пакуты) саступілі пераможнай чырвані.
7. ГІСТОРЫЯ ЯНУША ЛОНСКАГА
Непрыкаянасць — вечная пагроза Еўропе. Дзіця недасканаласці, Непрыкаянасць забыла тыя цудоўныя часы, калі Еўропа вучыла яе хараству. Нічога светлага з тых намераў не выйшла. Як вусень, Непрыкаянасць з'ядала далікатнае лісце каштоўнай вучобы, не ўмеючы і не жадаючы здабыць з яго спажыву для душы і розуму. Лепшае насенне гінула ў камяністай гліне, і началася эпоха павольнай зайздрасці Еўропе. Эпоха маруднай, расцягнутай на стагоддзі, помсты. Непрыкаянасць помсціла дасканалай Еўропе сваёй прысутнасцю і знарочыстым вар'яцтвам, якое з бегам часу рабілася амаль натуральным. »
Мой добраахвотны павадыр — увасабленне гэтай помсты.
За адзін блакнотны ўздых паспрабую стварыць навелістычны партрэт ягонай маладосці і пачну, як і належыць пачынаць навелу пра донжуаністага абібока, з амурнага вузельчыка.
Салодкае жыццё львоўскага ветрагона Януша Лонскага яшчэ больш пасаладзела, калі ён убачыў дваццацігадовую пані Барбару, жонку пяхотнага палкоўніка Ружэвіча, меланхалічную німфу, улюбёную ў гатычныя сярэдневяковыя вежы і ў звонкія рыфмы французскіх балад.
Некалькі вечароў Януш Лонскі, як гарачы іспанец, мужна прастояў пад высокім балконам пані Барбары, не баючыся халоднай расы і калючай шыпшыны, і ягонае цярпенне было ацэнена — балконныя дзверы спагадна прачыніліся.
Читать дальше