А гэты – вучань. Клас, здаецца, сёмы.
(Ужо ў самога сын такі якраз!)
Са мной бы гаварыў, як з незнаёмым,
на “вы” мне штось мармычучы у адказ.
А вось студэнт – нястрыманы і бойкі.
“Ну што, жывы яшчэ? – спытаў бы ў жарт. –
Гарэлкі многа п’еш? Як я, ці колькі?
І хто ты там: паэт? пісьменнік? бард?”
А вось жанаты я – сур’ёзна-жвавы.
Сказаў бы сам сабе: “Не палысеў…
Дзяцей ці шмат? Як з фізкультурай справы?
А як мужык – не надта паслабеў?”
Вось на рабоце я. Ды іранічна
кажу сабе: “Не выйшаў ты ў чыны…
Як там перабудова – дынамічна?
А хто на самым версе – зноў яны?”
А вось і я часоў гандлярства ў Польшчы –
уеўся ў пухавік баула гуж.
“Прыкід нармальны – пэўна, маеш грошы…
Што? На табе той самы капялюш?!”
Зусім нядаўні здымак разглядаю –
як у люстэрка на сябе гляджу.
…Ён ні аб чым мяне не запытае,
нічога я яму не раскажу…
Але пара з сабой у часе зліцца –
ад варажбы не стане весялей!
Альбом, закрыўшы, кіну на паліцу.
І буду жыць далей, далей, далей…
Водбліск неба разбіў,
і наслала ўздагон
вераб’іная ноч сваю хеўру.
…Адляцеў, як не быў,
растрывожаны сон.
І наткнуліся вочы на цемру.
Дождж не хлышча ракой,
не скуголіць гайня,
не шабашыць нячыстая сіла –
толькі змрок і спакой,
цемра і цішыня…
Што ж за трасца мяне разбудзіла?
І не помню, што сніў.
Ці жывы, ці памёр?
Без дыхання і пульсу ляжу я…
Хто ўвесь свет зачарніў,
хто той злосны грымёр,
што маю недалужнасць віжуе?
Ад жахлівай жарствы
нечакана хрыплю…
І кляну сваю псіхіку-сцерву!
А па тым, што жывы,
вызначаю, што сплю, –
і глыбей акунаюся ў цемру.
Пакуль здрабняем на зямным абрусе
мы маналіт мінулага на друз,
не згасне сонейка над Беларуссю!
…Але ці ведае яно пра Беларусь?
Пакуль рунее жытняя палоска
і пожню сцеражэ саломы стог,
нас не пакіне міласэрнасць Боска!
…Але ці помніць беларусаў Бог?
Пакуль мы даглядаем захад продкаў,
пакуль нашчадкаў досвітак глядзім,
нас не звязе ў нябыт Харона лодка!
…Але ці трэба гэта нам самім?
Бяззорней – лёс, імклівей – час.
Той б’е ў званы, той джалам круціць.
Чаго вы хочаце ад нас?
Ваду навошта каламуціць?
Навошта нас цягнуць у яр?
Вы хто? Калі ўжо разабрацца –
нашчадкі шляхціцаў, баяр,
ліцвінаў-вояў і казацтва.
А нам што веча, што статут,
што дзіды, што мячы, што шаблі.
Спрадвеку мучымся мы тут,
а зброя наша – плуг ды граблі.
Не трэба вабіць барацьбой
і спакушаць не трэба раем!
Вы паваюйце між сабой –
мы, як заўжды, перачакаем.
Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая,
хмараю дымчатай сонца закрытае.
Ой ты, надзея мая спарахнелая!
Ой жа ты, мара мая незабытая!
Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя,
мокне ад роспачы восень дачасная…
А ці былі вы, гады мае лепшыя?
А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя?
Песня заціхне струною парванаю,
гукам фальшывым, няскончанай нотаю…
І адгукнецца душа закілзаная
болем і жалем, журбой і маркотаю.
Навошта вам бераг другі
і безліч гадоў немаркотных?
А дзесьці сядзяць багі
і слухаюць енкі гаротных.
Ды глушыць іх веку спакон
свой гімн урачыста-хвалебны,
бо ўжо надакучыў ім стогн –
ліслівы, тупы, рабалепны.
“Чаго вам, стварэнні, яшчэ?!
Жыццё ж – немалы падарунак.
А Лета няспынна цячэ –
вы знойдзеце ў ёй паратунак!
Навошта ж душою крывіць –
і тузаць з-за дробязі Бога?”
…І, каб яшчэ горш не зрабіць,
не робяць наогул нічога…
Дні страляюць чаргой няўмольнаю,
а бывае, што дзень – як год.
…На Апанскага бесканвойныя
рамантуюць турэмны плот.
Каб была агароджа бетонная:
ім сядзець бы, а ёй – стаяць.
Па-жыццёваму справа будзённая:
плот падгніў – трэба дошкі мяняць.
Што ж, каму астравы Канарскія,
але сёння няблага і ім.
Безмазольныя рукі цяслярскія
дапамогуць турэмным сваім.
Читать дальше