РЭДАКТАРСКАЕ СЛОВА ДА АЎТАРА
Зычныя і галосныя,
Няўклюдныя і вёрткія,
Блізарукія і дальназоркія,
Смяшлівыя і суровыя,
Прыезжыя і мясцовыя,
Сціплыя і важныя,
Баязлівыя і адважныя,
Зацыкленыя і ўніверсальныя,
Эпатажныя і трывіяльныя,
Цвярозыя і п’яныя,
Кінутыя і каханыя,
Дасціпныя і нудныя,
Бяссонныя і беспрабудныя,
Спакойныя і ўзрушаныя,
Скаваныя і нязмушаныя,
Гарадскія і вясковыя,
Разумныя і бесталковыя,
Пяшчотныя і грубыя,
Кусачыя і бяззубыя,
Слухмяныя і скандальныя,
Фарматныя і ўнікальныя,
Хворыя і здаровыя,
Забытыя і новыя,
Працавітыя і ленаватыя,
Дэпрэсіўныя і зухаватыя,
Прабіўныя і безабаронныя,
Самаўпэўненыя і забабонныя,
Дамавітыя і бяздомныя,
Удзячныя і злапомныя,
Моцныя і хілыя,
Паскудныя і мілыя,
Шчырыя і зайздросныя,
Абсалютныя і адносныя,
Сталыя і маладыя,
Пухлыя і худыя,
Шчодрыя і сквапныя,
Бязмэтныя і трапныя,
Маўклівыя і тлумныя,
Узнёслыя і сумныя,
Наіўныя і пратэкцыйныя,
Лагодныя і правакацыйныя,
Сцэнічныя і завугольныя,
Лаяльныя і падпольныя,
Далёкія і блізкія,
Класічныя і мадэрнісцкія,
Сур’ёзныя і пацешныя,
Цнатлівыя і грэшныя,
Грашовыя і бедныя,
Абстрактныя і канкрэтныя,
Нізкія і рослыя,
Лысыя і зарослыя,
Стрыманыя і адчайныя,
Піжоністыя і неахайныя,
Смелыя і асцярожныя,
Веруючыя і бязбожныя,
Гарластыя і хрыплыя,
Надзейныя і гіблыя,
Штацкія і армейскія,
Самотныя і кампанейскія,
Заслужаныя і перспектыўныя,
Малахольныя і актыўныя,
Рэальныя і фантастычныя,
Бясполыя і эратычныя,
Ваяўнічыя і мірныя,
Шматкропныя і пункцірныя,
Бяздымныя і папяросныя,
Прамыя і ўскосныя,
Ружовыя і бледныя...
І творы ва ўсіх адпаведныя.
Я бясконца працягваць бы мог,
Ды, пакуль пералічваў, узмок.
Бо для ўсіх адпаведных прыметнікаў
Мала слоўнікаў будзе і сметнікаў.
І таму, найшаноўнейшы госць,
Выбірайце з таго, што ўжо ёсць.
А цяпер пацікавіцца вымушаны:
Чым здзівіць мяне сёння вырашылі?
“Вожык” (лістапад 2007 – надрукаваны са скарачэннем)
Эксперыментальны верш, бо лічу, што сапраўднае майстрэрства павінна выяўляцца і ў тэхніцы, якая ставіць перашкоды творцу, вымушае яго дэманстраваць прафесіяналізм або абмяжоўвацца ў выказваннях.
На душы пуста
У галаве лянотна
Час пісаць хоку
Не друкуюся
Гэтак хутка забудуць
Ствараю хоку
Ва ўсім ёсць існасць
Нават у маіх хоку
Японцам дзякуй
Шчыміць у мазгах
Чаму хоку без рыфмы
У іх няма відаць
Як гучыць круцей
“Хоку” ці можа “хайку”
Абы “хы” было
Хто піша хоку
Як таго лепш называць
Можа “хокуіст”
Усход і Захад
Не сысціся ніколі
Здавайся Кіплінг
Пішу хоку зноў
Не зайздросьце таленту
Ён адпачывае
Дарагі паэт
Верш без формы і думкі
Як секс без пары
Класна напісаў
Самому даспадобы
Спрабуйма танка
Як бы ні вымагаўся паэт, нешта заўсёды па розных прычынах застанецца нерэалізаваным. Падалося правільным аб’яднаць “закадравае” хаця б назвай.
ВЕРШЫ СА ЗБОРНІКА “ФОТААЛЬБОМ” (2003)
Патрапіў зноў да лёсу я ў абдымкі,
душу мне прыкрасць наждаком скрабе…
Разглядваю ў альбоме фотаздымкi:
сягонняшні – мінулага сябе.
Маркочуся, бы ўночы на вакзале,
чакаю, калі змрочны час міне:
што мне мае адбіткі расказалі б,
каб давялося ім сустрэць мяне?
Вось гэты хлопчык – босы, языкаты…
(Такім не помню я сябе зусім!)
Даў лататы, напэўна б, ён дахаты –
я рознюся ад тых, хто побач з ім.
Читать дальше