«Благаславенны родны дом…»
Намарыўшыся археалагічнымі вандроўкамі па Панямонні, я любіў зазірнуць у Зэльву, у гасцінны дом на вуліцы Савецкай, дзе жыла Ларыса Антонаўна Геніюш.
Кветнік ледзь не на ўсё дварышча. Дашчаныя прыступкі ганка. Стук у знаёмае звонкае: «Заходзьце!» А потым за смачным пачастункам роспыты пра «беларускія справы ў Менску», пра Уладзіміра Караткевіча і пра ўсіх агульных знаёмых. I ўспаміны пра Жлобаўцы, Прагу, Інту…
Пры адной з такіх сустрэч я папрасіў Ларысу Антонаўну, каб запісала ўсё, што памятала, што перажыла. Яна ж, насцярожана азірнуўшыся па баках, намякнула, што тое-сёе робіцца. Як аказалася, і без маіх напамінкаў, калі яшчэ жывы быў муж Іван Пятровіч, успаміны ўжо ў асноўным былі напісаны.
Летам 1982 года я зноў быў у Зэльве. I пры размове Ларыса Антонаўна раптам прыклала палец да вуснаў і паказала на столь — адтуль маглі падслухоўваць. Затым моўчкі вынесла з суседняга пакоя папку і сцішана сказала: «Рабіце з гэтым, што хочаце. Я вам давяраю, Міхаська». Я развязаў тасёмкі, разгарнуў папку, і страпянулася сэрца: «Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы…»
I чаму менавіта тым летам яна перадала мне рукапіс з успамінамі? Можа, прадчувала блізкую смерць? Ёй пачала ўжо з’яўляцца чорная жанчына — вястунка бяды ў бацькоўскім родзе Міклашэвічаў…
Гэта быў час ціхай рэабілітацыі Сталіна. Таму не шкодзіла асцерагацца, і я, каб не трапляць пад пільныя вокны камяніцы насупраць, агародамі пакінуў дом Геніюшаў…
Сучасная беларуская літаратура небагатая асабліва ні мемуарыстыкай, ні эпісталярным жанрам. Бо калі што і напісана, то з абачлівасцю на цэнзара, следчага або стукача. Успаміны выдатнай нашай паэткі Ларысы Геніюш — мужнае выключэнне. У іх споведзь душы перад Богам, сучаснікамі і нашчадкамі, слова пра час і пра сябе, пра блізкіх людзей, сяброў і ворагаў. У іх шлях самаадданага служэння Беларусі паэтычным словам, дзеяннем, непахіснасцю грамадзянскай пазіцыі і шлях па ўсіх пакутах сталінскай «Гэгэнны» — праз засценкі МДБ Менска, этапы, перасылкі, лагеры смерці на далекай Поўначы. Перад чытачом праступае бясконцае мноства абліччаў — любячых бацькоў і мужа, сялянак з Панямоння, пачынальнікаў беларускага адраджэння ў пражскай эміграцыі, людзей розных сацыяльных пластоў і нацыянальнасцей, патрыётаў і здраднікаў, гестапаўцаў і лагерных надзорак, герояў, што паміралі з несмяротным купалаўскім на вуснах: «Жыве Беларусь!» Суровай меркай цаніла Паэтка падзеі і людзей, і ў першую чаргу сваіх супляменнікаў. Але на гэта яна мела поўнае права, выпакутаваўшы яго бязвіннай гібеллю найбліжэйшых людзей, нялюдскім уласным прысудам на чвэрць стагоддзя нематы і практычнага неіснавання, гадамі цкавання ўладарнымі пігмеямі ўжо ў пасля сталінскія часы…
Успаміны Ларысы Геніюш уяўляюць тэкст, надрукаваны на машынцы амаль без правак. Бачна, аўтарка не спадзявалася ў хуткім часе іх апублікаваць, дый вяртацца да напісанага, нешта правіць — як нанова перажыць праследаванні, турмы, лагеры, што было і цяжка, і балюча.
Твор не мае назвы. Улічваючы змест і стылёвыя адметнасці, вырашана назваць «Споведзь».
Падрыхтоўка рукапісу да выдання патрабавала максімальнай абярэжлівасці. Л.Геніюш магла залішне суб’ектыўна ацэньваць некаторых асоб, з этычных меркаванняў падаецца не поўнае напісанне іх прозвішчаў. Ларыса Геніюш карысталася дарэформенным правапісам, але не паслядоўна трымалася яго. Захаваны стыль і з нязначнымі праўкамі арфаграфія. Розныя формы аднаго і таю ж слова, часам на адной старонцы, да адзінай нормы напісання не прыводзяцца: газета — газэта, перасьледаваць — прасьледаваць, пражскі — праскі, турма — цюрма, хлопец — хлапец, цэрква — царква і г.д. Пакінута нязменным напісанне слоў не падпарадкаваных правілам арфаграфіі з мэтай перадаць стылевыя асаблівасці аўтарскай мовы, напрыклад: барэцік гаўса, казахскіх гавец, сядзімо, развіднело… Захавана не заўседы дакладнае вымаўленне замежных слоў, у каментарыях яны падаюцца на мове арыгінала. У каментарыях пазначаны таксама розначытанні, паўторы, даецца тлумачэнне дыялектаў.
Чытач можа азнаёмцца з рукапісам «Споведзь» Л.Геніюш у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Беларусі.
Міхась Чарняўскі
Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяньня яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, гдзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не пасьпелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы…» З сяла Аляксандраўка, што ля Воўпы, ад старых прыяцеляў маіх бацькоў Зелянкевічаў відно як на далоні нашу сялібу й чутно, здаецца, як вецер калыша дрэвы.
Читать дальше