Алесь ЯФІМАЎ
ПРАДАДЗЕНАЯ СПОВЕДЗЬ
Аповесць
Людзі ў вагоне былі быццам мёртвыя.
Было ўжо позна, першая гадзіна ночы. Пасажыраў у вагоне метро было мала, значная частка сідзячых месцаў заставалася вольнай. Людзі выглядалі даволі стомленымі, многія з іх сядзелі з заплюшчанымі вачыма...
Маявер глядзеў на пасажыраў, што сядзелі насупраць, на процілеглым баку вагона. І раптам яму здалося, што ўсе гэтыя людзі — быццам мёртвыя. Як на пасмяротных фотаздымках, папулярных у ХІХ стагоддзі. Нябожчыкаў апраналі, як жывых, садзілі ў натуральнай нязмушанай позе ці нават ставілі пры дапамозе спецыяльнага штатыва, грыміравалі і фатаграфавалі. Калі фатаграфавалі ў атачэнні родных, па фотаздымку іншым разам было цяжка заўважыць — хто тут жывы, а хто памерлы. У нябожчыкаў нават былі «жывыя» расплюшчаныя вочы. У адных выпадках гэта быў мантаж, а ў іншых трупам насамрэч расплюшчвалі вочы і апрацоўвалі іх спецыяльным рэчывам, каб тыя не высыхалі і не мутнелі. Маглі нават адрэзаць памерламу павекі, каб толькі ў яго быў жывы пагляд. Зараз гэта многім падаецца жудасным і жахлівым, але такія фотаздымкі рабіліся не для ўслаўлення смерці. Людзі проста імкнуліся захаваць памяць пра сваіх блізкіх, хацелі мець хоць фотаздымак. І калі такія фотаздымкі пры жыцці чалавека, асабліва дзіцяці, рабіць не паспявалі — рабілі іх пасмяротна.І вось цяпер Маявер ехаў у вагоне метро і яму здавалася, што вакол яго не жывыя, а мёртвыя людзі, якіх ужо пасмяротна апранулі ў паўсядзённае адзенне і рассадзілі па вагоне ў нязмушаных позах. Ад гэтага ўяўлення было жудасна, аднак Маявер разумеў: гэта толькі ўяўленне. Урэшце Маявер падумаў, што ехаць у адным вагоне з сапраўднымі нябожчыкамі было б не так страшна. Жудасна, але не страшна. Бо што могуць нябожчыкі? А вось ад жывых Маявер заўжды адчуваў патэнцыйную небяспеку. Да таго ж выпівох, гопнікаў і проста аматараў «дакалупацца» ў гэтым горадзе ніколі не бракавала. Тым больш зараз была ноч, што павялічвала рызыку сутыкнуцца з не самымі прыемнымі асобамі. Але ўсё было спакойна: людзі ў вагоне былі быццам мёртвыя.
Галава ў Маявера была цяжкая, ён адчуваў слабасць і нават млоснасць, хацелася легчы спаць і адначасова — хутчэй патрапіць на свежае паветра. Маявер прагна ўдыхаў «ветрык», якім яго абдавала падчас набыцця вагонам хуткасці. Аднак «ветрык» гэты быў, як заўжды, спёртым і душным і меў характэрны ўстойлівы пах машыннага масла, гару і крэазоту, якім апрацоўваюць драўляныя шпалы.
Маявер адчуваў сябе так, быццам ён з пахмелля. Не вельмі моцнага, але ўсё ж заўважнага. Аднак ён не піў і ехаў не з папойкі. Ён ехаў з эксперымента.
Перапіска
Як і большасць сучасных людзей, Маявер меў акаўнт у сацыяльнай сетцы, нават у некалькіх сацыяльных сетках адначасова, што таксама нярэдкасць. І вось аднойчы яму прыйшла заяўка ў «сябры» ад чалавека, якога звалі Даявед. Сітуацыя, калі ў сацыяльнай сетцы з табой жадае «сябраваць» абсалютна незнаёмы чалавек, з якім у вас нават няма нават агульных «сяброў», досыць тыповая, таму здзіўлення не выклікала. Больш за тое, Маявер лічыў, што праводзіць у такіх выпадках нейкія допыты і роспыты — параноя і дарэмнае марнаванне часу, таму дадаваў усіх без разбору. А пасля, калі новы «сябар» паводзіў сябе неадэкватна, спаміў ці ўвогуле не праяўляў ніякай актыўнасці, ад яго можна было пазбавіцца. Карацей, Маявер дадаў Даяведа ў «сябры» без усялякіх роздумаў. Неўзабаве Даявед даслаў паведамленне:
Даявед:«Вітаю! Запрашаю прыняць удзел у эксперыменце па постклінічным выпрабаванні медыцынскага прэпарата ў якасці добраахвотніка. Прэпарат УЖО ПРАЙШОЎ даклінічныя і клінічныя даследаванні, таму мы можам гарантаваць яго бясшкоднасць для здароўя. Кожны добраахвотнік атрымлівае за ўдзел у даследаванні выплату ў памеры [нядрэнная сума].
Усе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць бясшкоднасць прэпарата, законнасць эксперымента і гарантыю выплаты згаданай сумы, прадастаўляюцца добраахвотнікам у абавязковым парадку».
Маявер прачытаў гэтае паведамленне без асаблівага энтузіязму: нярэдка ў інтэрнэце прапануюць лёгкі заробак. Ён быў упэўнены, што гэта чарговы «развод», але яго форма была даволі незвычайнай. Маявер яшчэ раз уважліва перачытаў паведамленне. «Усе неабходныя дакументы прадастаўляюцца добраахвотнікам у абавязковым парадку...» «Развод» насамрэч падаваўся Маяверу вельмі цікавым. Ён падумаў, што законнасць такой дзейнасці няцяжка праверыць, а ў выпадку чаго — можна звярнуцца куды трэба. Вырашыў адказаць жартам:
Читать дальше