А раз ёсць поспех, гэта значыць,
Што годна трэба і адзначыць.
Пітва і закусі набраў
І ў свой катух пашыбаваў.
…Ды не паспеў пацешыць пуза –
званок у дзверы. Глянуў – Муза!
– Ах, каб цябе заелі вошы!
Ну, як падзелім нашы грошы?
Ды я ж як дзе калі якое,
Цябе з хваробы і з запою
заўжды выцягваю, мой мілы,
Ажно адвальваюцца крылы…
Як трэба – клічаш сярод ночы,
А баляваць адзін ахвочы?!
– Праходзь, сядай, хіба ж я супраць…
– Даволі мне прычоску пудрыць!
Мне, як кабеціне міфічнай,
Быць у застоллі неэтычна.
А хочаш быць удзячны чымсьці:
Палову дай – і разбяжымся!
На прэсінг той паэт два словы
Ледзь вымавіў: “Няма паловы…”
– Жадаеш, каб далей маглося? –
Аддай усё, што засталося!
І, атрымаўшы, што хацела,
У арфу ўклала. Паляцела…
Стаяў паэт, як ноч, маркотны
І суцяшаў сябе, гаротны,
што беднасць – не пад паху швайка…
На тым і скончылася байка.
Мараль паэтам (без маралі):
Каб грошы ў вас не забіралі
(Лепш атрымаць ад музы ў косці),
Вы іх дадому не даносьце.
“Вожык” (лістапад 2006 –
без апошняга чатырохрадкоўя)
Як працяг папярэдняга верша, трохі зласнаватая ацэнка літпрацэсу. Чытачы, думаецца, прызвычаіліся да змрачнаватага настрою і разумеюць, што не ўсё так дрэнна. Падабаецца азначэнне ўласнай асобы як самага змрочнага гумарыста і самага праўдзівага фантаста.
Закацілася мэта, як сонца за лес,
І ўзнімацца ізноў не жадае…
А цікавая справа, браткі, літпрацэс:
Каламуціць, кіпіць і буяе!
Мы працягваем творча гарэць і трымцець,
Любім мову, народ і краіну…
Ды не хочам ні бачыць і ні разумець,
Што чытач неўпрыкмет нас пакінуў.
Хто званочкам звініць, хто бразджыць ланцужком –
Дэманструецца рух і актыўнасць!
І не надта клапоціць, што стала штуршком:
Крэатурнасць або крэатыўнасць.
Падгрызаем за пяты адзін аднаго,
Замест твару паказваем спіну.
Успрыняць прынцыпова не хочам таго,
Што чытач нас без жалю пакінуў.
Як адмазку за марнасць і за сумятню,
Робім скідку на час наш віхурны.
Б’ём паклоны таму забабоннаму дню,
Калі выявяць пласт наш культурны.
І шпурляем “шэдэўры” шматкамі душы,
Быццам крупы ў раллю, а не зерне…
І, калі разабрацца, чытач ні пры чым –
Выглядае ўсё надта мізэрна.
І нічога не зменіш, хіба што зрэдчас
Мяўкнеш тым жа па форме пратэстам…
Што стварылася, чвякнецца ў вечную гразь,
Як сігнал перад стартам у бездань.
Не хочацца завяршаць на сур’ёзнай ноце.
Рэдкі, амаль заказны твор – прысвячэнне-сцёб. Чаму “амаль”? Таму, што прымерваўся пару месяцаў, бо столькі прайшло ад канкрэтнай прапановы да абвесткі, на якую звярнуў увагу. Так званы “падонкавы” стыль – нармальнае развіццё мовы. Назіраю гэты працэс гадоў трыццаць. Не “падонкавасці” – нармальнага развіцця.
Праспект Скарыны… А ці быў Скарына?
Аднарадкоўе
Тут стромна гуляць без даўгога рубля,
Тут думкі аб вечным мяшаюцца з півам,
Гучыць камертонам бадзёрае “бля”,
І пекнасць плюсуецца позіркам хцівым.
Тут сталінскіх гзымсаў нятленны фасад
Замаскіраваны расцяжкай рэкламаў.
Тут лёгка прызнае расісцкі пагляд
Сярод іафетаў і сімаў, і хамаў.
Тут выпадкам могуць лапатнік падбрыць.
Тут тлумна зашмат мужыку-беларусу.
Тут кожныя пару хвілінаў фібрыць
Метроўскі цягнік, як вяшчун землятрусу.
Падасца знянацку, што тут у людзей
Няма ні хвароб, ні вучобы, ні працы.
І той, хто саплёй безмаршрутнай брыдзе,
падобны з блыхой на пароднай сабацы.
Увечар – тусня ў стылі панк і хіп-хоп,
На зайздрасць правінцыі – клёны ў гірляндах,
І брук еўрапейскі… І можна было б
Базлаць пра праспект да аскомы на гландах.
Але аб галоўным: калі падфарціць,
То хочацца ўшчэнт, як і ўчора, напіцца.
…А ўвогуле, мэны: ну як не любіць
Галоўную вуліцу нашай сталіцы?!
Гэта, відаць, не верш, а дапаможнік тым творцам, якія знаходзяцца на ўзроўні вырашэння лёсу іншых творцаў. І напамін-перасцярога малавопытным літаратарам (не па якасці творчасці, а па веданні літаратурнага працэсу). Хоць, вядома, прымірыцца, што ты не самы выбітны, цяжкавата, а пэўнай катэгорыі – і немагчыма.
Читать дальше