Я культурны і не б’ю пад дых.
Мару ў межах такту і маралі:
Эх, саслаць бы на балоты іх,
Хай бы там спакойна паўміралі!
Не для славы, не для барышоў,
Толькі для спакою і парадку!
Не люблю пісклявых малышоў:
Нуль – карысці, спрэс адны выдаткі!
Не лічыце, што пару фігню:
У мяне спагада ёсць і міласць!
З мамамі збяру ўсю смаркатню,
У аўтобус – і пакуль бензін ёсць!
Як жа дачакацца той пары,
Каб праблему вырашыць за суткі?
Шызікі, злачынцы, махляры,
Наркаманы, геі, прастытуткі…
Між бетонных блокаў і цаглін
Разважаю сам з сабой употай:
Эх, сабраць бы ўсіх нягодных, блін,
І саслаць на кіламетр соты!
Ды няма для радасці прычын.
Пешчу ў сабе мару як хімеру:
Быў бы толькі я і пяць жанчын.
Я б кахаў, курыў і піў у меру.
Хай бы мае дзеці падраслі
і сваіх дзяцей узгадавалі,
а калісьці (кім бы ні былі!)
І мяне ў пашане пахавалі!
А зарыюць у пясок ці глей –
Траплю я да Д’ябла ці да Бога:
Палячу далей ад вас, далей…
Скажаце: “Туды яму й дарога!”
Пасля “Дзядзькі-філосафа” добрыя людзі параілі напісаць пра тое, як дзядзька кінуў піць. Паспрабаваў. Атрымалася, хоць і з пэўным нюансам, пададзеным у вершы “Дзядзька памёр”. (SC)
Відаць, дапіта маё мора,
Таму я болей не піток…
І пабажуся, што заўчора
Зрабіў апошні свой глыток!
У халабуду маю зойдуць
І здымуць шапкі з галавы…
Якога ветру, вашу пройбу?!
Сягоння я ўжо нежывы.
Я не ўздыхну, не мацюкнуся –
Прыйшоў ваш час качаць правы!
Няма паласа – на абрусе
Стаіць труна. Я – нежывы.
Сатрэ саплю суседка Машка
І нават хныкне ўсім наўздзіў.
Яно – канешне: ёй так цяжка!
Я пляшак пяць не адрабіў.
Ляснічы Толя спахмурнее,
Бо над паперкай ноч карпеў.
Яго таксама разумею:
Бо штраф спагнаць ён не паспеў.
Загляне нават участковы
І мне паправіць рукавы.
Я бы сказаў яму тры словы,
Але я болей не жывы.
Ад нараджэння і да смерці
Жыццё злучыла берагі…
Ды зрэшты што там мульку церці –
Сплаціў затое ўсе даўгі!
А на падворку мая банда
Чакае з самага святла,
Пакуль не прагучыць каманда:
“Ну, рукі мыць – і да стала!”
Заціхне могілкавы кіпеж.
Ім пабухаць, а мне – адбой.
Нальюць і мне – ды дзе ж ты вып’еш?
Я на два метры пад зямлёй!
У музыцы “эцюд” – практыкаванне для развіцця пэўных навыкаў. Чаму не паспрабаваць зрабіць такім чынам верш? Пэўная “рэестравасць”, уласцівая маім вершам, захавана, а закончанасці няма і быць не павінна.
Адзін з настырнасцю рэкламнаю
Штампуе аўтаплагіят;
Другі мудруе штось няўцямнае,
Як афіксальны дэрыват;
А трэці стаў у позу новую:
Няёмка – ды адметны знак;
Чацвёрты ў форму паўзунковую
Залез, а вылезці – ніяк;
А пяты ў барацьбе за крэўнае
Кроў з малаком перамяшаў;
Змарозіў шосты нешта гнеўнае,
Ды толькі сам сябе спужаў;
Абраў каханне сёмы тэмаю
І строчыць у мішэнь адну;
Уразіў восьмы марфанемаю:
“баран бароніць барану”;
Дзевяты з’еў пірог з лісічкамі
І пра прыроду распавёў;
Дзесяты сатырычнай пстрычкаю
Рахункі з ворагамі звёў;
Стварыў паэму адзінаццаты
Пра плёскат хваль і шолах ніў;
Дванаццаты, натхнёны працай той,
Яго дзяжурна пахваліў;
Трынаццаты… Дваццаты… Тысячны…
Ва ўсіх свой лад, манер, капыл.
Радок бы на граніце высечы!
…Ды, што хацеў сказаць, – забыў.
Калі накідваешся час ад часу на сур’ёзныя вершы, толькі настрой можа перашкодзіць твору гумарыстычнаму. Аднак высілкі – не меншыя. Рабіць дыхтоўна трэба ўсё.
Хаця даўно было не лета,
Свяціла сонца з хмурых хмар.
Святочны дзень быў у паэта,
Бо атрымаў ён ганарар.
Не ўсё ж быць іншым з пірагамі!
Падчас бывае шчодрым лёс…
Ён, разлічыўшыся з даўгамі,
Яшчэ купюр меў добры стос.
Читать дальше