Не абгаўкалі, не абнюхалі –
Знаць, свае ў іх турботы з пакутамі.
…Ледзь не ў лоб – з маладымі зухамі!
Воглы золак, а ўжо кірнутыя.
У руцэ – аняменне са стомаю;
І цяжэе-цяжэе патыліца…
На прыпынку, нібы знаёмаму,
Нехлямяжая баба хмыліцца.
Раптам торгнула па-сапраўднаму!
Адхіснуўся, бы пад накаўтам.
Бразь – снапом! А змаганне са спазмамі
Завяршылася ўдарам асфальтавым.
Шэры колер маркёрна-алоўкава
Ўвідавок пунсавеў знасцежана.
…Страпянуліся і завохкалі,
Пачалі рабіць, што належала.
Адбылося вяртанне бачнае
З непрытомнасці ды ў прастрацыю:
Вочы бегалі, рукі дрыжачыя
Нешта сутаргава намацвалі.
Людзі сталі бязвольна-ціхуткімі
Ад рэфрэннага: “Вось яно – жыцейка!”
А пакуль даімчала “хуткая”,
Шмат крывішчы ў прыямак выцекла.
А аўтобусы ўсё мяняліся
Пасажырамі, бы цаглінамі.
І праз дзесяць хвілін шматадрасна
Відавочцы прыпынак пакінулі.
Падыходзілі людзі новыя –
Хто з пакетам, а хто з валізамі.
Побач з імі сабакі дваровыя
Кроў няспешна з асфальта злізвалі.
Наканаванасць і непазбежнасць – моцнае выпрабаванне для любога разумнага чалавека. Для паэтаў – тым больш. Ад’язджаем…
Як ні нацягвай лейцы –
Час апантана бяжыць,
А ўсведамленне смерці
Перашкаджае жыць.
Форсу хапае і фарту
На віражы і віры.
Толькі чацвёртую карту
З прыкупа лепш не бяры.
Раптам адчуеш без жаху,
Як безраздумны герой,
Сумесь іглічнага паху
З пахам зямліцы сырой.
Жартам нуду супакоіш,
Выціснеш сум з-пад пяра…
Глянеш – наўкола ўсё тое ж.
…Толькі сыходзіць пара.
Арыгінальны рытуал вуду прыходзіць на ўспамін, калі адчуваеш здароўе не па сімптомах болю, а па набліжэнні да мяжы. А боль – усяго толькі пэўны (або няпэўны) сігнал, якому можна нават радавацца: усё ж пачуцце…
Я быў і ёсць. Аднак ці доўга буду?
Находзіць часта: згіну ў адзін міг.
Сабе даўно здаюся лялькай-вуду
Ў руках спрактыкаваных і чужых,
Што патыхаюць спіртам і карболкай,
Не выпускаюць суткі напралёт
І працінаюць востраю іголкай
То галаву, то грудзі, то жывот.
Ні болю, ні жуды – я толькі лялька.
Мае пачуцці – між дабром і злом.
Я – чучала, муляж, адбітак, калька,
Што створана нямым пачварным сном.
Я – суржык, трафарэт, эрзац, падробка.
Няшчыры, як усё, што ад людзей.
Я – копія, пустая абалонка,
Якую коле хмуры чарадзей.
…Сваю калісьці выканаю ролю
І скончу шлях у сметніцы-труне.
І зразумець не здолею ніколі,
Каго ахвяравалі праз мяне.
Каб не ўпасці ў занураны песімізм – наступны верш, які дае аўтарскую пазіцыю да творчага працэсу. Ніколі не мог злёту напісаць ні паэтычнага радка, ні празаічнай мініяцюры.
Як супаставіць будзённасць з паэзіяй?
Як параўнаць кіламетр і ампер?
Як растлумачыць блізкасць адгезіяй?
Рознасць субстанцый, складу і мер:
Як іерогліфы ў сплаве з лацінаю,
Як на адмостцы разьбяны канёк…
Аркуш паперы – белай прасцінаю,
Вострым лязом – самапіскі шпянёк.
– Дзе там анамнез, дыягназ, аналізы?
Ёсць? І нармальна, глядзець не хачу.
Зноўку запозна? Нічога, управімся:
Я аперырую, а не лячу.
Сто каньяку – я хірург, а не п’яніца.
– Эй, асістэнтка, прыцішце фальцэт!
– Болей святла! (зрок з узростам зніжаецца)
– Скальпель!
– Нажніцы!
– Тампоны!
– Пінцэт!
…Зняў рэспіратар, пульс прывідны мацаю.
Думка банальная: “Дзе барышы?”
Я не пісаў – я рабіў аперацыю
Па выдаленні верша з душы.
“ЛіМ” (жнівень 2008):
“Літара” – літпраект
“СБ Беларусь сегодня” (снежань 2010)
Грэх скардзіцца на жыццё: як склалася, так склалася. Ды часам агледзішся – нешта, што павінна быць, цябе абмінула. А можа, так і трэба было? (SC)
За зялёнай ракой ружавее туман,
Сонца гасне надзеяй слабому,
У арыйскім вітанні стралу ўскінуў кран…
А куды падавацца? Дадому.
На развілцы завужанай знак “пяцьдзесят”.
“Дацягну, падаецца…” – адзначу.
І жадання няма азірнуцца назад:
Хоць зламлюся – нічога не ўбачу.
Читать дальше