Жыццё – гульня, а людзі ў ім – паяцы.
Які тэатр, калі ёсць толькі сцэна?!
Няма каму над намі ні смяяцца,
Ні гараваць… Аднак не ўсё так дрэнна!
Мінае маладосць каварна хутка.
Сапхне ў кювет бязлітасная змена!
А там – цыроз, склероз, пратэзы, вутка
І гаймарыт… Аднак не ўсё так дрэнна!
І нават тыя, хто пакуль у сіле,
Праз нейкі час сканаюць неадменна.
Так і стаім: адна нага ў магіле,
Другая ў тле. Аднак не ўсё так дрэнна!
Дастала хаатычная рухомасць:
То марш, то менуэт, то макарэна!
Сэнс існавання ўлез у падсвядомасць
І не вяртаецца. Аднак не ўсё так дрэнна!
Праз думкі, рыфмы, вобразы і словы
Дабраўся да апошняга катрэна
І вызначыў, што верш не адмысловы
І роспачны. Аднак не ўсё так дрэнна!
“Слонімская газета”
(лістапад 2007 – пад назвай “Аптымістычнае”)
Не думаў, што пасля перабудовы лёс падкіне яшчэ адно выпрабаванне. Каб іх халера ўзяла, няўрымслівых авантурыстаў сусветнага маштабу! (SC)
– Што адбываецца ў свеце? – А проста бардак.
– Проста бардак, вы так лічыце? – Ды несумненна.
І зразумець давядзецца, што добра, што дрэнна.
Бо па-нармальнаму жыць не выходзіць ніяк.
– Хто ж гэты крызіс чарговы арганізаваў?
Дзе ж падзяваліся мудрыя эканамісты?
– Ёсць апроч іх элітарныя, блін, глабалісты,
Што разумеюць “ціп-топ”, “ёлкі-палкі” і “ваў!”
– Што ж пасля гэтага будзе? – А будуць кранты.
– Будуць кранты, ёсць упэўненасць? – Без агаворак.
І разабрацца не ўдасца, хто сябар, хто вораг.
Страцяць апломб і міністры, і нават менты.
– Чым жа ўсё гэта закончыцца? – Будзе дэфолт.
– Будзе дэфолт, вы мяркуеце? – Без варыянтаў.
І да пячонак, а не пашанцуе – да гландаў
Будзе засаджаны нам антыкрызісны болт.
– Што вынікае з таго? – Ды нічога амаль.
Перабудову, успомніце, мы перажылі.
Праўда, камусьці смяротныя плацці пашылі…
Будзе ў законе бандыцтва, бамжарства і шмаль.
– Што ж нам параіць магчыма? – Усё мітусня.
Не забывайцеся есці і савакупляцца.
– Вы так мяркуеце, рана пакуль што страляцца?
– Я так мяркую: фігнёй застанецца фігня.
Колькі б жыццё не вучыла, супынку няма.
Цывілізацыя не перастане лажацца!
Я не паверу, што зможаце вы адказацца
Грамаў па трыста прыняць, бо навокал зіма.
Дзе там той крызіс, калі стала цёпла ўнутры?
Маску хай той надзявае, чый твар несумленны!
Не напалохаеш нас: мы народ незгібенны…
І раз-два-тры, раз-два-тры,
Раз-два-тры, раз-два-тры.
Пэўна, водгукі “чорнай” музы. Ну што ж, выпрабаванне часам не ўсе паэты вытрымліваюць.
Нягучнае “Здароў!”
З усмешкаю нягеглаю,
Салодка-ліпкіх слоў
Сцякае эскімо…
Ён славы не чакаў –
Яна вакол не бегала.
І слова не шукаў –
Прыходзіла само.
Апошні парашут
Гнілой прашыты ніткаю.
І поспех, і правал – у нулявой цане.
…Палічка ўласных кніг
Пад назвамі някідкімі,
І, як абломкі крыг, –
Дыпломы на сцяне.
Да краю давяло
Памкненне асцярожнае:
Артрытнае крыло
І вышчарблены нож…
І раптам як наказ
Гучыць непераможнае:
“Праз некаторы час
Ты прыйдзеш да таго ж!”
Што не тваё – не руш!
Фінальнай стане кропкаю,
Перацячэннем душ,
Сіндромам дэжавю
Банальнае, як скон,
Нахабна-нетаропкае,
Што колісь думаў ён:
“Ды не, не дажыву!”
Апісальны верш, амаль дыягназ. Нярэдка даводзіцца пра нешта падобнае чуць, а часам нават назіраць. А бывае, і адчуваць, што рыса амаль няўлоўная, і больш ад збегу абставін, чым ад чалавека, залежыць, калі гэта ўяўная рыса з маху паласне па здароўі, падзяліўшы жыццё на “да” і “пасля”. Пры ўмове, што хоць нейкае “пасля” будзе…
Зноў мабілка бязлітасна вуркае –
Зноў халодная цёмная раніца.
І не піў, а маторчык грукае,
І не бег, а дыхалка збіваецца.
Жонка сноўдае фурыяй грознаю,
Моўчкі бразгае ў кухні каструлямі…
Дваццаць год пражылі, а ўсё розныя:
Пад прыдзіркамі – як пад кулямі.
Ставіць пасткі начальства подлае –
Рэнамэ да крыві расквасілі!
Сіл не стала важдацца з кодлаю,
А сарвацца – няма вакансіі.
Ды яшчэ пасварыўся з калегаю…
Выйшаў вон.
А паветра – з прымессю!
І сабачая зграя бегае –
Хоць вярніся і нешта вынесі.
Читать дальше