“Наша Ніва” (кастрычнік 2005)
Калі ўзбіраешся на самы верх – адчуваеш адзіноту. Добра, калі пад’ем – фантазія: некалі ж прачнешся, ачуняеш. А калі рэальнасць?
Куды імкнешся, звер,
Свавольна і панура?
З якіх ты ўцёк вальер,
Якая гоніць бура?
Бязветрана наўздзіў,
Шырока сонца льецца.
А ты – той час забыў,
Калі сядзеў у клетцы.
Чаму спыніўся, звер,
І раздзімаеш ноздры?
Дзе ўбачыў ты бар’ер?
Што ловіць нюх твой востры?
Ніякіх перашкод,
І немагчымы выстрал.
Ні пастак, ні балот,
І далягляд празрысты.
Чаго шукаеш, звер,
Увішна, безупынна?
Нястомны землямер
Уласнай каляіны…
Гараць вачэй кружкі –
Усё ж тваё ў прасторы:
І сцежкі, і сцяжкі,
І логавы, і норы.
Каго баішся, звер,
Неутаймавана, звыкла?
Якіх благіх хімер
Пужае выскал іклаў?
Ты зжор усё наўсцяж
Азартна і цвяроза.
Сабе – адзіны страж
І вечная пагроза.
Пра што ты выеш, звер,
У тон ліхой гадзіне?
І кіпцюры цяпер
Рвуць скуру на грудзіне.
Глядзець няма каму
На подзвіг твой крывавы –
Не зведаць аднаму
Ні літасці, ні славы.
Чаго ты хочаш, звер?
Бо ўжо трываеш ледзьве ж…
Ускінеш зрэнкі ўверх,
Аднак Яго не ўгледзіш.
Хвіліны забыцця
Зямля ўспрымае хныла,
Бо без твайго выцця
Сама б, напэўна, выла.
З той жа серыі. Напэўна, уражанні не скончыліся. Не разабраўся з першага разу. Страшна самому. Ну хто такое надрукуе?
Прывітанне табе, прывітанне,
Неахайны, нікчэмны люд!
Вось і скончылася чаканне –
Мы тут!
Вы баяліся стоеннам жахам
І з адчаю хаваліся ў кут.
Памянялася ўсё адным махам –
Мы тут!
Ад жыцця вы чакалі раю:
І граблі, і сціскалі ў жмут…
І нарэшце дайшлі да краю –
Мы тут!
Вы звярталіся часам да Бога
Са сляпым спадзяваннем на цуд.
Але вы не зрабілі нічога –
Мы тут!
Вымаўлялі празрыстыя словы,
Каб схаваць свой унутраны бруд.
Тупа верылі: час прыйдзе новы.
Мы – тут!
Вы надзеі слабыя ўскладалі
На спагадны вышэйшы суд.
Але ўсё ж такі нас чакалі!
Мы тут…
Знікне, знесены жорсткім ветрам
Вашых мараў юрлівых хлуд!
Клічуць вас апраметныя нетры –
Мы тут!
Надзвычай рэдка прысвячаю вершы прыродзе. Яна падаецца такой дасканалай і ўстойлівай у параўнанні з чалавекам! Адсюль, напэўна, і іранічнае адценне. (S)
Запаведны расцвіце край,
Знікне ў космасе святло зор,
Залапоча гаманкі гай,
І дрымотна пазяхне бор.
Адляціць кудысьці ўвысь змрок,
І апусціцца на луг грак,
Асцярожна зробіць рысь крок,
І зарыецца ў нару рак.
Нетаропка прабяжыць дзік,
І рухава прапаўзе вуж,
Данясецца бугая зык,
Пырсне чырванню з шыпшын-руж.
Плясне ў возеры хвастом лешч,
Скіне ветрык з дзьмухаўца пух,
Прыхаваецца ў галлі клешч,
А павук чакацьме зноў мух.
З гушчару пратрубіць гон лось,
Абаўе лазу плюшча жгут…
Дысгармонія ў адным: госць,
А каму патрэбен ты тут?
“Паляўнічы і рыбалоў” (снежань 2004);
“Праца” (красавік 2005);
“Вместе!” (кастрычнік 2005);
“Гоман” (сакавік, 2006)
Зноўку іранічнасць. Спроба знайсці прычыны ў сабе. А можа, і няма ніякай спробы – гары ўсё гарам, як будзе!
Душу маю роскід не ўсцешыў
Гармонікаў, скрыпак, кларнетаў.
Гай чэзлы з бярозавых вершаў,
Канава з крынічных санетаў.
Гул рэха ў бары, нібы ў бары,
Трызненне ў падмену змагання,
Раі летуценняў без мары,
Чаканне нагоды кахання.
Сентэнцыі плыткага сэнсу,
Бадзёрасць шчанячага віску.
Ад зместу – ні мозгу, ні сэрцу,
Аб’ём – без прарыву і ціску.
Праблемы не варты паперы,
Узнёсласць – ні студзіць, ні грэе…
Ці праўда – няма ні халеры?
Ці мо непапраўна старэю?
Варыянт санета. Прынцыпова не падладжваюся пад нейкія формы (апроч песенных). Жартоўна-філасофскі верш.
Калі мяняць пракладку трэба ў кране,
Ці ўставіць у прыёмнік, як злучок,
Замест засцерагальніка “жучок”,
Ці лямпачку перакруціць у ванне –
Любое гаспадарчае пытанне:
Убіць цвічок ці зачапіць кручок –
Вядома, дзе шукаць выратаванне:
Заглядваю ў кладоўцы ў “бардачок”.
Читать дальше