Непрыгожых жанчын не бывае.
Паглядзі —
Вунь насустрач ідзе
Сарамяжліва —
Снегавая,
Як лілея на ціхай вадзе.
Вочы ўзніме —
I сінь палявая
Павявае лагодай такой,
Што глухая трывога сплывае,
I пяшчота душу спавівае,
I прыходзіць
Шчаслівы спакой.
На жніве,
Ля ракі,
У трамваі —
Паглядзі —
Прыгажунь не злічыць.
То — нібы сон-трава баравая,
То — як зорка Венера ўначы...
Непрыгожых жанчын не бывае.
Проста шмат невідушчых мужчын.
Расстайныя дарогі.
Дзявочая туга.
I месячык двухрогі.
I зорак мітульга.
I прывідныя цені.
I крылаў мяккі ўзмах.
I рук перапляценне.
I горыч на губах.
Разгойданае вецце.
Цяжкі, самотны ўздых.
I вечнасць.
I бяссмерце...
Жыцця кароткі міг.
Не пакідай мяне.
Пабудзь яшчэ.
Перашапчу табе ўсе казкі свету.
I прачытаю тайнапіс вачэй.
I зразумею ўсе твае сакрэты.
Дазволь,
Як пасля першага глытка,
Забыць вясновай хмельнасці гарчынкі
I залатым крылом маладзіка
Разгладзіць твае лёгкія маршчынкі.
Няхай расстання чорная жуда
Нас не кране сваім агнём халодным.
Не пакідай мяне.
Не пакідай.
Не пакідай
I сёння,
I заўсёды.
Так, я перад табою вінаваты
За доўгія самотныя гады,
За непаразуменні ўсе і страты,
За майскія замоўклыя сады,
За словы непатрэбныя і ўчынкі,
За наш касцёр, што ледзьве не ачах,
За сівізну і раннія маршчынкі
I стому вечаровую ў вачах,
За вольніцу і шумны хмель пракляты,
За ростані і тайны недавер.
А больш за ўсё бязмежна вінаваты,
Што я цябе кахаю і цяпер.
А я не веру,
Што пайшло каханне
З гадамі маладымі на спачын,
Што нашых вуснаў,
Нашых душ яднанне
Не можа сівізны перамагчы.
Я і цяпер разгадваю,
Як тайны,
Твой кожны дотык,
Кожны позірк твой.
Ад старасці ахоўваю адчайна
Святыя хвілі радасці жывой,
Калі тваё спякотнае дыханне
Сціхае ўранні на маім плячы...
I я не клічу новае каханне.
Мне б тое,
Маладое,
Зберагчы.
Ці ўспамінала ты мяне,
Калі я доўга быў далёка?
Хоць у нядзелю,
Хоць у сне
Ці ўспамінала ты мяне
З пяшчотай і журбою лёгкай?
Ці выглядала мілым вокам
Мой цень у ранішнім акне,
Ці чула ў незнаёмых кроках
Маю хаду?
Было ці не?
Было мне ў дальняй старане
Тужліва так і адзінока,
Што я паверу і мане,
Што ўспамінала ты мяне,
Калі я доўга быў далёка...
Чаму ты помніш сумнае адно?
Было ж у нас вясёлае, здаецца,
I ад кахання абмірала сэрца,
I ноч нам зоркі сыпала ў вакно.
Няўжо яно забылася даўно
I ў памяці жывой не адзавецца,
Як залатое поўнае вядзерца,
Што нечакана ўпушчана на дно?
А мне адно шчаслівае відно
У далечы, што мараю завецца.
Там і сягоння не закрыты дзверцы
I не дапіта хмельнае віно.
Хай не знайшлі мы дзіўнае руно,
Але прайшлі сцягой адзінаверцаў,
I на вячэрняй роздумнай паверцы
Не ўспамінай журботнае адно...
Як цябе няма са мною побач,
Белы свет халодны і пусты.
I гукаю я тады на помач
У адчаі:
— Любая, дзе ты?!
Хай вакол вірыць жыццё нястомна,
Маладосць ад шчасця ў бубны б'е,
Я ўсё роўна быццам непрытомны
I асірацелы без цябе.
Поспех,
Слава,
Дабрата зямная,
Што ў душу завабілі вясну,
Без цябе,
Я гэта добра знаю,
Трацяць сваю даўнюю цану.
Адплываюць жураўліным клінам
Летуценні,
Песні
I лісты...
Можа, я пасля сябе пакіну
Толькі крык мой:
— Любая, дзе ты?!
Як мы патрэбны ўсе адзін другому —
З усмешкай ветлай,
З цеплынёю рук,—
Я гэта зразумеў,
Калі дадому
Вярнуўся з самай клопатнай з разлук.
Я прызнаваўся ў роспачы бяссоннай,
Што для жыцця —
Важнейшая з акрас,
Калі ў ахрыплай трубцы тэлефоннай
Знаёмы голас зловіш яшчэ раз.
Як шчасце, ўспамінаю ўсе драбніцы
Сямейных і сяброўскіх вечароў...
Яно ж зусім няцяжка —
Не забыцца
Для маці,
Для каханай,
Для сяброў
Агеньчык запаліць у беспрасвецці,
Адклікнуцца далёкім жураўлём,
Пакуль яшчэ жывём на гэтым свеце.
Пакуль яшчэ жывём.
Пакуль жывём...
Читать дальше