Ні варажбіт,
Ні мудры экстрасенс
У тым не знойдуць логікі асновы,
Што так імкнуся ў бедны кут сасновы,
Пакінуўшы ўбаку разумны сэнс.
I мне ўжо ні пасада,
Ні багацце
Не перашкодзяць кінуцца туды,
Дзе ля парога —
Шэры цень бяды,
Дзе нівы засыхаюць без вады
I з ростані мяяе чакае маці...
Што тут паробіш,
Калі ўсе гады
Я нёс,
Нібы пракляцце і закляцце,
Упартую адданасць роднай хаце
I ўдзячнасць краю,
Дзе жылі дзяды.
Як толькі ў густым вечаровым тумане
Ускрыкне вавёрка ці птушка якая,
Цяжкое халоднае прадчуванне
Мне сэрца сціскае,
Зноў сэрца сціскае.
Далёкай Радзімы забытыя цені
Выходзяць, нячутныя, з лесу старога.
Ва ўсе спадзяванні,
На ўсе летуценні
Крадзецца трывога,
Кладзецца трывога.
У памяць заходзяць рашучай ступою
То водбліск зарніцы,
То водгулле грома.
I думка адна не дае супакою:
А як жа там дома?
Ну як жа там дома?..
Няхай сабе ціха,
Няхай сабе глуха —
Імя Беларусі душа паўтарае.
Няўжо не пачуе ніводнае вуха
Ва ўсім родным краі,
Па ўсім родным краі?..
У брудным Брукліне ў Нью-Ёрку,
Дзе доля горкая жыве,
Я чую наскую гаворку
I мову родную ў царкве.
У кожным гуку так дарэчы
Сярод глухіх чужых муроў
Лаўлю я ўсплеск палескіх рэчак
I гоман полацкіх бароў.
Ашчадна захавалі ўсё-ткі
Жывое слова землякі,
Браслаўскія сівыя цёткі,
Мажныя слуцкія дзядзькі.
Звязала мова ім
Набыткі
I сцежкі ўсе ў клубку гадоў,
Як тая суравая нітка,
Што лучыць з кроснамі дзядоў.
Ці не таму так лёгка
Сэрца,
Ледзь толькі памяць запалі,
На ласку Бога адгукнецца
I песню з матчынай зямлі?..
А я стаяў між малітоўцаў
I зразумець ніяк не мог,
Чаму па-нашаму ні слоўца
У Мінску не гаворыць Бог?..
Забуду трывогі і стому,
Адкіну шаўкі і парчу,
Як вольная птушка,
Дадому
Праз тысячу вёрст палячу.
Аб вецер ламаючы крылы
Высільвацца буду туды,
Дзе родныя дрэмлюць магілы
I спяць чараты ля вады,
Дзе маці квяцістаю хусткай
Махае з грады маладой.
Абмыю сасмяглыя вусны
Салодкай крынічнай вадой.
Прысяду над плыткай ракою.
Пачую начных салаўёў.
I там я навек супакою
Знямоглае сэрца сваё.
Ноччу сёння зноў крычалі гусі,
Будзячы вярэдлівы ўспамін.
Ведаю,
Яны да Беларусі
Не дацягнуць свой крыклівы клін.
Толькі, можа, у смузе аблокаў
На хвіліну спыняцца яны
I разгледзяць хоць краёчкам вока
Берагі зялёныя Дзвіны.
Хай бы памаўчалі ў паднябессі
I, нібыта боскую расу,
На бары наддзвінскія атрэслі
З цёплых крылаў
Мой бяссонны сум.
Заморская вясна
Парасчыняла скарбы,
Рассыпала спаўна
Свае густыя фарбы.
Унізе і ўгары,
Як выдумка былая,
То жоўтае гарыць,
То белае палае.
Ды тыя фарбы штось
Душа не заўважае.
Чужая прыгажосць
Яна і ёсць чужая.
А ў сонны лес ідзеш —
Пралеска дагарае.
Някідкая,
Але ж
Такая дарагая.
Пераміргнуцца з ёй
Так проста і так добра:
То ж сон зямлі маёй,
Маёй журбы аздоба.
Прыгожая яна
Для сэрца і для вока,
Як даўняя вясна,
Што ад мяне далёка.
Над бясконцасцю акіяна
Цьмяна ўспыхвае зараніца.
Ад бяссонніцы акаяннай
Мне да раніцы не адбіцца.
Сярод скал бесхацінцам пахілым
Адзінота згубілася недзе.
Мне ж за выцвілым небасхілам
Ні бароў, ні сяброў не разгледзець.
Так далёка-далёка ад дому.
Б'ецца сэрца трывожна і гулка.
Настальгію сваю і стому
Я схаваў пад падушкай мулкай.
Дагарае апошняя знічка
На чужым раўнадушным небе.
А радзіма мяне не кліча.
Я радзіме, відаць, не патрэбен.
Што ж, ізноў, як сын нелюбімы,
Застануся з надзеяй і болем...
А мая дарагая радзіма
Мне патрэбна ўсё болей і болей.
Пад стук вагонных колаў,
Прымружу вочы ледзь,
Гучыць унукаў голас:
«Не трэба, дзед,
Не едзь».
Ён над вакзальным тлумам
Махае мне рукой,
Глядзіць з дарослым сумам
I светлаю тугой.
Читать дальше