Генадзь Бураўкін
Жураўліная пара
Вершы канца стагоддзя
Мінск 2004
***
О, як я хацеў бы
Скласці шчасцю оду,
Каб не мой панылы,
Непазбыўны одум!
Як бы я прыгожа
Поўніў струны звонам,
Каб не сумны клспат
Пра свой хлеб надзённы!
Як бы ўсім на свеце
Быў я даспадобы,
Каб не крыўда ў сэрцы
На свой лес нядобры!
О, які я быў бы
Дужы і раскуты,
Каб пазбыўся страху
Мой народ пакутны!
А пакуль не прыйдзе
Шчасце навасёлам,
Неяк пацярпіце
Спеў мой невясёлы...
***
Вечны клопат.
Вечная трывога.
Вечныя пытанні да сябе.
Вечная вясковая дарога.
Вечная задуха на сяўбе.
Вечны страх.
I вечная спакуса.
Вечны дух жытнёвы на жніве.
Вечная пакута беларуса.
Вечны Млечны Шлях у сіняве.
Вечны пошук.
Вечнае сумненне.
Вечны сон пакорнага раба.
Вечны сум.
I вечнае маленне.
Вечная за ўладу барацьба.
Вечнае старых лясоў дыханне.
Вечная калоссяў гамана.
Вечны боль.
І вечнае каханне.
Перад Богам вечная віна...
...I аднойчы
Трошкі недарэчна
У бацькоў спытаецца дзідя:
— Што, і сапраўды ўсё гэга вечна
Да канца нявечнага жыцця?
***
Ці збылося ўсё, ці не збылося,
Ведае пра гэта тслькі Бог.
Нікне паламанае калоссе
Ля старых раз'езджаных дарог.
Што яго так злосна паламала —
Навальніца,
Вецер
Ці бяда?
Гэта ўсё людзей цікавіць мала.
Ім чужога жыта не шкада.
Хутка завіруха загалосіць,
Шэранню засцеле ўсё вакол...
Сыплецца з пажухлага калосся
Зерне пераспелае на дол...
Сірацее лапік недажаты
Ля старых раз'езджаных дарог.
I ці ўзыдуць тут вясной зярняты,
Ведае наперад толькі Бог...
***
Калі твая дарога ўніз збягае
I зарастае маладой травой,
Прысядзь на цёплы верас каля гаю,
Паслухай жураўля над галавой.
Зірні на ліст бярозавы зялёны,
Духмяны вецер вуснамі крані —
I праясніцца твой пагляд замглёны
Ад чыстага блакіту ў вышыні.
I ціха клікне васількамі ніва
Яшчэ адной сцяжынкаю прайсці.
I зразумееш проста і шчасліва:
Не ўсім і гэта выпала ў жыцці.
***
Іду да вершаў пешшу
Між красак і камлёў,
Нагледзецца паспеўшы
На слонак і чмялёў,
Глынуўшы ўсмак азону
Дажджоў і навальніц,
Наслухаўшыся звону
Рачулак і крыніц.
Ступаю асцярожна
I ціхну —
Балазе
Тўт намаўчацца можна
На мяккай дзеразе.
Губляецца дарога
То ў вербах,
То ўтрысці...
Хто ведае,
Як доўга
Да вершаў мне ісці?..
***
Куды б толькі ты ні пайшоў,
Сустрэне прырода жывая:
Бясконцы шнурок мурашоў
Са сцежкаю сцежку сшывае;
Разважлівы хітры павук
Свой нерат пляце штохвіліны;
Як доктар пушчанскіх навук
Выстуквае дзяцел хваіны;
За колкім ажынным кустом
Сарока падскоквае вёртка;
3 распушаным рыжым хвастом
Між сосен мільгае вавёрка;
Кузюркі кішаць у траве;
Цікуюць буслы за вужамі...
Усё, што жывое, —
Жыве,
Цябе быццам не заўважае.
Не стой жа нядбайна адзін —
3 усімі ў суседстве і згодзе
I ты сабе мудра знайдзі
Занятак і месца ў прыродзе...
***
Упоперак
I ўдоўж
Ідзе асенні дождж,
Усё імілою шэрай зацягнула..
Ужо няма ані
Лагоднай цеплыні,
Пагодлівае лета прамінула.
Няма ў цішы лясоў
Птушыных галасоў,
Раскіслая дарога сірацее.
Зляцелі журавы,
Чарнеюць паплавы,
I кожны дзень паволі карацее.
Над вымаклым галлём
У садзе за вуглом
Скуголіць вецер на шчымлівай ноце...
Прыходзіць і да нас
Несамавіты час
Падумаць на джыццём у адзіноце...
У дні няшчасцяў і згрызот,
Калі адчай душу дратуе,
Калі не верыш і ў народ,
Адно суцешыць і ўратуе:
Што прысак памяці не згас,
Не зараслі кустамі нівы,
Што прыйдуць лепшыя за нас
I сцвердзяць лад свой справядлівы,
I спаляць хцівасці лаўжы,
I збажыной напоўняць клеці....
Дык варта жыць.
I трэба жыць.
I будзем жыць на гэтым свеце!
Жыві і радуйся,
Што ты яшчэ жывеш,
Што на стале ў цябе —
I хлеб, і масла,
I ў сэрцы выспявае новы верш,
I кволая надзея не пагасла.
Читать дальше