У МАЙСТЭРНІ ЛЕАНІДА ШЧАМЯЛЁВА
...А я ні пра Галгофу,
Hi пра церні
Не ўспомніў нават,
Калі з чорных рам
Святло святое
Хлынула ў майстэрні,
I я паверыў,
Што майстэрня —
Храм.
I я стаяў,
Шчаслівы і вясёлы,
Нібы паломнік пасярод зямлі.
I недзе блізка
Лёталі анёлы,
I побач
Шаты райскія цвілі!...
Я быў гатовы
Майстру памаліцца,
Паспавядацца,
Быццам святару,
Бо з дрэва спасціжэння таямніцаў
Счышчае ён будзёншчыны кару.
У грэшным свеце
Ён святлом
Патроху
Выводзіць цемры ліпкую паршу,
А церні ўсе
I вечную Галгофу
Забраў сабе ў збалелую душу.
Ну вось i мне ўжо ладзяць паніхіду.
Каля труны расстаўлены вянкі.
Стаіць начальства,
Сумнае для віду.
Маўчаць калегі.
Плачуць сваякі.
Непадалёк ад ганаровай варты
Пад сарамлівы перашэпт глухі
Зайздроснік малады
Зладзеявата
Прыпамінае ўсе мае грахі.
Разгублены і вінаваты нейкі
Сярод чужых цікаўных разявак
Былы мой сябра
Ціснецца да сценкі,
Бліжэй не можа падысці ніяк.
А ўзад і ўперад
Мой смяротны вораг —
Вось нечаканка дзе,
Вось дзіва з дзіў! —
Каля маіх сяброў,
Старых і хворых,
Унурана і згорблена хадзіў.
Ён гэтак шчыра гараваў па мне,
Ён гэтакім асірацелым чуўся,
Што я не змог улежаць у труне,
Умомант усхапіўся.
I — прачнуўся.
НАРОД
Пад засядальніцкі куродым
Каторы раз,
Каторы год
Клянуцца лідэры
Народам.
А хто ж ён гэтакі —
Народ?
Худы п'янчужка непрытомны,
Які падпёр падгнілы плот,
Ці гарадскі лайдак бяздомны,
Што за сабой нясе смурод,
Ці злодзей,
Што з завода цягне
Дубовы брус
I медны дрот,
Ці хлус,
Які пасады прагне,
Ці падхалімскі вершаплёт,
Ці подлы вопытны паклёпнік,
Што рые пад усіх,
Як крот,
Ці адстаўны штабіст без клёпак
Або сяржант-мардаварот?..
Калі ад іх імя клянуцца,
I служаць ім,
I любяць іх,
Тады мне дужа страшна,
Людцы,
За родны край,
За нас усіх.
Во прывядуць у свет шырокі
I не дадуць сысці на звод
Паэты,
Сейбіты,
Прарокі —
Сапраўдны наш, святы народ.
Яны,
А не наадварот.
СТРАХ
Вы верыце прамовам,
Што на сваёй зямлі
Нарэшце канчаткова
Мы страх перамаглі
I што ніколі болей
Не ступіць на парог,
Не сцісне сэрца болем
Бязлітасны спалох?..
А за спіною глуха
Паузе зларадны шэпт,
Свідруе мозг і вуха:
— За ўсімі сочыць шэф.
Усе ўзнімайце лапкі,
Во на любога з вас
Есць у архівах папкі
I рапартаў запас.
Там вечар учарашні
I кожны цмок i глык,
I плёткі ўсе,
I шашні
Пастаўлены на ўлік.
I гэта ўсё аднойчы,
Як выбуховы тол,
He паглядзеўшы ў вочы,
Вам пакладуць на стол.
I колькі б ні лячылі,
А стрэс па сэрцы —
Трах!..
Ну вось.
А вы лічылі,
Што вас не возьме страх.
СТАРЫЯ РАДЫКАЛКІ
Вы бачылі іх самі
На мітынгах і ў краме —
Настойлівасць,
Рашучасць
I імпэт.
А за спіной —
Нястачы,
Ваенны снег гарачы
I ідала вусатага партрэт.
Старыя радыкалкі
Яшчэ ля рэчкі Калкі
Вялі інгэграцыйныя баі.
У іх у рэдыкюлі
Па тры ідэйных кулі
I «корачкі» інспектара ДАІ.
Яны ва ўсякім разе
Дадуць любой заразе
Суровы і бязлітасны адлуп.
Яны дакажуць сходу
Працоўнаму народу,
Дзе на зямлі марксісцкай думкі пуп.
А вечарам
Бабулі
Зачэрпнуць суп з каструлі
I чай пусты сагрэюць на пліце.
I сядуць да экрана
Прыслухацца старанна,
Што там чарговы правадыр пляце...
ЭЛЕКТАРАТ
Ён у нас рашае шмат,
Дарагі электарат,
На стале ў яго заўсёды —
Хлеба кус
І сала шмат.
Ён зусім не хоча звад,
Мудры наш электарат.
Кожны выбраны начальнік
Для яго —
I сват, і брат.
Мае наш электарат
Самагонны апарат.
Ён яму для прапаганды
Падыходзіць акурат.
А яшчэ электарат
Прызнаваць не хоча страт
і сябе невінаватым
Лічыць ён ва ўсім падрад.
Ды часамі сам не рад
Родны наш электарат,
Што загруз даўно ў балоце —
Hi наперад,
Hi назад...
ДЫЯЛОГ ПАЭТА 3 ФІНАНСІСТАМ
— Ад нястачы змізарнеўшы,
Запытаць хачу:
Чаму
Вы мне плоціце за вершы
Менш,
Чым дворніку свайму?
Читать дальше