— Мы клапоцімся пры гэтым
Аб здароўі на зямлі:
Плоцім мы ўсё менш паэтам,
Каб яны ўсё менш пілі...
ПАКУЛЬ НАРОД СМЯЕЦЦА...
Мяціце з хаты смецце,
Трымайце ў галаве:
Пакуль народ смяецца,
Ён на зямлі жыве.
Надзеяй цепляць вочы
I жарт,
І анекдот.
Пакуль народ рагоча,
Не ўмёр яшчэ народ.
I хай чужынец цягне
Дурных прароцтваў мех,
Ён захлынецца ў багне
Пад наш агульны смех.
На мару залатую
I нам даў Бог правы...
Пакуль народ жартуе,
Датуль народ жывы...
***
Хоць, можа, я жыццю свайму не рады
I з далечы вярнуўся не ў пару,
Навошта мне чужыя далягляды?
Я тут і нарадзіўся, і памру.
Хай правакатар,
Падхалімскі,
Тонкі,
Ка мне не набіваецца ў сябры, —
Са мной мае бярозкі і сасонкі,
Са мной мае зязюлі і бары.
Ніхто мне волі злой не прадыктуе,
Ніхто не навядзе на сэрца жах.
Знайду заўсёды я сцяжынку тую,
Што сцішана хаваецца ў жытах.
I не бяда,
Калі мяне гасцінец
3 базарным шумным цугам абміне...
Не здрадзіў я матулінай хаціне.
Яна прытуліць, сумнага, мяне...
***
Я думаю,
Думаю,
Думаю,
Пытаюся «як?» і «чаму?»
Пра долю цяжкую і сумную,
Што выпала краю майму.
Ніколі ні подлым,
Hi хіжым
Не быў ён,
Калі ні вазьмі.
А вось
Ці то Богам пакрыўджан,
Ці то занядбаны людзьмі.
Як быццам нявольніцкай сеткай
Аблыталі крылы яму
I сілай і славай суседскай
Змушаюць скарыцца ярму.
Вякамі гібее ў знямозе
У смерці з жыццём на мяжы.
Скубуць,
Як гарох пры дарозе,
Яго і сваяк,
I чужы.
І поле ўзаранае зглумлена.
I красак няма ў мурагу...
Я думаю,
Думаю,
Думаю...
А выйсця знайсці не магу...
***
Калі б душа мая зусім прымоўкла,
Быць можа,
Я б спісаў свае грахі
На гэты свет,
Халодны і прамоклы,
На гэты час,
Бязладны і глухі.
I жыў бы я,
Як за Сцяною плачу,
Аддаўшы іншым і маю віну.
Ды ж не —
Сябе таксама вінавачу
Ва ўсім,
Што не прымаю і кляну.
Малюся,
Каб надзею ўваскрасілі,
Спагаду
На слабых руках нашу
I слухаю
Ў трывозе і бяссіллі
Балючую нямоўклую душу...
***
Хай робіцца наш свет усё люцей
I ў заўтра пазірае з недаверам,
Для беспрытульных, стомленых людзей
Не зачыняйце адвячоркам дзверы.
Ім сёння выпаў незайздросны лёс,
I доўгі шлях,
I золкі злосны вецер,
Што ў торбачку заплечную натрос
Не каласоў,
А палявога смецця.
Іх крыўдзіла балюча
Шмат разоў
Нядоля вераломная, цяжкая...
Не папракайце іх скупой слязой —
Хто ведае,
Што заўтра вас чакае.
Не прывыкайце да чужой бяды.
Для спачування,
Літасці
I веры
I ў навальнічны дождж,
I ў халады
Не зачыняйце ў вашай хаце дзверы!
***
3 бомбамі,
Здрадамі,
Бітвамі,
3 п'янствам,
Халуйствам
I кратамі
Час наш і праўда заблытаны,
Час наш і праўда пракляты.
Хціўцы да ўлады прычалілі,
Плошчы заставілі крамамі.
Хамы палезлі ў начальнікі.
Сталі начальнікі хамамі.
Звыклі да новых павеваў,
Згодны з чужымі праявамі.
Правыя сталі левымі.
Левыя сталі правымі.
Монстры палохаюць ікламі.
Папы абдымаюцца з юдамі.
Цуды зрабіліся звыклымі.
Звыклае робіцца цудам.
Свет у нязведанасць коціцца,
Блытае выдумкі з яваю...
А мне ўсё звычайнага хочацца,
Што стане рэальнаю з'яваю...
***
Божа,
Як мы кінуліся ўсе
У вясновы сад перабудовы!
Верылі,
Што нам вось-вось страсе
Дрэва шчасця
Яблык свой ружовы.
Напрасткі да зараніц ішлі,
Блыталі,
Дзе казкі і дзе былі,
Нават не заўважылі,
Калі
Сад ад нас сцяной адгарадзілі.
Ну і што?
Мы не сцішалі крок,
Мы шапталі даўніх клятваў слова.
А на браме ўжо вісеў замок,
I затворам кляцала ахова.
Нам гразілі
Страшнаю цаной
За яшчэ не бачанае шчасце.
Яблыкі ж віселі за сцяной,
I не ўмелі мы да іх дапасці.
Выбіліся з сіл ад барацьбы,
I надзеі засталося мала.
Аб сцяну расквасілі ілбы.
А яна стаіць,
Як і стаяла.
***
I шум,
I грук,
I віск які
Аб лізінгу,
Аб бартэры!
Высвістваюць статыстыкі.
Такуюць агітатары.
Читать дальше