Генадзь Аўласенка
Барсум атакуе
Прастужана прахрыпеў званок у калідоры і Свенсан, зірнуўшы на гадзіннік, міжволі вылаяўся ў думках. Зноўку гэты новы дзяжурны схітрыўся скараціць апошні ўрок аж на восем хвілін з гакам…
А, у рэшце рэшт, напэўна яго папрасіў аб гэтым хтосьці з выкладчыкаў, каб хоць на хвілін некалькі зменшыць свае штодзённыя пакуты ў гэтым вар’яцкім доме, які, нібыта ў насмешку, называўся: «элітна-узорнай гімназіяй № 5» горада Калізея.
Прыглушаны гоман у суседнім са Свенсанам класным пакоі адразу ж змяніўся аглушальным ровам і грукатам. Тонкі ўмольны голас выкладчыка «грамадскага права», містэра Мэрысана, на імгненне ўсплыў над неўтаймаваным гэтым грукатам і зноўку ў ім безнадзейна патануў. Чуваць было, як з тупатам і здзеклівым рогатам вучні суседняга класа пакідалі класнае памяшканне. Хутчэй за ўсё, яны пры гэтым яшчэ і шпурлялі ў містэра Мэрысана ўсім, што траплялася пад руку, і нават стралялі па ім з жыгучых мініплазмераў, цацачных паралізатараў і іншай дзіцячай «зброі»… але бачыць усяго гэтага праз, хоць і тонкую, але ўсё ж непразрыстую перагародку паміж двумя класамі, Свенсан, вядома ж, ніяк не мог.
З грукатам і рогатам пакідалі класныя памяшканні не толькі вучні суседняга са Свенсанам класа. Увесь, бадай што, трохпавярховы будынак гімназіі № 5, літаральна, скалынаўся ад адначасовага тупату дзесяткаў і сотняў маладых энергічных ног… і толькі дзесяты выпускны клас, у якім зараз і вёў Свенсан чарговы ўрок па «Асновах касмічнай навігацыі», працягваў сядзець ціха і паслухмяна, хоць гэтая паслухмянасць (па вачах вучняў бачна было) давалася выпускнікам, вой, як нялёгка. Дзесяты «А» асаблівай дысцыплінаванасцю ніколі не вызначаўся (наадварот, хутчэй), проста ўрок у ім зараз вёў Свенсан і таму толькі ў класе было так падазронна ціха. Да таго ж, замест класных сцен і столі, зараз перад вучнямі прасціралася бясконцая касмічная прастора, якая нават самому Свенсану, былому космадэсантніку, здавалася на дзіва рэальнай…
За няпоўныя дзве чвэрці сваёй педагагічнай дзейнасці ў гімназіі № 5 Свенсан, вядома ж, не ўзняў сярэдняй паспяховасці вучняў па свайму прадмету на нейкую, больш-менш значную вышыню. Ды, шчыра кажучы, ён не асабліва і імкнуўся да гэтага. Але прывучыць вучняў да такога элементарнага паняцця, як «дысцыпліна на ўроку», Свенсан усё ж змог, хоць і не адразу. Як і прывіць ім нейкую цікавасць (адносную, праўда) да тых прадметаў, якія выкладаў.
– Ну ўсё, на сёння хопіць! – павольна прагаварыў Свенсан, вырашыўшы не выпрабоўваць і далей цярплівасці класа і адным паваротам дыска на пульце кіравання «вяртаючы» памяшканню ягонае сапраўднае аблічча. – На наступным занятку мы працягнем разгляд гэтай тэмы. Тыя вучні, якія маюць запазычанасць па відэарэфератах – здаць іх да наступнага занятку. Ён у нас, калі не памыляюся, у сераду. А зараз… – Свенсан змоўк, вытрымаў невялікую паўзу, якую клас прыняў усё з той жа падазронна-пакорлівай паслухмянасцю, – зараз я вас больш не затрымліваю!
Вучні, нарэшце, заварушыліся, пачалі прыводзіць рабочыя сталы ў парадак. У гэтым таксама была заслуга Свенсана: толькі на ягоных уроках гэтай нецікавай, занудлівай нават справай займаліся вучні, а не самі выкладчыкі на перапынках альбо пасля заканчэння заняткаў.
Вось і зараз усе да аднаго вучні акуратна і ў правільнай паслядоўнасці пераводзілі ў стан, так званага, «чакаючага» рэжыму ўласныя пульты кіравання, потым асцярожна пераварочвалі і апускалі іх у спецыяльныя нішы сталоў… і толькі пасля гэтага моўчкі ўставалі і гэтак жа моўчкі пакідалі класнае памяшканне. На большае цярплівасці вучняў, вядома ж, не хапала, далей, па калідоры, амаль усе яны, не выключаючы і дзяўчат, несліся з шалёным тупатам і гіканнем. Але тое, што адбывалася там, за дзвярыма, Свенсана ўжо не датычылася ды й не цікавіла, калі казаць шчыра. Там яны ўсе хай хоць на галовах ходзяць, хоць гэтымі дурнымі галовамі аб бетонныя сценкі ляпаюцца. Альбо адзін аб аднаго…
– Містэр Свенсан!
Уздрыгнуўшы ад нечаканасці, Свенсан узняў галаву ад пульта кіравання. Так і ёсць: гэтая новенькая зноў засталася ў класе пасля заканчэння ўроку!
Што ёй спатрэбілася ад яго на гэты раз?
– Містэр Свенсан, – дзяўчына падыйшла бліжэй, спынілася каля самага стала. – Я вас не вельмі затрымліваю?
– Ды не, – сказаў Свенсан, уважліва пазіраючы на дзяўчыну. – А ў чым справа, Лоран? Штосьці незразумела па прадмету?
Читать дальше