– Буйныя непрыемнасці? – перапытаў Свенсан, адрываючы, нарэшце, погляд ад дзвярэй і пераводзячы яго на Лоран. – З чаго ты ўзяла, што мяне, наогул, чакаюць нейкія непрыемнасці?
– Я лепш пайду, – замест адказу прагаварыла дзяўчына. – Яшчэ раз прабачце, містэр Свенсан!
І Лоран выбегла за дзверы, перш чым Свенсан паспеў хоць штосьці ёй адказаць. Калі ж ён, праз некалькі хвілін сам выйшаў у калідор, дзяўчыны там ужо не аказалася.
Затое ў самым канцы калідора, ля кабінета хімічнай касмалогіі, было даволі шматлюдна. Не менш дзесятка здаравенных бэйбусаў стоўпілася там… і зараз яны з вясёлым гамам і рогатам спрабавалі адчыніць дзверы, якія знутры хтосьці трымаў. Нават не трымаў… калі Свенсан падыйшоў крыху бліжэй, ён зразумеў, што, наадварот, вучні гэтыя дзверы з рогатам прытрымліваюць, а адчыніць іх, адчайна і, на жаль, безпаспяхова спрабуе хтосьці знутры…
У гэты час адзін з вучняў азірнуўся і ўбачыў Свенсана.
– Шухер! – спалохана крыкнуў ён і ўся вясёлая кампанія дружна кінулася наўцёк. А з дзвярэй хімкабінета, якія, нарэшце, шырока расчыніліся, вываліўся на падлогу чырвоны і надзвычай узбударажаны містэр Уілсан, выкладчык хімічных спецтэхналогій.
– Хуліганы! – ускокваючы і ажно задыхаючыся ад крыўды і хвалявання, выкрыкнуў ён услед сваім крыўдзіцелям. – Усё містэру Свенсану раскажу!
У гэты час ён заўважыў раптам зусім непадалёку ад сябе містэра Свенсана ўласнай персонай і крыху сумеўся. І не проста сумеўся, а нават, што здзівіла Свенсана, яшчэ больш пачырванеў. Праўда, амаль адразу ж зноў узяў сябе ў рукі.
– Дзень добры, калега! – прагаварыў ён паважна і з нейкім нават своеасаблівым апломбам. – Як вашыя справы?
– Добры дзень, містэр Уінсан! – у тон яму адсказаў Свенсан, зрабіўшы выгляд, што нічога з таго, што здарылася толькі што ў калідоры, проста не заўважыў. – Як ваша спіна?
– А што спіна? – падыйшоўшы бліжэй, містэр Уінсан паціснуў плячамі і ўздыхнуў, абдаўшы пры гэтым Свенсана характэрным пахам таннага кукурузнага віскі. – Прайшла спіна…
Тут ён нечакана ікнуў і дадаў таямнічым шэптам:
– Амаль.
Некалькі дзён таму хтосьці з вучняў падставіў містэру Уінсану падножку на лесвічнай пляцоўцы і небарака настаўнік, хутчэй за ўсё, паспеўшы прыняць перад гэтым чарговую дозу спіртнога, не ўтрымаўся на нагах і літаральна пералічыў уласнай спіной амаль усе прыступкі паміж другім і трэцім паверхам. Аб гэтым Свенсану па сакрэту паведамілі самі ж вучні, не тыя, зразумела, якія прымалі ўдзел у гэтым, мякка кажучы, хуліганстве… простыя сведкі. Праўда, прозвішчаў саміх хуліганаў яны не назвалі… ды Свенсан на гэтым асабліва і не настойваў, бо цярпець не мог ні даносаў, ні, яшчэ ў большай ступені, даносчыкаў.
Тым больш, што сам містэр Уінсан тлумачыў потым калегам перакошанае сваё становішча тым толькі, што яго прыхапіў раптам на лесвіцы чарговы прыступ радыкуліту. І ўсе спачувалі яму, і ўсе рабілі выгляд, што вераць гэтаму тлумачэнню. І нават давалі тыя ці іншыя парады па лячэнню непрыемнага гэтага захворвання, хоць Свенсан быў цвёрда ўпэўнены, што ўсе ці амаль усе настаўнікі добра ведаюць, што ж на самой справе адбылося з іх няўдачлівым калегам.
Цікава толькі, ці ведае аб усім гэтым міс Мерыдыт? Хутчэй за ўсё – не, бо яна такі абуральны выпадак проста так не пакінула б…
– Слухай, Алаф, – нечакана перайшоў на «ты» містэр Уінсан, – а, можа, мы з табой… па капялютцы? У мяне ў кабінеце зусім выпадкова засталося яшчэ… – ён змоўк, не дагаварыўшы, і яшчэ раз ікнуў. – Прашу прабачэння!
– Гэта я прашу прабачэння, містэр Уінсан, – падкрэслена ветліва прагаварыў Свенсан. – Вялікі дзякуй за прапанову, але… – не дагаварыўшы, ён змоўк, паглядзеў на гадзіннік. – Не п’ю.
– Што, зусім? – недаверліва спытаўся містэр Уінсан. – Зусім не ўжываеш?
– У рабочы час не ўжываю, – сказаў Свенсан. – І вам не раю. Каб зноўку радыкуліт на лесвіцы не прыхапіў, а то гэта такая штука непрыемная, ведаеце…
І ён рушыў далей, пакінуўшы містэра Уінсана ў адзіноце і поўнай узрушаннасці пачуццяў. Нетаропка спусціўся на першы паверх і ўжо дайшоў нават да гардэробу, як раптам успомніў аб міс Мерыдыт і сваім абяцанні зайсці да яе праз паўгадзіны.
Дарэчы, яны амаль прайшлі, гэтыя паўгадзіны…
Прыйшлося тэрмінова узнімацца зноў на другі паверх.
* * *
Кабінет дырэктара гімназіі Свенсан наведваў толькі аднойчы, у час свайго прыёму на работу, і ўжо тады кабінет гэты ўразіў яго сваёй незвычайнай сціпласцю і невялікімі памерамі. У кабінеце не толькі не было нічога лішняга… многае з таго, што, па меркаванню Свенсана, проста жыццёва неабходна дырэктару даволі буйнай сталічнай гімназіі тут таксама адсутнічала. Стол, некалькі крэслаў, чорная матавая сцяна-экран з аднаго боку і сцяна-шафа з супрацьлеглага.
Читать дальше