Яшчэ бацька Рэда пагражаў заявіцца непасрэдна ў гімназію і там, на месцы, так разабрацца са Свенсанам, што таму застанецца толькі тэрмінова заказваць сабе месца на бліжэйшых могілках. Праўда, чамусьці не спяшаўся прыводзіць сваю пагрозу ў дзеянне, магчыма, памятаючы, што адбылося перад гэтым з адным з такіх занадта «крутых» бацькоў. Сыночак гэтага «крутога» займеў, было, кепскую звычку падкрадвацца да вучняў пачатковых класаў і стукаць іх галовамі аб сценку альбо адзін аб аднаго. Даведаўшыся аб гэтым Свенсан правёў з крыўдзіцелем пачаткоўцаў выхаваўчую гутарку ў ходзе якой наглядна прадэманстраваў яму, наколькі гэта балюча, калі твая галава ўваходзіць ў судакрананне з цвёрдай сценкай. А калі назаўтра ў клас, дзе Свенсан праводзіў чарговы ўрок, уварваўся раз’юшаны бацька вучня, былы космадэсантнік, на пацеху ўсяму класу правёў тлумачальную гутарку і з ім, і ўсё па той жа самай, адпрацаванай методыцы, гэта значыць: са шматразовым судакрананнем галавы гэтага «крутога» татачкі з усё той жа шматпакутнай сценкай…
– Я разумею, – адарваў Свенсана ад невясёлых сваіх успамінаў голас міс Мерыдыт, – што з дысцыплінай у нашай гімназіі не ўсё так, як належыць быць, і я вельмі ўдзячна вам за тое, што з вашым прыходам да нас стан яе значна палепшыўся, але…
– Я так зразумеў, – сказаў Свенсан, устаючы, – што вы зараз прапануеце мне звольніцца па ўласнаму жаданню? Ну што ж, калі справа дайшла да гэтага, то я…
– І не думайце нават! – з нейкім нават спалохам у голасе ўсклікнула дырэктрыса, таксама ўскокваючы са свайго месца. – Я зусім не гэта мела на ўвазе! Я… я зусім нават не гэта хацела сказаць! Прабачце, калі я вас хоць чымсьці пакрыўдзіла!
Самыя апошнія словы яна амаль прашаптала, і Свенсану нават падалося, што ў вачах міс Мерыдыт бліснулі слёзы… але, хутчэй за ўсё, гэта яму толькі здалося ў падманлівых зеленаватым асвятленні кабінета.
– Гэта вы мяне прабачце! – вінавата прамармытаў былы космадэсантнік, апускаючыся на ранейшае месца. – Я напэўна і сапраўды часам перагінаю палку, але ж, як вы і самі сказалі, з дысцыплінай у нас вялікія праблемы. А ў вас праблемы са мной, бо я ўяўляю, як ціснуць на вас зараз зверху…
– Нічога! – усміхнулася дырэктрыса і, павярнуўшыся ў бок акна, дадала: – Як-небудзь вытрымаю!
Пры гэтым яна цішком правяла далонню па твары, нібыта выціраючы штосьці. А можа, Свенсану гэта зноў толькі падалося, бо калі дырэктрыса павярнулася ў ягоны бок, твар яе быў зусім нават не заплаканы… праўда вочы неяк падазронна блішчэлі…
«А яна нічога сабе! – раптам падумалася Свенсану. – І даволі сімпатычная, прыгожая нават! І як толькі я раней гэтага не заўважаў?»
І тут яму міжволі ўспомнілася, што ўсяго паўгадзіны таму ён амаль гэтымі ж самымі словамі ацэньваў прыгажосць Лоран, новенькай з выпускнога класа.
Ды што гэта з ім у апошні час?! Ці гэта адзінота так уплывае?
– Я запрасіла вас зусім не дзеля гэтага, – сказала міс Мерыдыт, зноў вяртаючыся да стала. – Я проста… як бы гэта сказаць… – яна змоўкла на нейкае імгненне і дадала раптам зусім іншым, нечакана змяніўшымся голасам: – А можна, я буду зваць вас проста Алафам? Не пры ўсіх, зразумела… толькі, калі мы адны… – Міс Мерыдыт яшчэ памаўчала крыху. – Вы не супраць?
– Я не супраць, Глорыя, – сказаў Свенсан, устаючы з крэсла і падыходзячы да міс Мерыдыт, якая таксама ўзнялася са свайго месца і глядзела цяпер на Свенсана знізу ўверх. Глядзела з надзеяй і, адначасова, з нейкім нават спалохам. – І яшчэ я хачу сказаць, што вы… што ты вельмі прыгожая, Глорыя!
– Пацалуй мяне, Алаф! – не прагаварыла нават, а прашаптала ледзь чутна Глорыя Мерыдыт, міс дырэктрыса гімназіі № 5 горада Калізея, другога па велічыні сталічнага горада планеты Медэя-2. – Мяне яшчэ ніхто ніколі не цалаваў…
Ад гімназіі да дому, дзе Свенсан здымаў кватэру, было каля чатырох мясцовых міляў, і звычайна Свенсан эканоміў час, даязжаючы туды на адным з тых вялізных электракараў-аўтаматаў, якія амаль бесперапынна курсіравалі па вуліцах Калізея. Аднак сёння ён вырашыў прайсці пехатой увесь чатырохмільны маршрут, прычым, вырашыў гэта ў самы апошні момант, калі ўжо падыходзіў да бліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту. Чаму ён так вырашыў – засталося загадкай нават для самога Свенсана.
Можа таму, што сёння вечарам да яго павінна была прыйсці Глорыя?
Урэшце рэшт, менавіта з гэтай нагоды Свенсану трэба было б патрапіць сёння дамоў як мага хутчэй, бо часу да візіту Глорыі Мерыдыт заставалася не так і шмат. А ў ягонай халасцяцкай кватэры сёння, як і заўсёды, дарэчы, панаваў самы поўны развал і кавардак… а трэба ж яшчэ і заказаць па лініі ўнутранай дастаўкі тое сёе для сумеснай вячэры.
Читать дальше