Сіратліва не стой ля суседскай мяжы
I не дай сваю памяць знябыць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш шчасліваю быць!»
...I разбілася думка мая яшчэ раз
Аб каменную сценку людской глухаты.
I яхідна ўсміхнуўся знявераны час...
Ну няўжо не пачула і ты?
Матулі зноў прысніўся дрэнны сон
Пра сына.
Пра каго ж яшчэ ёй сніцца?
Нібыта ходзіць па кватэры ён,
Ламаючы струхлелыя масніцы.
А ёй карціць яму дапамагчы,
Рвануцца напярэймы,
Ды не можна.
I сын, як здань, знікае уначы.
I сэрца маці тахкае трывожна.
Ёй не заснуць да раніцы цяпер,
Не вымаліць душэўнай раўнавагі.
I прадчуванне, як галодны звер,
Ламацца будзе ў сумныя развагі.
«Чаму масніцы?
Ад чаго яны
Рыпелі і ламаліся штохвілі,
Калі ў яго паркет і дываны —
Ні парахні,
Ні шашалю,
Ні цвілі?
Так доўга не званіў і не пісаў.
Мінулы год хварэлі ўнукі часта.
А можа, недзе прастудзіўся сам?
А можа, чым не дагадзіў начальству?..»
Як толькі сонца бліснула ў акне,
Яна спалох панесла да суседзяў,
Каб нехта ў дзіўным, недарэчным сне
I тайны сэнс, і тайны знак угледзеў.
Зноў прыгадала ўсе свае гады,
Усе свае сакрэты і прыкметы.
Калі ён быў худы і малады,
Дык на пабыўку прыязджаў штолета.
Гарэў у печы весела агонь.
Па хаце праплывалі кропу хвалі.
I ціха пад ягонаю нагой
Памытыя маснічыны спявалі...
Вярнулася вясёлая.
На ўслон
Прысела,
Перш чым корпацца ў гародзе.
«I праўду кажуць:
Глупства — гэты сон.
Чаго не навярзецца ў адзіноце...»
Палола, палівала цэлы дзень.
Курэй у хлеў загнала на змярканні.
Прылегла.
А жаданы сон не йдзе.
I сэрца распінаюць прадчуванні.
На вуліцы не ціхнуць галасы.
Пад коўдраю ніяк не прымасціцца...
I ўсё ў вачах стаіць далёкі сын.
I ўсё рыпяць старэнькія масніцы...
Ноч над лугамі, расою намоклымі,
Хмаркі рассоўвае.
Зноў і на сэрцы маім, і за вокнамі
Ціша бяссонная.
Нейкая птушка ніяк не ўгамоніцца,
Пырхае, ціўкае.
Можа, і ў птушкі старая бяссонніца
Роспачнасць ціхая.
Ці не хапае святла над разорамі,
Ветру мурожнага?
Ці і ў яе між зямлёю і зорамі
Столькі трывожнага?
Цьмяна заранка за вёскаю бліскае,
Птушку палохае.
Крылы слабыя. Надвор'е вятрыстае.
Доля нялёгкая.
I ўжо на выгане вырай збіраецца
Купкаю рэдкаю...
Вось і засні тут, чакаючы раніцу,
З гэткай суседкаю...
Ён вечна быў мне казкай,
Таемнай і прыгожай.
Ды ўсё часцей
З апаскай
Я ў родны лес прыходжу.
Мне злосны горкі роздум
Вярэдзяць штохвіліны
Разбураныя гнёзды,
Зламаныя галіны.
Засыпалі палянкі
I барсуковы сцежкі
Пагнутыя бляшанкі,
Старыя галавешкі...
Падораная Богам
Уся краса лясная
Ад варварства людскога
Зняможана канае.
Прыбраў сухое голле
I здзёртую кару я...
Няўжо і мне ніколі
Лес родны не даруе?
Вы за мяне,
За грэшніка,
Замоўце хоць бы слоўца,
Ласкавы ліст арэшніку,
Калючы куст ядлоўцу...
Каб паслухаць Белавежу,
Я пайду па цаліку,
Па марознаму бязмежжу,
Па рыпучым шарпаку,
Забяруся ў глуш такую,
Дзе пануе белізна,
Толькі рыжая мышкуе,
Ды парыпвае сасна,
Ды з вяршалін анямелых
Абтрасае
Вецер снег.
I навокал —
Бела-бела.
I зацішна —
Як у сне.
Там высокія сумёты
Паўпіраліся ў камлі,
Нібы айсбергі самоты
Прьгалылі з усёй зямлі.
Пад ялінаю кашлатай
Шышкі выслалі пасцель.
Заварожаныя шаты
Ад вачэй
Схавалі цень.
I праз выстыласць лясную,
Праз глухое забыццё
Нечакана я пачую
Сэрца ўласнага біццё.
I знайду сляды старыя,
I ў бязмоўнасці снягоў
Усхвалёвана адкрыю
Вечнасць гэтага ўсяго...
Стаміўся ад бясконцай калатні,
Ад пустазвонства заклікаў і хартый,
Ад палітычнай шулерскай гульні,
Ад мільгацення лозунгаў і партый.
Заблытаўся ў настырнай чарадзе
Празорцаў і апосталаў крыклівых,
Што на людскім даверы і бядзе
Сабе падрыхтавалі ўзлёт імклівы.
З іх кожны разбіраецца як след,
Куды дарога выведзе прамая.
I кожны кліча за сабою ўслед.
I кожны Бога новага ўзнімае.
Читать дальше