Наша воля не дала прыгладзіць,
Апраўдаць нядбайніцтва і зло,
Каб нідзе дзяржаўнае бязладдзе
У бязлюддзе не перарасло.
Больш, чым грошы, хай штодзённа поўняць
Наш святы усенародны фонд
Дзелавітасць, вера, прынцыповасць,
Ясны розум і працоўны пот.
I дурная куля ў зорным ціры
Да мішэні хай не даляціць...
Па рахунку дзевяцьсот чатыры
Доўга-доўга нам яшчэ плаціць.
Памяці герояў-пажарнікаў
Год за годам сеяць нам і жаць,
На зямлі дагледжанай і добрай.
А яны глыбока ў ёй ляжаць —
Віцязі ў цяжкіх пажарных робах.
Мяккая вясновая трава
Ім не ўсцеле цесныя пасцелі.
Мы іх не паспелі ўратаваць.
Нас уратаваць яны паспелі.
У свінцовых трунах леглі ў жвір -
Шпаламі пад рэйкамі прагрэсу.
Збераглі нам Кіеў і Мазыр.
Збераглі нам Гомель і Адэсу.
Першародны жытні пах раллі
I ваду ў крыніцы прыдарожнай —
Столькі для нашчадкаў збераглі,
Што сягоння і злічыць няможна.
Ні шаленства смерчаў агнявых,
Ні бяссілле іх не збілі з тропу.
Быў бы ў іх, каб азірнуцца, міг —
За сабою ўбачылі б Еўропу.
Ды яны не ўгледзелі як след
Нават гібель позіркам юначым.
Гэта мы неспапялёны свет
Іх вачамі здзіўленымі бачым.
Гэта нам прыгадваць зноў і зноў
На асфальце ці на расцяробах,
Што падмуркам нашых спраў і сноў —
Віцязі ў цяжкіх пажарных робах...
Ох, даўжэй пажыць бы пад Мілавіцай...
Так знаёмы ўрочышчы і палеткі,
А і яны складаюцца з таямніц:
Таямніца атама,
Таямніца клеткі,
Таямніца зернетка і крыніц.
У душы разгубленай праз напасці
Беражна пранесены,
Як абразы,
Таямніца вернасці,
Таямніца шчасця,
Таямніца ўсмешкі і слязы.
Як святое таінства на дасвецці
Скрозь дзірван бяспамяцтва прараслі
Таямніца вечнасці,
Таямніца смерці,
Таямніца неба і зямлі.
Ох, даўжэй пажыць бы пад Мілавіцай,
Каб паспець да лепшага свет змяніць,
На зямныя дзіўнасці надзівіцца,
Разгадаць хоць некалькі таямніц...
У Трускаўцы, як і раней, спяваюць
Каля бювета цеснай грамадой,
Нібы хваробы песняй адвяваюць
Ад душ, акропленых жывой вадой.
У паднябессе рвуцца падгалоскі.
Іх узнімаюць беражна басы.
Здаецца, з цэлай Украіны вёскі
Сюды свае прыслалі галасы.
Дзядзькі і цёткі зладжана спяваюць
Пра Галю, пра крыніцу пад вярбой —
I з твараў ператомленых змываюць
Заўсёдны клопат і нядаўні боль.
Вядзе свой рэй нястомны запявала.
Прыціхлі гамана і мітусня.
I песня ўсіх звяла і аб'яднала
I парадніла хоць бы на паўдня.
Як і заўсёды,
Так яна дарэчы —
Ці паліць сонца,
Ці ідуць дажджы...
I покуль людзі песняй душы лечаць,
Яшчэ не страшна ў гэтым свеце жыць.
Хоць ты ў Антарктыку бяжы,
Калі па ўсім вясновым краі
Ідуць кіслотныя дажджы,
Як быццам неба нас карае
За спляжаны бяздумна лес,
За гербіцыды і нітраты,
За ўвесь бязлітасны прагрэс,
Хоць ён зусім не вінаваты.
На дымным ядзерным крыжы
Прырода курчыцца пакутна.
Ідуць кіслотныя дажджы,
На сад выплёхваюць атруту.
Цьмянее незабудак сінь.
З лістоты піць не хочуць птушкі.
I кроплі чорныя на ўсім —
Нібыта д'яблавы вяснушкі.
Ты начулася ўдосталь прамоўцаў пустых,
У якіх наяднаны хлусня і хвала,
I чамусыхі даўно ўжо не слухаеш тых,
Каму таленты раздала.
А яны ж тваю сутнасць нясуць праз гады.
Свет па іх вызначаць тваё месца прывык.
Дзе ж стаіўся іх голас,
Заўжды малады?
I ў душы выспявае не просьба, а крык:
«На цябе неаднойчы вастрылі нажы,
Каб навекі цябе загубіць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш свабоднаю быць!
У вар'яцкай яздзе, на сляпым віражы
I дарогу няцяжка згубіць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш разумнаю быць!
Ты аглухла сягоння ад песень чужых,
А свае ўсе паспела забыць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш славутаю быць!
Прагані з даляглядаў сваіх міражы
I пабудку паспей пратрубіць.
Беларусь,
Свае таленты беражы,
Калі хочаш магутнаю быць!
Читать дальше