Чаго хочуць, што чакаюць ад мяне на гэты раз – я таксама не ведаю! Для нагляднасці параўнаю ўдары Судзьбіны-долі так: першы раз – нібы ўкус камара, другі – быццам шэршань гваздануў цябе ў лоб; трэці – нібыта абухом па галаве, чацвёрты і – заганяе па вушы ў зямлю… пяты… шосты… сёмы… Колькі іх можа быць?! Не знаю! Але прадчуваю, які страшэнна-магутны і жахлівы, напэўна, бывае апошні ўдар, пасля смерці, ад якога залежыць усё. Каб пазбегнуць яго: рабіце добра справу сваю, рабачаямі будзьце, жывіце па сумленню і добра справу рабіце, таму што справай сваёю мы апраўдаемся перад Госпадам і справай сваёю ж і асудзімся!
Бог – гэта справа, якую мы робім. I справай мы апраўдаемся перад Усявышнім. З правага боку быў укрыжаваны разбойнік, першы з роду людскога, якога Сын ЧАЛАВЕЧЫ ўваскрасіў з памерлых. Як разабрацца, дзе права, дзе лева, спытаеце вы, – гэта проста зусім і складана. Каб не было памылкі і самападману, зрабіце маленькую справу: уявіце сябе на месцы Хрыстовым, на Крыжы на Гасподнім, сураспніцеся з ім (бо іншага шляху для нас не існуе да ўваскрэсення) – і стане ўсё зразумела вам: глядзіце на свет не ад сябе вы, з крыжа пазірайце вачыма, глядзіце на тэкст мой не ад сябе вы, а з тэксту глядзіце вачыма на словы, на свет і на дзеі свае, душою глядзіце і розумам, сэрцам і Духам – і стане ўсё зразумелым: дзе права, дзе лева, і дзеяй і справай якой апраўдацца нам перад Хрыстом, таму што:
Я адстукаў клетку на машынцы і шмат чаго зразумеў для сябе, многае адкрываю ў тэксце і па сённяшні дзень. Дзесяць радкоў – дзесяць запаведзяў: Ісус Бог, акравершам як бы спускаецца з нябёсаў на зямлю, але для таго, каб Ён стаў нашым Богам, чалавеку трэба падымацца да Яго разумення, калі Бог зрабіў сем крокаў да чалавека, то вымагае чалавека падняцца хаця б на тры крокі ўверх, тады і атрымаецца ІСУС БОГ НАШ. Дзесяць запаветаў і лік трынаццаць, які я графічна выдзяліў літарамі акраверша (з «левага»-«правага» боку – усё залежыць як чытаць і як разглядаць «клетку»: сураспніцеся!). Але ж якім было маё здзіўленне, калі з «боку «Сатаны-Трынаццаці» я адлічыў трыццаць тры інтэрвалы і трыццаць трэці якраз прайшоў пасярэдзіне Хрыста. Той, каму адкрыта, усё зразумее, хто сляпы і не бачыць, я не магу яго зрабіць відушчым, я грэшны чалавек і не магу ацаліць ад слепаты – можа, схадзіце ў царкву, калі жывяце ў Мінску – на Прытыцкага ёсць Вялікая царква «Усіх тужлівых радасць», у маленькай палатцы, на ўзбоччы дарогі, але пасярэдзіне Жураўлінага Шляху; можаце наведаць Кафедральны Сабор, ён на ўзгорку стаіць, на Плошчы Волі… Дарэчы, цэркаўку заўсёды на высокім месцы будавалі, паблісквае на сонцы залатымі купаламі, адсвечвае чырвоным золатам вечнага жыцця, і б’юць званы, звоняць: бом! бом!! бом!!! Склікаюць сляпых і невідушчых, каб бачылі.
А каму зусім не адкрыта, і хто зусім сляпы і невідушчы і мае каменнае сэрца, адколатае з помніка якому-небудзь правадару, хай помніць, што Бог навучыць болем. Хай моліць і просіць Бога, каб Ен вывучыў праз боль, пакуль ёсць яшчэ час, пакуль не грымнуў удар у апошні раз. Кінь чытаць маё трызненне і бяжы да царквы, не думай, што будзе час, што яшчэ паспееш, што ў іншы раз…
Іншы раз бывае карысна не толькі чытаць, але і лічыць, не толькі грошы, гады-барышы, але і словы, радкі, нават інтэрвалы, каб разабрацца або яшчэ раз пераканацца ў Хрыстовай ісціне.
Мы нічога не ведаем, мы робім так, як звыклі, мы вечныя рабы звычак, каб вылушчыцца са старой скуры, бывае карысна чытаць і паглядзець на свет новымі вачыма, а затым, выцершы ногі свае аб прывычку, атросшы пыл з вобуя свайго, прачытаць, напрыклад, зверху ўніз, або знізу ўверх, – тады іншым разам шмат чаго зразумееш і яшчэ раз пераканаешся ў праўдзе Божай і ў праўдзе сэрца свайго.
(Раніца 5 лістапада 94 года)
Я зноў выключыў святло. Чытаў пра сябе малітвы. Падумалася: калі засну, хоць на пяць хвілін, – гэта стане маім канцом. Не! Колькі гадзін? Палова шостай! Рана яшчэ… Але я ўстаў і пачаў апранацца. Пакінуў жонцы запіску: «Я ПАЙШОЎ У ЦАРКВУ». Баяўся, каб што-небудзь не перашкодзіла трапіць туды. Доўга чакаў аўтобуса, падалося: спыніўся час – мне захацелася бегчы напрасткі, а гэта кіламетраў сем: «Толькі б нічога не здарылася і я трапіў у царкву», – непакоіўся я. Вам смешна? Што магло здарыцца, пытаеце вы? У вас што, сястра ў войску служыць, ці страха паехала? Пытаюцца яшчэ, іш ты? Нічога не магло б здарыцца? Вы што?! А калі б мяне зарэзалі па дарозе да царквы? Што б тады? Га? А калі б я трапіў пад колы аўтамабіля? Калі б забралі ў міліцыю ці, скажам, абвінавацілі, што я ў той цёткі кашалёк з грашыма ўкраў – і сведкі б маглі знайсціся. А што, сказалі б, стаяў побач, можа і ён? Я ж не на гульбішча еду, а ў царкву, а гэта вам не жартачкі. Гэта па вечнае жыццё. Гэта не ў піўнушку схадзіць. Ведаеце, колькі небяспечнага падсцерагае нас на кожным кроку? Ведаеце? Асабліва калі ідзеш у царкву (легіёны не дрэмлюць, як мая маці казала), сотні дэманаў высільваюцца, каб не пусціць вас, гэта вам не уркаган за вуглом у цёмным завулачку – гэта дэман. Ён падсуне тысячы прычын і думак, і людзей нават падашле, абы вы сказалі: «Потым, будзе яшчэ час!» А часу – раз! – і не застанецца ні кроплі: цюкбразь! – грымнулася цагліна на галаву, і панеслі вас уперад нагамі без споведзі і прычасця, ну і цяперака, дзе ваш час? I святкуе прадонне сваю перамогу. Не думайце, я не з пужлівага дзесятка, але… але… але… Але калі думаеш пра вечнае, але калі ідзеш у царкву, калі адчуваеш, што па вечнае жыццё ідзеш, і ведаеш, які цяжар грахоў нясеш за плячыма, – зведайце, як боязна тады і жахліва!
Читать дальше