Я адчуў, яны злавілі мяне. Гоняць на загубу. Як мне вырвацца з гэтага кола? Але ж я магу не пайсці ў цырк? Жонка не зразумее. Усё зноў заблытваецца і ўскладняецца. Калі пайду – усё вырвецца з-пад майго кантролю, так мне ўяўлялася. Назад ходу не будзе, думаў я. Можа… Мне што навучыцца лгаць? Падмануць? А ці змагу?… Заўтра, не, сёння ранкам перад цыркам, трэба прарвацца ў царкву. Гэта важна: на споведзь! Тады я быў без Бога, з Богам усё будзе іначай. Ён не пакіне, уратуе. Божа, не дай аступіцца, завядзі мяне заўтра на споведзь.
Госпадзе, Ісусе Хрысце, Сыне Божы, памілуй мя.
«Барані мяне сваім крыжам насподнім… Насподнім?» – жахнуўся я вымаўленага слова. Дык якому крыжу я малюся, якога Бога прашу?
Я зноў выключыў святло. Але праз хвіліну падхапіўся, нейкая сіла шаптала і падказвала мне: пішы, пішы, пішы… Занатоўвай, а то зноў усё пераблытаеш і забудзеш. Мой розум пралічваў тысячы варыянтаў, шукаючы мне выратавальны шлях: адно, адзінае выйсце! Яно павінна быць!
Усё паўтараецца. Вечны калаўрот, як у таго праклятага Ніцшэ, але я не хачу прымаць яго халодную, ганарлівую «ісціну». Мне добра з Богам.
Я зноў ступаю на свае сляды. Вечнае вяртанне – гэта тупік, лабірынт. Дзе ж ты, нітачка Арыядны, – пуцяводная ніць? Тупік!
Ёсць тупіковыя сітуацыі, але няма безвыходных. Выйсце заўсёды ёсць! Павінна быць! З тупіка можна павярнуць назад.
Радуйся, калі ідзеш з тупіка зваротным шляхам, ты ўсё адно рушыш наперад. Адмоўны вопыт таксама патрэбны. Не апякаючыся, не навучышся баяцца агню – і тады згарыш аднойчы.
Па тупіку праходзяць двойчы: першы раз, як заходзяць у яго, ідуць з упэўненасцю, што гэта пуцявіна вядзе да мэты, і другі раз, калі вяртаюцца назад з веданнем, што гэтая дарога выводзіць з тупіка. Калі ступаеш на сляды свае, выходзячы з тупіка, ты ўсё роўна ідзеш наперад. Да мэты. На сляды свае?.. Я на слядах… Але… Але як вырвацца з круга? З вечнага круга вяртання?
Ці ёсць у крузе пачатак? Дзе ў крузе канец?
З якой кропкі ні пачынай рух, яна праз нейкі час стане канцом. Няма ў крузе пачатку – няма і канца. Круг – гэта сістэма, якая пачынаецца і канчаецца ў кожнай кропцы часу адначасова.
Ці ёсць пачатак майго жыцця? Нараджэнне. А да народзінаў дзе мой пачатак? Не было б бацькі – не было б і мяне. Мой выток ад бацькі. Але бацька таксама быў камусьці сынам. Да бацькі мой пачатак у дзядоў (а сёння ж яны, Дзяды!)… І так бясконца. Няма ў мяне пачатку. Дзе ж канец? Я памру… Але Хрыстос сцвярджае і пераконвае подзвігам (і я веру Яму), што душа ўваскрэсне і будзе жыць вечна!
Чалавек – гэта сістэма, якая пачынаецца і канчаецца ў кожнай кропцы часу? Чалавек – гэта прамая? Але куды вядзе яго шлях? Чалавек – гэта… «Дарога – гэта гасцінец, па якім я іду», – сказаў адзін голас. «Не! Дарога – гэта тое, што я праходжу. Гасцінец будзе і без мяне, а без маёй хады шляху не будзе…» – запярэчыў другі.
Чалавек – гэта крыж! Яму трэба верыць, яго несці, ім ратавацца. Трэба ісці!
Начхаць мне на іхнія кругі і петлі, на гэта д’яблава кола, пайду нацянькі! Да лямпачкі мне, што сатаннё каламуціць ваду, пайду напралом, напрасткі, я засвячу гэта чортава кола і выведу іх на чыстую ваду! Што мне з таго: дзесяць, трынаццаць? Плюнуць! І расцерці!
Памажы мне, Госпадзе! І я зноў засеў на машынку.
I боль мой крыху суцішыўся зноў і адышоў. Я доўга ўглядваўся ў круг сваёй долі – ён атрымаўся нейкі квадратны: «Квадратура круга, – падумаў я, нёвырашальная задача, а квадратура крыжа – непасільная». Колькі ж было гэтых кругоў у маім жыцці? Адно крыху ўсцешыла і яшчэ раз абнадзеіла: Бог апынуўся за колам. Значыць, гэта мяне д’ябал круціў? Не, цяпер ён нікуды не дзенецца: ваяваць дык ваяваць!
«Хто душу сваю пакладзе за другі свая, – мовіў мой Цар Хрыстос, – той у пашане будзе і займее вянец жыцця вечнага». Як сплаціць мне пазыкі Табе, вечны раб Твой, і вечны прыслужнік у Слова Твайго, дай мне зброю ў рукі, дай мне Духа Святога, барані шчытом веры і шаломам малітвы мяне ахіні, я пайду на вайну, мо з яе не вярнуся ніколі, пракавечны даўжнік – упаду галавою ў траву-палыны, ты мяне не пакінь сярод жарсцяў зямных, добрым словам тады памяні, буду плакаць калі пад лазоравым купалам неба, Ты мяне не шкадуй, бо бядою гартуецца воля, я пайду на вайну, мо назад не вярнуся ніколі, дай мне моцы, Гасподзь, дай мне сілы Свае пад заплаканым небам Айчыны, Ты прымі, атулі, нібы блуднага сына свайго… Я пайду на вайну… я пайду… я іду…
Кажуць: праз вызначаныя прамежкі часу вырак спасцігае чалавека. Якая працягласць гэтых прамежкаў – дакладна ведаюць на НЕБЕ. Можа, для кожнага існуе свой інтэрвал паміж ударамі лёсу? Я не ведаю! Адно спазнаў дакладна – гэта тое, што заблытаўся ў сваім жыцці, заблудзіўся сярод віхлястых сцяжынак лёсу, і вочы разбягаюцца, і галава ідзе кругам, заблытаўся ў сабе і ў людзях, адно я пэўна ведаю: штосьці падобнае здаралася ўжо аднойчы, ці дзесяць, ці трынаццаць гадоў назад, цяпер я ўжо знаю, як мне выйсці на светлы шлях, я знайшоў сабе павадыра, ён выведзе з лабірынта. Я зрабіў клетку, і хутка заганю туды злодзея, што завязвае людзям вочы, што заблытвае іх жыццёвыя шляхі, там, у КЛЕТЦЫ, ён пакажа свой агідны твар, выявіць сваё паганае аблічча і вышчарыць зубы гнілыя свае. Ён доўга круціў мяне, але Святое Пісанне гаворыць: не капай ямы другому!
Читать дальше