Анатоль КУДЛАСЕВІЧ
ХРЫСТОСІК
Гісторыя вар'яцтва, або Споведзь цвярозага чалавека
Ты ніколі не быў Богам? Дзіўна. Няўжо ніводнага разу за жыццё так і не адчуў, што творыш гэты свет, што ён створаны для цябе і дзеля цябе: і сонца ўзыходзіць, і зямля круціцца толькі таму, што ў гэты час так хочаш ты? Ты — стрыжань, на якім трымаецца светабудова.
З табою так ніколі не было? Тады ты, пэўна, з гэтых прымітыўных, дакладней, прасцейшых і аднаклетачных, якія не могуць увабраць у душу сусветы.
Амёбы, нікчэмныя стварэнні. Ім бракуе ўяўлення, той адметнай уласцівасці, якой чалавек адрозніваецца ад жывёліны.
Што хачу сказаць... Я быў Богам. Так, і не аднойчы.
Некалькі разоў адчуваў сябе паўнаўладным гаспадаром гэтага і таго свету. Так, хоць даволі дзіўна гучыць такое прызнанне, але гэта праўда. Праўда ў тым, што я так пра сябе думаў. А як насамрэч адбывалася, тое нікому не вядома.
Свет звар’яцеў... Апошнім часам часта чуем гэтую фразу. А ты ведаеш, што калі чалавек прыходзіць у здаровы розум, то заўважае, што ўсе паз’язджалі з глуздоў. Так бывае. Калі падладжваешся пад шматмоўную шэрую масу мільярдаў звычайных людзей, нікому не замінаеш, нікому не пераходзіш дарогу — нікому і не перашкаджаеш, але, як толькі ў цябе атрымліваецца зразумець штосьці крыху па-іншаму, арыгінальней за астатніх, становішся раптам упоперак іхняй дарогі, як костка ў горле, ні праглынуць, ні выплюнуць ім цябе немагчыма...
Што такое прыйсці ў здаровы розум? У здаровым розуме ты ўсё можаш, на ўсё хапае моцы і на ўсё гатовы адважыцца, пачынаеш ведаць усё пра ўсіх і пра сябе, адчуваеш неймаверную моц: нават зоркі можаш пазрываць з небасхілу. Вось тады ты і разумееш, што ты не проста сабе чалавечак плюгавы, а ты — Бог! І людзі пачынаюць цябе пабойвацца, страшна становіцца ім: а раптам ты сапраўды што-небудзь такое зробіш і ўсё абрынецца... Скончыш адным махам усё, і яны знікнуць раптоўна. О, як яны баяцца смерці! Ім жа так хочацца жыць. Не ўцямяць яны, дурныя, таго, што ведаеш ты і што яны ніколі не змогуць уведаць, бо не дарасла даздаровага розуму іхняя ведалка. А для цябе ж не сакрэт, што смерці няма, бо ты ж Бог, і не разумееш: чаго яны так трасуцца над сваім мізэрным жыццейкам? А ўсё таму, што яны не ўвайшлі ў здаровы розум і лічаць, што смерць праглыне іх. Калі ёсць Бог, і гэты Бог — ты, то чаго табе баяцца? Ты ж Усеўладарны і Усемагутны, як і належыць Богу, ты канец і пачатак, Альфа і Амега... Ты ва ўсім, і ўсё ў табе. Хаця Бог і Адзіны, але зусім не адзінец ён у сусвеце, як вош на лобе. Бог Айцец, Бог Сын і Бог Святы Дух. Адзін, але ў трох асобах. Нават, калі ты толькі Сын, то ёсць жа яшчэ і Айцец, Ён абароніць Сына. Або, напрыклад, ты Айцец, а ў цябе ёсць сын — і зноў жа ты не сірата на зямлі, бо ёсць яшчэ і Святы Дух — таксама Бог, і ён не дасць цябе ў крыўду. Заўжды ёсць хтосьці на небе. Сумна было б Богу ў адзіноце. Я ведаю гэта.
Калі ты ніколі не быў Богам, то і чалавекам цябе цяжка назваць. Не вырас яшчэ ў чалавека. Аднаклетачнае. Ведай, калі ты становішся Богам, свет людзей раптам вар’яцее, але ж яны ніколі не прызнаюцца ў гэтым, яны пакажуць на цябе пальцам і скажуць: «Ён з’ехаў з глузду!» Скажуць, што ты звар’яцеў, сцвярджаючы тым самым, што яны разумныя. Іх шмат. Вельмі шмат аднаклетачных, безліч, іх — легіёны. Але не па сіле ім увабраць у сябе ўвесь сусвет, як гэта зрабіў ты. Вось і падазраюць, што ты даведаўся пра іхнюю ўбогасць, забітасць і беспадстаўныя страхі робяць цябе дурнем. Так ім лягчэй, так прасцей для многіх. Бо, калі ты разумны, то, выходзіць, што дурныя яны? Цяжэй за ўсё прызнацца, што яны чагосьці не могуць зразумець, не могуць на штосьці адважыцца, а больш за ўсё баяцца яны выглядаць дурнымі. А ты ж ведаеш, што не дурны, бо вельмі шмат зразумеў, чаго яны ніяк не хочуць уцяміць. Ты пазбавіўся страху і ўсё можаш. І ўсё ведаеш пра іх і пра сябе. А яны скручваюць табе рукі і вядуць на Галгофу. Кожны па-рознаму. Хто на што здатны. Аднаго на крыжы распінаюць, а другі атрымлівае свае трыццаць серабром. Аднаму цвікі забіваюць у далоні, а другі яму воцат на дзідзе падносіць і ў рот пхае... Кожнаму сваё. У кожнага свая Галгофа.
Першы раз я стаў Богам у дваццаць тры. Нарадзіўся па-новаму. Да гэтага часу быў такім жа, як і ўсе астатнія, нічым не вылучаўся — звычайны вясковы хлопец. А вось прыйшоў з войска і закахаўся. Безумоўна, яна была самай лепшай сярод жанчын. Самай прыгожай. Яна была багіняй. Ёй лёгка было ператварыць мяне ў Бога. У цябе хіба так ніколі не было? Было.
Читать дальше