Уладзімір Караткевіч
Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Евангелле ад Іуды
…і на пачатку панавання таго Жыкгімонта Першога быў нейкій… который з лёгкості якой умысліў або рачэй з роспачы імя із зверхность Хрыста господа собе прыпісаў і прівлашчаў.
«Кроніка Белай Русі…» каноніка жмойскага Мацея Стрыкоўскага
Будучы на схіле дзён, рыхтуючыся да агульнай чашы чалавечай — яе ж ніхто не праміне, — ведаючы, што за крэсам не сустрэнемся зноў, бо веры мы рознай, а магчыма, і за крэсам ляжыць «можа быць» ці ўвогуле «нішто», вырашылі мы, адзін пісьменны, а другі памятлівы, распавясці вам, людзі, аб Юрасю Братчыку, якога царква назвала «лжэ-Хрыстом».
Ілжа і мана! Многіх яны так білі каменнямі, а потым кананізавалі. Гэтага — наўрад. Абылгалі і забылі пісьменныя, абылгалі багатыя, абылгалі кніжнікі прадажныя імя яго. І запісалі аб ім толькі Мацей Стрыкоўскі, ды Квангін Алесь-летапісец, ды Варлам Аршанскі, ды Збароўская пісцовая кніга, ды Андронік, Лагафіл па прозвішчы, з Буйнічаў Магілёўскіх.
Але першыя два, кнігі свае ратуючы, дзеля страху іудзейска, аб Гародні нібы і не помняць; рабунак Цудатворнай з Вільні ў Частагоў адносяць; злодзеем адным яго робяць, жартам шалберскім [1] Махлярскім. (Тут і далей заўвагі аўтара.)
усё паказваюць, гішторыяй круцельскай. А астатнія, калі і гавораць аб бунце і вялікай гародзенскай разні, то, ведаючы мала, радкамі двума, ад адной літары чырвонай да другой: «Хрыстос той рачоны горад узяў і людзей пабіў, але потым…» І, яшчэ словы два сказаўшы, гавораць потым, як карова ў ратмана [2] Радца.
на лёдзе нагу зламала і што сена дужа ў гэтым годзе дарагое было. Патрэбнае хіба свінням непатрэбным сена?!
Як збіраюцца прылічваць кагосьці да ліку святых — спамінаюць, ці стварыў ён да скону хаця бы два цуды. І «адвакат д'ябла» [3] Удзельнік абраду кананізацыі.
тыя цуды пытае сумненнем, спрабуе давесці, што былі гэта не цуды, а якіясь чары і гуслі і блуд лотраўскі [4] Круцельскі.
, і доказаў патрабуе, што дзівы гэтыя былі.
У яго, у Юрася Братчыка, цудаў было больш. І галоўнае цуда — мёртвыя ўсталі, калі прыйшоў ён.
І таму аблудам гэтым, чарнакніжнікам, давялося б вырашаць і выракаць пытанне аб другім прышэсці сына Божага на зямлю, а гэта цяжэй, чым кілка там дурняў у святыя запісаць.
Маўчаць яны. Маўчаць і кнігачэі. Хто ведае — той сказаць не можа ці не хоча. Хто можа сказаць — той не ведае.
А мы можам. Мы ведаем. Мы хадзілі з ім. І старыя мы ўжо. Няма чаго нам, як кату ля гарачага сала, хадзіць. І сала нам непатрэбнае, і лазіна нястрашная. Дый раней мы пісалі. Толькі тое рукапісанне знікла, пакралі яго.
І мы б з адвакатам д'ябла згодныя былі. Не было цудаў. І былі цуды. І не быў ён Бог, а быў чалавек. Але для нас, чалавекаў, нават для тых, што ведалі яго, быў ён — Бог.
І замыслілі мы пакінуць праўду. Можа, яна дойдзе, калі пачнуць кананізаваць не ў святыя, а ў Людзі. То й хай будзе праўда.
Аман!
Раздзел І. Падзенне агнявога змія
Раздзерлася напалам неба, і ў агні з'явіўся Ён. І быў Ён выглядам чалавек, і ўвесь у агні, і такі непадобны да нас, што мы ў жаху ўцяклі.
«Легенда Карычных астравоў»
Будуць вялікія землятрусы па месцах, і глады, і пошасці, і жахлівыя з'явы, і вялікія знакі з неба.
Лука, гл. 21, ст. 11
«…Год той быў страшны год. І дурному было ясна, што абяцае ён сатанінскія вялікія беды. Па ўсёй зямлі беларускай чынілася такое, чаго ні раней, ні потым не бачылі нават відалыя людзі.
З самага пачатку года і кожны вечар заранкі былі чырвоныя, як кроў, а ветру наступнага дня не было. І высокія аблокі ўначы свяціліся срэбрам, і слупы агнявыя ўзімку гулялі ў небе, нібы гэта ў самаедскіх праклятых землях, а не ў нас. Хто хадзіў з таварамі ў Любку [5] Любек.
, Брэмен ці Рыгу, а адтуль морам на Стыкольню [6] Стакгольм.
, Хрысціянію, ангельскія землі і на поўдзень ад іх, як то ў заводзе было, казалі: коннік на «маці мора» [7] Компас.
скача як шалёны і дзідай сваёй паказвае авама і сема, туды і сюды, на захад і на поўдзень і на ўсход, абы толькі не на Зорны Кол [8] Палярная зорка.
, як то належыць.
Паразбівалася ў той год караблёў — Божа ты мой! Як ніколі датуль.
І ад жаху, а можа, і па волі Божай, які ўсё гэта наслаў, людзі ў той год нядужалі. Нат не піўшы, уставалі ўранні з галавою, як кадоўбец, з рукамі, нібы бяскостнымі. І пацелі ўначы, і ў грудзях іхніх ціснула і раўло, а ў некаторых валасы лезлі. І надзіва мала ў той год нарадзілася дзяцей, можа, таму, што быў голад і пошасць, а можа, па волі Божай, каб не пакутавалі бязвінныя.
Читать дальше