— Як ведаеш, — пагадзіўся я, — ты ж мяне сюды прывезла. Табе відней. Павінны ж табе былі выдаць інструкцыі, як сябе весці ў адпаведных выпадках. Ты хоць чытала інструкцыю?
— Чытала, чытала. Усякіх за жыццё начыталася, — усміхнулася яна, — а вось на такія выпадкі не выдаюць ніякіх інструкцый.
***
Уся бяда ў тым, што многім людзям нічога не трэба, ім нічога не хочацца. Яны і самі не ведаюць: навошта жывуць і чаго хочуць ад жыцця? Нібы перакаці-поле, праносяцца яны вятрамі праз жыццё, быццам прывіды-здані праходзяць, не пакідаючы за сабой ні толькі следу — нават ценю. Не ведаюць яны, што можна жыць інакш. Як жывецца, так і добра — хоць кол чашы на галаве такіх, а ім усё роўна, яны — абыякавыя.
Я тады не ведаў гэтай ісціны: усе людзі розныя і па-рознаму ўспрымаюць жыццё, па-рознаму перажываюць і пераасэнсоўваюць яго. Я думаў: людзі такія ж, як і я. Такі падыход быў памылковым. Такую памылку робяць даволі часта, бо іншых судзяць па сабе. Вельмі глыбока сядзела ўва мне перакананасць, што людзі аднолькавыя, як дзве кроплі вады. Рукі, ногі, галава ёсць у кожнага, кожнаму баліць і кожны можа радавацца, значыць, думаў я, людзі аднолькавыя! А калі аднолькавыя то і рэагаваць, думаць у тыповых абставінах павінны аднолькава. Я лічыў, калі мяне штосьці радуе ці злуе, значыць, гэтае ж самае «штосьці» павінна выклікаць адпаведную рэакцыю і ў майго суседа. І вельмі здзіўляўся, калі на справе аказвалася не так, як меркаваў я. У такім перакрыўленым поглядзе на самога сябе і людзей была стартавая супярэчлівасць, якая, безумоўна, магла прывесці толькі да трагічнага фіні шу, які быў непазбежны.
***
— Разумееш, адбудзецца ланцуговая рэакцыя шчасця. Ядзерны выбух у чалавечых сэрцах на планеце. Усе стануць шчаслівымі. Патрэбен прыклад. І гэтым прыкладам стану я.
— Навошта?
— Што навошта? Не разумею цябе.
— Навошта табе гэта?
— Таму што ўсе імкнуцца стаць шчаслівымі. Пустое пытанне. Усе імкнуцца да шчасця. Хіба гэта не так?
— Зусім не. Нельга прымусіць людзей радавацца. Што ж гэта тады атрымаецца: рай з-пад дубінкі? Хочаш не хочаш — а радуйся! А я, можа, не хачу радавацца. Я плакаць хачу! Не хачу шчасця, ты разумееш мяне? Я, напрыклад, люблю боль. Можа, я садыст які ці мазахіст. А ты хочаш, каб усе былі шчаслівымі, каб усе смяяліся. Не атрымаецца так. Людзі пазбавяцца свабоды. Свабода — найкаштоўнейшы дар. Воля! Хачу — галавою аб сцяну б’юся, хачу — гарэлку п’ю. І над гэтымі маімі «хачу» ніхто не мае ўлады, гэта маё асабістае. Вось тут яно, — пастукала пальцам у вобласці сэрца, — унутранае. Маё! Так што выкінь гэтую дурноту з галавы. Гэта ідэя абсурду. Мы праходзілі гэта ўсім грамадствам. Нам гаварылі: будзеце жыць пры камунізме. Дзе ён? Дзе ён, я ў цябе пытаюся, гэты камунізм? Няма яго. Адмовіліся. На вачах развальваецца. Тупіковы шлях развіцця.
— Ты ж ведаеш, я ніколі не быў у партыі.
— А якая розніца: быў ты ці не быў, насіў партыйны білет ці яго насілі іншыя? Сутнасць у тым, што зараз ты мне тут прапаведуеш камуністычную ідэю ўсеагульнага шчасця. А гэта — рэгрэс, шлях назад.
***
— Што вы робіце? Не разумею! Навошта звязваеце рукі?
— Так трэба.
— Што трэба, навошта мяне прывязваць?
— Табе трэба адпачыць, паспаць. Зараз табе зробяць укол і ты заснеш.
— Не трэба мне ніякага ўколу. А вы ведаеце Ірку? Яна прыедзе сюды?
— Канешне ведаю, у мяне жонка Ірка.
— Праўда? Мне здаецца, што Ірка — самае прыгожае імя.
— Чаго ж гэта я буду падманваць.
— А мая Ірка прыедзе сюды?
— Безумоўна, прыедзе. Але спачатку трэба паляжаць. Вось так. І супакоіцца.
— А-а-а, разумею, — здзівіўся я нечаканай здагадцы, — разумею. Гэта ўсё гульня? — звярнуўся я да санітара.
— Канешне, гульня. Жыццё гульня і людзі ў ім акцёры. Шэкспір сказаў.
— О, я люблю Шэкспіра. Ведаеце, мінулым летам усяго прачытаў.
— Быць ці не быць — вось дзе пытанне, — прадэкламаваў санітар, завязваючы на маіх нагах прасціну тугім вузлом.
— Быць, канешне быць, — са спадзяваннем падхапіў я.
— Вось зараз прыйдзе сястра і зробіць укол.
— А Ірка, Ірка калі прыедзе? Заўтра яна прыедзе?
— Заўтра? Не ведаю, — паціснуў ён плячыма, — калі-небудзь прыедзе. А хто табе такая гэтая Ірка?
— О, Ірка! Ірка — гэта. Дык вы не ведаеце яе? Не бачылі ніколі? А-а-а... А я думаў... Яна такая прыгожая. Так хочацца ўбачыць яе. Яна, напэўна, прыехала ўжо. Развяжыце мяне, калі ласка. Навошта прывязалі?
— Ляжы! Ляжы. Куды ты падымаешся, ляжы, я сказаў!
— Гады! — пракрычаў нехта, забег у пакой і, уціснуўшыся спінаю ў кут, выставіў наперад кулакі. — Гады! Паплачаце вы ў мяне. Усіх пазабіваю. Спалю ўсю планету дашчэнту.
Читать дальше