Каля цырка выйшлі: я здзівіўся яшчэ, што цырк аказаўся ўсяго толькі метраў семсот ад Дома літаратара, хоць заўсёды ведаў гэта, але на момант выскачыла з галавы.
Мяне вабна паклікала воля: прайсці па праспекце Францішка Скарыны, і можна сустрэць Сыса, ці на крайні выпадак – якога-небудзь Пазнякевіча, гэта ж так проста. I дзянёк такі цудоўны, усё адно як бабіна лета: сонца, людзі, глыбокае сіняе Неба. Як я люблю, калі ападае лісце, калі яно шамаціць пад нагамі, калі спяваюць тужлівую песню, адлятаючы ў вырай, жураўлі. Некалі і мы, кожны з нас паляціць за нябеснымі птахамі шляхам апошнім… Туга на сэрцы: як крычаць жураўлі! Мо клічуць нас услед за сабою? А лісце падае, кружыцца, шоргаецца пад нагамі. Вунь бы прайсціся ў парк Горкага ўсёй сям’ёй і проста пасядзець на лавачцы. I гэты дзень ніколі больш не паўторыцца, і я запомніў бы яго на ўсё жыццё, успамінаў бы і там, за аблокамі: як весела шчабеча і смяецца сын, падкідаючы апалае лісце ўгару і падстаўляючы светлую галоўку, як заліваецца срэбным званочкам: «Мама, папа, глядзіце, я зрабіў дожджык! Дожджык не „вымакае“ мяне. Дожджык з лісцікаў…». А мы сядзелі б з жонкай і ўсміхаліся б, і нам было б добра. I яны запомнілі б гэты дзень… Але ёсць нейкія білеты ў цырк… Цесная, душная будыніна, што зрабілі людзі, а тут такі дасканалы свет навокал… Але…
– У колькі пачынаецца?
– У тры гадзіны.
Я зірнуў на гадзіннік: «Сорак хвілін да пачатку!»
– Давай пагуляем?
– Яшчэ чаго не хапала! – незадаволена бзыкнула жонка.
– Ну што я буду сядзець там цэлую гадзіну? Давай білет, ніхто ж не зойме маё месца. Я знайду вас…
Глянуў у квіток, і нешта абарвалася ўсярэдзіне: 13 рад, 31-е месца, – прачытаў я. «Цырк – гэта пастка, мне не трэба туды ісці».
– Не хочаш – як хочаш, а я пайду прайдуся, – услых сказаў я.
(Дзень і вечар 5 лістапада 1994 года)
I не хлусіў, я так і думаў: калі не сустрэну нікога – вярнуся назад. Няхай будзе не мая воля: чалавек адчувае, калі падманвае, – схаджу да Дома літаратара, а там – будзе бачна. Мне трэба было падзяліцца з кім-небудзь страшнай тайнай, якая апякала мяне, была ўпэўненасць, што я абавязаны сказаць камусьці.
«А раптам гэта не набытак бяссоннай ночы, а мой непасрэдны доўг, ускладзены на плечы, і некалі потым мяне спытаюць: што ж гэта – Я прыадкрыў табе таямніцу, каб ты пераканаў іншых, Я выбраў цябе для гэтай ролі, а ты не адчуў волі маёй, збаяўся… Збаяўся быць асмяяным, ці ты не чытаў, як Мяне лічылі за вар’ята?» – думаў я. Ну хоць бы якога паэта сустрэць і сказаць ні то жартам, ні то ўсур’ёз: «Давай уваскрэсім памерлых?!» – не зразумеў бы, можна было б ляпнуць для апраўдання, маўляў, шыза зайшла, суперідэя: мне стала б лягчэй… Паэт зразумеў бы, магчыма… Аблягчыў бы маю ношу – але ўжо адказнасць была б раздзелена на дваіх.
Як на тое, нікога не сустрэў па дарозе. У Доме літаратара таксама – не знайшоў нікога са знаёмых. Я шукаў Сыса. Пазваніў з дзяжурнага тэлефона яго суседцы, што жыла паверхам ніжэй, яшчэ званіў камусьці, але адказам – толькі доўгія гудкі…
Падняўся на другі паверх у кафэ. Спытаўся: ці не бачылі Сыса?
– Ён казаў, каб ты да яго прыехаў!
– Сур’ёзна? – уразіўся я. – Адкуль ён ведаў, што я буду яго шукаць? Дакладна? Ён нікуды не з’ехаў?
– Ну, казаў жа, што будзе дома, калі хто будзе пытацца.
Ах вось яно што? Я выскачыў на вуліцу. Не стаў тлуміць галавы, чым лепш даехаць да Чарвякова, а пайшоў пешкі (добра, што прыхапіў нататнік з адрасамі, з маёй дзіравай памяццю не знайшоў бы яго кватэры). Да «Белай вежы», думаў я, а там ужо патраплю. Падумалася: не блага было б узяць бутэльку гарэлкі – і ўсміхнуўся гэтай думцы: «Эх, вы, паэты?» Куды я іду? – уваскрашаць чалавецтва! Як жа можна так легкадумна рабіць сур’ёзную справу на п’яную галаву. Вось наша галоўная немач і памылка: усё добрае замочваем і абмываем і ўсё вялікае пачынаем у час п’янкі або пасля перапою.
Гарэлкі я, праўда, не ўзяў. Сур’ёзныя справы робяцца нацвяроза, нават калі яны ўяўныя і прывідныя.
Сыс сапраўды аказаўся дома.
– Ты?! – здзівіўся ён, адчыняючы дзверы. – Вось ужо каго не чакаў сёння, дык гэта цябе… Усё-такі ты мяне любіш! Праходзь!
– У мяне тут ідэя…
– Што такое?
– Разумееш… Як бы гэта табе сказаць… Ну, словам… Бачыш, ішоў да цябе – усё было ясна, а цяпер баюся, што не зразумееш… Ты толькі не смейся, я можа буду гарадзіць дурноту…
– Ды гавары ты і не стой у парозе. Праходзь. Я зараз чайнік пастаўлю. – Я распрануўся, сабраўся з духам і, калі ён вярнуўся з кухні, выклаў яму: – Давай уваскрэсім чалавецтва! Ты толькі не смейся, гэта гучна сказана, але я сур’ёзна, усё сходзіцца… Я пралічыў, не ведаю праўда, што для гэтага трэба канкрэтна рабіць?.. Не, піць не буду! Не налівай. Разумееш, трэба дапамагчы, – я паказаў рукою ўверх, – без нас не атрымаецца ўваскрашэння! Ты не ведаеш, што рабіць? Нешта трэба… Можа спытацца ў каго?… Тут у мяне вершы, паглядзі, ці не праясніцца што…
Читать дальше