...Вось іду я шашою-дарогаю.
I за ўзгоркамі поле шырокае,
Поле чыстае, урачыстае.
Пасяродку стаіць хутарок.
Там спатканьне з Марыляю.
Потым сьцежка вядзе нас у гай,
У лагчыну, дзе сьпелыя ягады,
Дзе на сонцы суніцы салодкія...
Раптам мары мае абрываюцца.
Чую мову чужую, нязвыклую.
Лернік-вечар у сьветлым пакойчыку
Зь іншай песьняй, з эротавым кленчаньнем...
Ты ляжыш неакрытая,
Бессаромна-прынадная...
I надумаўся вучоны,
Інкубатар ставіць ён.
Дэманструе дэман чорны
Сёньня штучны эмбрыён.
Без пачуцьцяў, без каханьня
I прыродзе насупор
З крыкам выпаўзе і ўстане,
Як дакор, бязбожны твор.
Выйдзе вырадкам калматым
Зь інкубатарнай цішы, —
Недарэчным аўтаматам,
Без вачэй і бяз душы...
— Не кажы, мой дабрадзею!
Ноч стаіць каля дзьвярэй.
Я ад страху ледзянею...
Абдымі мяне і грэй.
Грэй, каб я магла на сьвеце
Боль пазнаць і радасьць дзён.
Хай у змрочным габінэце
Гіне штучны эмбрыён.
З табою мы ў лесе з куста
Сарвалі апошнюю ягаду.
Малінавы куст узрастаў
Таемнымі ценямі захаду.
— Апошні сулад красаваў, —
Пачулі мы голас аракула...
Старая сівая сава
Паблізу у поцемках плакала.
А ты зразумець не магла,
Усьмешка твая палахлівая.
Няўжо наплывае імгла
I згубіцца радасьць маўклівая?
Залаты адвячорак купаецца ў моры.
Хвалі шумнай гульлівай вады
Падымаюць мяне, вызваляюць ад зморы;
Адчуваю — я зноў малады.
Я ня буду сядзець пад крылом парасона,
Любавацца загарам чужых.
Сам на беразе смажаны сьпекаю соннай
Сёньня права плыўца заслужыў.
Мне пясчынкі пяшчотна пяюць аб аморы...
Вельмі проста — прастора мая!
Залаты адвячорак купаецца ў моры,
З адвячоркам купаюся я.
Неспакойнае хаценьне
Ёсьць душы зарніца.
Залатое зіхаценьне
Ў лятуценьнях сьніцца.
Я вясельныя вароты
Расчыняю ў словах,
Каб праехалі сіроты
На пачуцьцях новых.
Каб самотныя і ўдовы,
Дзяцюкі, дзяўчаты
Месяц мелі свой мядовы,
Песьнямі пачаты.
Вось яны, тугія лейцы!
На любоў кіруйце.
Будзе радасна ў сямейцы,
А як не — даруйце! —
Падзялю і гора з вамі...
Болем апантаны,
Паэтычнымі радкамі
Забінтую раны.
Жыў паэт, цярпеў няўдачы
I пісаў такі закон:
Хай сьляпыя сонца бачаць,
А глухія чуюць звон.
Нёс паэт свае скрыжалі,
Верыў Слову і канаў...
Кпілі, білі, зьневажалі,
Крытык моўчкі абмінаў.
I няма яго ў народзе.
А ці ён пакінуў сьвет?
Мо наступнае стагодзьдзе
Прыгадае: Быў паэт!
Ён — забіты і забыты,
I зьняслаўлены ў жыцьці —
Ўстане з чорнага нябыту,
Будзе ў вобразах расьці.
I пад прыскам, дзесьці ўнізе,
Ўскрыкне Фэнікс трапяткі...
Прачытаюць людзі ў кнізе
Палымяныя радкі.
Зразумеюць, што на сьвеце
Ёсьць пачуцьці без цаны,
Што кагосьці ў весьнім цьвеце
Не заўважылі яны.
На цьмянай шыбе цень грубы,
Мой цень, мой кон з вагонным гулам,
А вечар шэры і рабы
Пяе мне ціха аб мінулым.
Было — і ў чэрвені цьвілі
Чырвоны мак і вецьце ліпаў.
I красавалі скрозь палі,
I вецер там мой цьвет рассыпаў.
А потым зьмёў і затаптаў,
Не засталося ані сьледу.
Гляджу ў вакно: і гай, і стаў,
I я ў маленства мройна еду.
У гай іду я па грыбы,
На стаў іду я вудзіць рыбу...
Ах, гэта сны! Мой цень грубы
Ў вакне жалобай лёг на шыбу.
А хіба-ж мы радасьці ня мелі?
Дзе вы, дружкі з песьняй, з караваем?
Без каханьня змрочна і ў пахмельлі,
На вятры пустым перагараем.
Адчуваем страшную самоту.
А самота ў нас не маладая,—
На аблічча ў сівер і сьпякоту
Грым гадоў упарта накладае.
I ляжаць у тых жывых барознах
Цені крыўды, прыкрасьці і злосьці...
Маладосьць прайшла па сьцежках розных,
А мінала блізкага кагосьці.
Прыйшла неспадзяванкай,
Як мара, што нязьдзейсьненая,
Як маці, як каханка —
I чыстая, і песенная.
Читать дальше