Я шукаю слова,
Каб яно было
Зельлем і замовай
На людзкое зло.
Боль утаймаваны
I ў душы пагода.
Выплыла з туману
Сіняя лагода.
I здаецца блізкай
Тая далеч сьвету
З высьпяванай нізкай
Словаў запавету:
Мусіш ведаць — хто ты,
Дзе твой дом, мець сьвята,
I вясну і ўзьлёты,
I любіць заўзята.
I, як закаханы,
Лад хаваць і згоду,
Боль утаймаваны
I ў душы пагоду.
Граў наш Ян без заган.
Скрыпка сьмела лятуцела,
Бляскам цела зіхацела,
Як каштан-вылузган.
I трымцела і нямела
Ля пляча скрыпача.
Смык пачаў ча-ча-ча, —
Галасьней яна запела.
Скрыпка — зыбка для душы.
Смутак струны ўзварушыў.
— Ці лілі вы, ці лілі
Звон гульлівы на зямлі?
Я імкнуся... Я песьняй гару...
Бачу, цяжка ўзьняцца ўгару, —
Час прыгожае пер'е скубе...
I няма — ні сяброў, ні цябе.
Мабыць сёньня я ў цемры густой
Каўтануў чамярыцы настой.
У грудзёх гэтак моцна пячэ,
I, як труць, успаміны яшчэ:
Недапітая чарка віна,
Незабытая сварка адна.
Жах вайны... Разбурэньне. Разгром.
I трагічна пакінуты дом.
Мне з табой у зацішку утульней.
Ты гарыш да ранішняй зары.
Выдумляеш радасныя гульні, —
Цэлы сьвет нагамі дагары.
I салодкім сэрцам у забавах
Ты стаешся. Вабіш — ня ўстрываць!
Дыядэмай слоў наўзьдзіў ласкавых
Я пачаў цябе каранаваць.
Каралева, я на ўсё гатовы!
Праз агонь прайду і праз ваду.
Я рассыплю жомчуг нашай мовы
I цябе ў той россып прывяду.
Дарагой і непаўторнай кнігай
Маладую тайку назаву.
На вясну паказвае адліга,
На вясельле — наша рандэву.
Ты дзяўчынай, як дзічка цьвіла.
Быў і я у галодным цьвіценьні.
Успамінаў густая смала:
Сьмецьце, смутак і цёмныя цені.
А і ў ценях — зіхценьне сьвятла.
Не заўсёды і смутак шалее.
I суцешная сьцежка лягла
Ў сад, дзе міла сьмяюцца лілеі.
Толькі дзе гэты сад? Можа ён
Згінуў, сплыў? Мо забылася тое
Залатое, малое, сваё
I выходзім мы ў полі пустое?
Мо чужая зямля і вада —
Наш апошні жыцьцёвы закутак?
Што было — адгуло. Не згадай!
Застануцца пачуцьці ў пакутах.
Не кажы мне нічога, маўчы!
Наша доля ня можа зьмяніцца.
Хай-жа будзе цудоўна ўначы,
I тым больш, калі ёсьць таямніца.
Ні радзімы, ні сяброў.
Зноў сябе крыжую:
Чую гоман чужакоў,
Гутарку чужую.
Горкіх думак чарнамуць,
У сашчэпе бровы...
Хочам вогнішча разьдзьмуць
З роднае дубровы.
А расьце сьмяротны страх:
Дойдзем ці прыстанем...
Усьміхніся мне, сястра,
Брату на выгнаньні.
О, слова салодка-хмялёвае,
Схаванае ў думках маіх!
Яно мне абраз вымалёўвае,
Яно мне — сьвятая сьвятых.
Як песьня ў царкве вялікодная,
Яно урачыста пяе.
Прыроднае, моцнае, роднае
Жыве, паліць вусны мае.
I я на няўдачы жыцьцёвыя
Гукну веснавую пару,
I слова салодка-хмялёвае
Аж тройчы, як «сьвят» паўтару:
Беларусь!
Беларусь!
Беларусь!
У Слуцку смачныя ігрушы!
Я гэтай згадкаю парушыў
Твой спакой і мой.
Бэргамоты, сапяжанкі,
Маляванкі і смалянкі,
I паненкі, і цукроўкі,
I вінёўкі, і хунтоўкі,
I яшчэ далікатэсы —
Бэры слуцкія, дзюшэсы
У красе нямой.
Ну, а яблыкі! Жытнёўкі,
I апорты, і мядоўкі,
I ранеты-наліванкі,
Манастыркі і цыганкі...
Ды антонаўкі якія!
Сакавітыя, важкія
Ў сьпелі залатой.
Прыгадаю я ўсё гэта,
Як прыгожы верш паэта,
Як твой першы пацалунак,
I апошні пачастунак,
I як вечар той.
Пад акном стакрылы клён,
Родны дом, як мілы сон.
Сьлёзы цісьне успамін,
У грудзёх кляновы клін.
Не магу ўсхапіцца ўраз,
Чорны смутак закружыў.
На сьвяты гляджу абраз...
О, Ісус мой на крыжы!
Божа, верыць памажы!
Цуд зрабі, зламі ўсё зло,
Каб дабро не ў міражы,
А ў мой край мяне вязло.
Каб-жа там ды пад акном
Мне шумеў стакрылы клён.
Чую я: самотны ён
Кліча нас у родны дом.
Читать дальше