А ўсё-ж ня тыя і настроі,
I захапленьні, і гаворка.
З табой мне соладка і горка,
Адно ня разам нашы мроі.
Рэйну зь Нёманам ня зьліцца
Аніколі, анідзе.
I палеская крыніца
Песьню ў Альпы не вядзе.
Родны край я не забуду...
Зноў праз боль і праз тугу
Я гляджу, дзіўлюся цуду —
Лашчыць іншую магу.
Чую бурную хвіліну,
Як мужчына і паэт.
Я тану ў твой Рэйн і гіну,
I ўсплываю ў чысты сьвет.
У вачох тваіх, бы ў люстры,
Бачу дробнага сябе.
Гэта нейкі д'ябал шустры
Там на дне мяне скрабе.
Мне балюча. Ты, арліца,
Рвеш мяне ў сваім гнязьдзе.
Кпіць душа мая ў бядзе:
Рэйну зь Нёманам ня зьліцца.
Да мяне прыходзіш ты, чужая.
Боль гудзе... Ці-ж родную пакінуў?
Я ў мінулым мілых паважаю,
Я нясу букеты успамінаў.
Лес і поле, сад і загуменьне.
Звонкі голас палкай маладосьці.
Хай былі дзіравыя кішэні,
Ды затое сэрца мела штосьці.
Чысьціня і сьціпласьць беднай хаты,
Любасьць там ня знала непагоды...
А сягоньня — ты, твой дом багаты
I твой флірт
Пад крык апошняй моды.
На тваіх-жа вуснах латка сьмеху;
Іншых звычак, іншае маралі...
У маэстра вырвалі суцеху,
Скрыпку чарадзейную забралі.
I скрыпач бярэ тваю гітару.
Струны стогнуць, а ігра ня тая.
Перагар пачуцьцяў. З перагару
Ты ўстаеш — бразготная, пустая.
Загарні паперы ў скрутак
I пакінь свой горкі смутак —
Лятуценьняў злую млосьць.
Я прыйшла... I маладосьць
Тут гарачай хваляй плешча...
Навальніца бурных пешчаў.
А няма ласкавых рук,
А няма ў забавах мук.
Я з табой цярплю няўдачу:
Твой адбой спакойны бачу.
Адыйшоўся і маўчыш,
Як галодны ў сьцюжу чыж.
Зразумела, я — другая...
Тая верыць і чакае.
Ад яе праз акіян
Ты прынёс чабор-цім'ян.
Пахнуць бацькаўшчыны зёлкі...
На чужыне вецер золкі
Вохнасьць гэтую нідзе
Не разьвее, не зьвядзе.
На ўзьбярэжжы, дзе месца глухое,
Дзе, як кажуць, ніводнай душы —
Мы спакойна ляжалі абое.
Вецер вільгаць на целах сушыў.
Мора штосьці аб райскай старонцы
Мармытала, як бабка ў сяле...
Ах, як добра нам грэцца на сонцы!
Гэта нашая радасьць, але...
Толькі тут не бязьлюдзьдзе Палесься,
З морскiх скалаў хто-небудзь зірне!..
Павярнулася ты і сьмяешся,
I спакусай ляжыш на сьпіне.
А купальнік скамечаны збоку
Нахіліўся кустом над табой,
Каб ня бачыла блізкае вока
Ўсяго скарбу красы маладой.
Вясёламу зборышчу донна,
Вітаючы, кідае ружы.
Гітара заходзіцца звонам,
Танцорка ў гарачым ускружжы.
Як ветразь, шугае спадніца,
Карункі зьбягаюцца пенай.
Здаецца, што лодка імчыцца
Імкліва пад бурай страшэннай.
А вочы, як зорачкі ночы,
Іх чорная золь не згасіла.
Яны зь цяплынёю жаночай,
Той позірк — таемная сіла.
Вясновыя чары дзяўчыны!
Пачуцьцяў расьце навальнiца.
Мне хочацца з гэтай прычыны
За мачты, за рукі ўчапіцца.
I гойдацца з лодкай на хвалі,
Прызнацца прыгожай гішпанцы:
Мы зь ёй маладосьць захавалі,
Мы жарсьць замыкаем у танцы.
Капцюрыць ахвяру каршун...
Кахае яна Дон Кіхота.
Аморавы крык увушшу,
Прадоньне ўваччу і сьпякота.
Аблічча ў цудоўным сьвятле...
Зь вянком маладая сустрэне
Героя свайго. А далей —
Раздражнены бык на арэне.
Зьвярыная пожадзь, ізноў
Зьявіся, каб нэрвы трымцелі.
Ад пешчаў — аж кроплямі кроў
На здрапаным, змораным целе.
I ўся ў захапленьні яна.
Вікторыя ў прагных намерах.
Ці ейная ў гэтым віна,
Што радасьць ідзе ад тарэра.
Прырода Палесься
Яго напаіла
Крынічнаю песьняй,
Зарой небасхілу.
I выйшаў ён проста
Зь вясковага раньня,
Як новы апостал
Людзкога каханьня,
Такога зямнога
Жывога каханьня,
Аж болю замнога,
Трывог і згараньня.
Ці ў гэтым загана?
Ці-ж доля схлусіла?
Пад сэрца загнана
Прыгожая сіла.
Палескіх гушчараў
Ён мовы ня кінуў.
Ня страціў тых чараў
На бруку Брукліну.
Читать дальше