* * *
І заплакала хмара ў зялёным куце,
Без віна жыць не варта ў зямной цеснаце.
Вось травінка, якую мы бачым сягоння.
Хто ж убачыць травінку, што з нас прарасце?
* * *
Хай будзе шлях яе, як мой адчай, даўгі,
Украла сэрца, а сягоння без тугі
Прайшла і толькі позіркам сказала:
«Кінь у ваду дабро, глянь, ці ідуць кругі».
* * *
Дух у госці прыйшоў, не спаганены прахам,
З пракавечнага дома пад праведным дахам,
Падмацуй яго ранішняй чарай віна,
Каб гукнуў: «Будзь твой дзень блаславёны Алахам!»
* * *
Пра наступнасць не дбай, чалавеча, ў журбе,
Марнасць думак душу тваю хай не скрабе.
Дык жыві ў гэтым свеце вясёлы і рады —
Не пыталі парады спачатку ў цябе.
* * *
Рана ўстаўшы, старэча, ўбачыш з-за далягляда,
Як рука хлапчукова пыл пусціць з ветрам рада.
Ты малечы парай: «Рассыпай з асцярогай,
Гэта — прах воч Парвіза, галавы Кай-Кубада».
* * *
Я п’ю віно, ды не вар’ююся ў гульбе,
Сціскаю чару я ў мальбе, не ў пахвальбе.
Я пакланяюся віну і маю мэту —
Не пакланяцца так віну, як мы сабе.
* * *
Як ведаеш адгадкі таямніц усіх,
Чаго бядуеш з марнаты бядот сваіх?
Калі ўсё вершыцца па ўладнай нейчай волі,
Усцешны будзь з жыцця хоць на кароткі міг.
* * *
«Без гурый рай не рай», — даюць адзін зарок,
А я кажу: «Чароўны вінаградны сок».
Вазьмі наяўнае і ўяўнага зрачыся,
Бо лепей пошчак барабанны чуць здалёк.
* * *
Ты ведаеш, чаму так певень на світанні
Жалобна ў неба штохвіліны шле літанні?
Люстэрка рання паказала: ноч яшчэ адна
Пайшла з жыцця, а ты не быў пры развітанні.
* * *
Збан гэты, як і я, пабачыў шчасця мала,
Палонам локанаў яго краса трымала,
А гэта ручка, што на горле бачыш ты, —
Рука, якая шыю любай абдымала.
* * *
Мой пал ляцеў да роўных ружам птахам,
Рука імкнулася да чары з хмельным пахам.
Вазьму я дзель сваю ад кожнага, пакуль
Гасцінцы цела грэшнага не сталі прахам.
* * *
Хаям! Як быў з віном ты шчырым — сцешся,
Як ты хоць міг сядзіш з кумірам — сцешся,
Канец усім праявам свету — небыццё,
Як тут яшчэ не стаўся жвірам — сцешся.
* * *
Покуль можна, не рупся ў гэтым свеце журбой,
Хай наступнасць і прошласць пачакаюць з цяжбой,
Скарбы — прах, пі, гасці ў гэтым зніклівым коле,
Бо не возьмеш ячменнага зерня з сабой.
* * *
І сніў я сон — мудрэц мне сон мой ставіў у віну:
«Нікому ружа радасці не расцвіла ад сну.
Чаму такое робіш ты, што смерці роўна,
Устань жа, спаць ты мусіш вечнасць не адну!»
* * *
Ці доўга будзеш ты тужыць па ўсіх, ці не?
Ці ў радасці ты будзеш жыць свой міг, ці не?
Віном напоўні кубак, бо не ведаеш,
Ці выдыхнеш ты гэты ўздых, ці не?
* * *
Дзверы хлеба надзённага, госпадзе, мне адчыні,
Дай што маеш і гнеў адгані гэтай лютай гайні,
І трымай мяне п’янага так, каб не меў я
У бяспамяцці злым а ні клопату, ні мітусні.
* * *
Што ўсё, што існўе, — выявы і ўявы,
Ніводзін не ведае розум рухавы.
Сядзь, выпі віна і вясёлы пабудзь,
Разваг сваіх выкінь пустыя забавы.
* * *
Цяпер пазбаў, калі ты можаш, ад усіх
Душу каханай ад пакут і нош цяжкіх,
Не будзе вечна гэта царства прыгажосці:
Яно імгненна выслізне і з рук тваіх.
* * *
Раз небасхіл не зрушыць воляй мудраца,
Нябёсам — як ты ні лічы — няма канца.
Раз мусіш ты сканаць, — табе ўсё роўна
Ці ў доле з’есць мураш, ці ў стэпе воўк сляпца.
* * *
Сатлеў я сэрцам болей чым нябожчык, о сакі,
А пад зямлёю спакайней яму такі,
І колькі б я ні каяўся, і колькі слёз ні ліў бы,
Я застаюся грэшнікам на ўсе свае вякі.
* * *
Адрынь абрады веры, будзь рашучы, — ўсё мана,
Дзялі скарынку, хоць апошняя яна,
Не квапся на жыццё людское, на маёмасць,
А за той свет ручаюся, нясі віна!
* * *
Няма начэй, каб розум мой не ныў у гудзе,
Каб чысты жэмчуг слёз не асыпаў мне грудзі.
Віно разваг не поўніць чару галавы,
Бо перакуленая поўнаю не будзе.
Читать дальше