* * * Нарэшце і я ў тым веку…
Нарэшце і я ў тым веку,
Калі ўжо не верыш,
Што выйдзеш з вады сухі,
Калі залічваюцца чалавеку
Ягоныя ўсе грахі.
Бо стаяць перад Госпадам мне,
Як на завозным млыне,
З грахамі,
Быццам з тымі
Непустымі мяхамі,
Непачутым у гамане…
* * * А свечкі ўсе васковаабавязаныя…
А свечкі ўсе васковаабавязаныя
І ўсе павінны ў воску адслужыць,
І ўсе адной суровай ніткай звязаныя,
Як доляй той,
Што з полымем дрыжыць.
Па крапіве, па лотаці, па блёкаце
Са старасветчыны ступае страх.
Самаасвечаны стаіць на покуці
Васковы посах у апошні шлях.
Колькі разоў засынаем,
Гэтулькі й паміраем,
Прывыкаючы да вечнае
Нематы й глухаты.
У гэтым свеце мы,
Гараджане й сяляне, —
Усе паміране.
Памірацьмем,
Каб не баяўся той свет,
Што застанецца пусты.
«Дзюравы камень» —
Скамянелы бог
Дажджоў густых,
Прыплоду ды старання.
Хто да яго даткнецца, акрыяе.
Сваю карону лось кладзе да ног
Яму.
І папараць кахання вяне.
Цвярдое цемя ацяняе мох.
У ямінцы стае жывой вады.
Чарпнеш —
І памаладзеюць вочы.
І ўявіцца,
Што хоча рух прарочы
Перахітрыць паганскі дух бяды.
Балота зыбістае ў перакроччы —
Хацелі з твані вырвацца сляды,
Ды трэці певень быў пяяць ахвочы.
Халодны госць халоднай айкумены
Трымае страх за пазухай каменнай.
Старасць —
Багавейнае старанне
Выстарацца —
Значыць пастарацца
Старасці капрызнай падабацца,
Бо абы-каго чакаць не стане.
На цябе, нялюбага, не гляне,
Да другога, дарагога, пойдзе.
Бохан моцы, спечаны на подзе,
Паднясе яму ў замілаванні.
Старасць —
Пераборлівая скнара —
Ведае свой талент дасканала.
Унучка —
Першы званочак, які
Напамінае шчасліваму дзеду:
Звыкайся пакінуць зямную бяседу,
Збірайся да гурту Дзядоў нацянькі.
Дзяды маюць ласку
Наведаць радню
На адпаведнае даўняе свята.
Б’юць дзіды лядовыя
Цемру зацята,
Каб звідніць дарогу
Наступнаму дню.
Калі не з Траецкімі па вясне,
Дык хоць жа
Са Змітраўскімі Дзядамі,
Як дзікі дзядоўнік,
Што ссохне з гадамі,
Наведаю кут,
Дзе чакаюць мяне.
Хоць колкі сяннік,
Напіханы журбой,
Пасцелюць Дзяды —
Іх завуць Асяніны —
І сон недаснёны
Расчыніць дзвярыны,
Сарваўшы
Замовы зімовы прабой.
* * * У свата цераз плячо…
У свата цераз плячо,
На покуці на абразах,
На крыжах на магільніках,
На раздарожжах,
На смутных вачах,
На вясёлых вазах
Ручнік — ілляная дарога
У цёплых слядах
Ног босых Божых.
Грэюцца на ручніках караваі,
І нябожчык на ручніках
Адплывае
У вякі.
І зямля,
Яшчэ ўсё сырая,
Расу выцірае
Ручніком, які
Сівярáць скразнякі…
Ручнік прыручаны
Давярае
Негаваркому руху рукі.
Жыццё — пераезд з небыцця ў небыццё
Таму й дзень наступны — як вызваленне,
Таму ж і ўначы пачуваешся,
Як у абавязковым астрозе,
Таму й дзякуеш загадзя
За дамавіну лясам,
Таму й дрыжыш рыбаком
Над ветрахвостым уловам,
Таму й не маеш упэўненасці вяртацца.
Унесла мне ў суботу Дамінічка
Свянцоную запаленую свечку.
А заўтра свята яснае —
Вялічка.
Святло сваю
Прадоўжыць з цемрай спрэчку.
І сонейка — чырвонае яечка —
Знясе святая раніца ў аблокі.
Унуччыны анёлкавыя крокі
Пяюць.
Дрыжыць нутром гарачым свечка.
І хочацца памаладзець хадою,
Дастаць ручнік —
Хай куфру крыкне вечка, —
Памыцца з міскі летняю вадою:
На дне ляжыць
Свянцонае яечка…
Смага нажытку зайздросніка смажыць
Болей і болей нажыць.
Толькі не думаюць хціўцы, што нажыць
Доўга не ўлежыць,
Далей пабяжыць.
Ці да суседа,
Што дзецьмі, як бобам,
Густа абсыпаны,
Ці да кумы,
Што са сваім мужыком-дзецяробам
Хоча дажыцца да цёплай зімы.
Вечнае што?
Толькі вечнасць нямая,
Ды не таму, што няма языка,
Проста з імгненнем жадання не мае
Гутарыць,
Нават шкадуе кіўка.
Госць,
Казытнецца касою твой карак,
Век твой пазычаны ледзьве ліпіць.
Вечнасць душу,
Як ад свечкі агарак,
Возьме тваю,
Каб спачатку ляпіць.
Читать дальше